Камэнтатарка папулярнага расейскага інтэрнэт-выданьня gazeta.ru Юлія Латыніна зноў заклікае ўвесьці войскі ў Беларусь для абароны інтарэсаў «Газпрому».
Паўгоду таму яе камэнтар да зімовага газавага крызісу выклікаў бурлівую рэакцыю ў Беларусі.
Цяпер Ю. Латыніна піша: «Можна прыгразіць увесьці ў Беларусь войскі. У вайне, наагул, самой па сабе няма нічога страшнага: страшная прайграная вайна. Стан нашага войска, на жаль, не дае магчымасьці спадзявацца, што мы здольныя выйграць вайну хоць супраць Беларусі, хоць супраць Андоры, але ўсё-такі... чаму б не прыгразіць Беларусі?»
Латыніна піша нібыта жартам, але ад такіх жартаў мароз па скуры.
«Палітыка беларускага прэзыдэнта несяброўская Расеі; ягоныя ўчынкі выходзяць за рамкі міжнароднага права, а выказваньні – за рамкі прыстойнасьці. Ніякай міжнароднай легітымнасьці ён ня мае. У гэтых умовах плян вайны супраць Беларусі патрэбны, як агнягасьнік у хаце. Каб было».
Ю. Латыніна — вядомая ў Расеі журналістка, крытык Пуціна.