Аўторкавы нумар папулярнай гішпанскай газэты «El Correo» пад загалоўкам «Свабоды больш, чым трэба» апавядае сваім чытачам пра жаданьне беларускіх уладаў кантраляваць інтэрнэт-прастору.
«El Correo» піша: «Лукашэнка ня любіць інтэрнэт, як і ўсё, зьвязанае з Захадам. Магчыма таму, што як Эрапейскі Саюз, так і Амэрыка каторы год называюць яго «апошнім дыктатарам Эўропы».
«Для Лукашэнкі гэтая ідэя ня новая, — піша «Correo», — калісьці «бацька» такім чынам абмежаваў трансьляцыю замежнае музыкі ў радыёэфіры беларускіх станцыяў».
Газэта зазначае, што «ў сеціве бываюць у асноўным тыя, хто супраць дыктатуры». «Людзі шукаюць там свабоду, якой так не хапае ў грамадзтве. Але прэзыдэнт былой савецкай рэспублікі кажа, што надышоў час спыніць анархію ў інтэрнэце. Ён кажа, што цяперашні беларускі інтэрнэт — гэта мегафон апазыцыі і Захаду». Напрыканцы выданьне прапануе сваім чытачам самастойна агледзець праблему, зьвярнуўшыся да беларускага інтэрнэту.
Газэту «El Correo» чытаюць у асноўным баскі.