Такую думку выказаў вядомы брытанскі пісьменнік і гісторык Цімаці Гартан Эш, аўтар шэрагу кніг пра дэмакратычную трансфармацыю краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

На мінулым тыдні Цімаці Гартан Эш браў удзел у штогадовым форуме нямецкага Фонду Маршала, які збірае ўплывовых амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў і інтэлектуалаў. У форуме ўдзельнічаў і былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў. У інтэрв’ю «Свабодзе» Цімаці Гартан Эш падзяліўся сваім бачаннем будучыні Еўропы.

Радыё «Свабода»: Ці ёсьць у Еўразвяза матыў для далейшага пашырэння на Усход?

Эш: Так, ёсць. Гэта мае важнае значэнне.

У сувязі са старэннем і скарачэннем насельніцтва ў Заходняй Еўропе стратэгічна нам патрэбнае далейшае пашырэнне, у першую чаргу за кошт Украіны і Турцыі.

РС: Што вы думаеце наконт росту скэптыцызму ў адносінах да ЕС, які цяпер існуе ў многіх ўсходніх суседзяў Еўрасаюза?

Эш: Для танга патрэбныя двое.

Шкада, што Украіна збочыла са шляху, на якім яна разглядалася як сур’ёзны кандыдат у Еўразвяз. Было шмат памкненняў у гэтым кірунку пасля «аранжавай» рэвалюцыі, цяпер яны выпетрыліся.
Польшча была вялікім прыхільнікам украінскага сяброўства ў ЕС. Але гэта вельмі цяжкая задача. Цяпер Украіна гуляе з абодвума бакамі, яна спрабуе і мець пірог, і з’есці яго. У свеце, дзе паўстаюць новыя вялікія дзяржавы, такія як Кітай, Індыя, Паўднёвая Афрыка і Бразілія, у свеце, дзе Захад у цэлым будзе мець меншую долю ўплыву, пашырэнне ў нашых стратэгічных інтарэсах і мы павінны імкнуцца да яго.

РС: Як у будучыні будуць выглядаць стасункі Еўрасаюза з Расеяй?

Эш:

Расея страціла імперыю, але пакуль не знайшла сваёй ролі ў свеце. Расея павінна вырашыць, чым яна хоча быць.
У Вялікабрытаніі гэты выбар заняў таксама пэўны час.
Цяжка страчваць імперыю, Расея страціла сваю вельмі хутка, і выдатна, што страціла мірна.
Толькі тады, калі Расея вызначыцца, ці хоча яна быць імперыяй альтэрнатыўнай цывілізацыі, ці хоча яна больш менш нармальных стасункаў у Еўразіі, мы можам вызначыць нашы доўгатэрміновыя адносіны. Гэта, на мой погляд, магло б быць адмысловае партнёрства.

РС: І як бы магло выглядаць гэтае партнэрства з Расеяй?

Эш: Ніхто гэтага не ведае. Але адразу можна сказаць, што гэта не перспектыва сяброўства Расеі ў ЕС, у адрозненне, напрыклад, ад Турцыі. Мы ведаем, як будаваць адносіны ў Еўропе, якія нарэшце сканчаюцца сяброўствам у Звязе. Гэты шлях прайшлі ўсе краіны-цяперашнія чальцы Звязу, акрамя першых 6 дзяржаваў-заснавальніц. Гэтае тое, што мы павінны мець з Турцыяй, а ў доўгатэрміновай перспектыве — і з Украінай.

РС: Вы ўзгадалі пра такіх суседзяў ЕС, як Украіна і Турцыя. Але што чакае такія краіны рэгіёну, якія ляжаць паміж Еўразвязам і Расеяй, як Беларусь, Малдова, Арменія і Грузія?

Эш: Доўгатэрміновы адказ вельмі лёгкі.

Чым больш свабоднымі робяцца гэтыя краіны, тым большае ў іх імкненне належаць да Еўрасаюза. Калі яны будуць адпавядаць крытэрам сяброўства ў ЕС, яны ўвойдуць у яго. Я магу паспрачацца, што праз 20–25 гадоў яны будуць членамі Еўрасаюза.

Больш складаным зяўляецца пытанне пра каштоўнасьці Еўрасаюза. Да гэтага часу мы казалі, што вы павінны мець ліберальную дэмакратыю, вяршэнства закону, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, рынкавую эканоміку, а потым вы ўступіце ў ЕС. Але паглядзіце цяпер, што адбываецца ўнутры ЕС, ці адпавядае гэтым крытэрыям Венгрыя, ці адпавядала Італія Берлусконі? Можна казаць пра падвойныя стандарты. Вы павінны адпавядаць крытэрыям, калі вы ўступаеце ў ЕС, але як толькі вы ўжо там, вы можаце рабіць, што хочаце.

РС: Ці выжыве еўра?

Эш: Днямі адзін высокапастаўлены французскі палітык трапна заўважыў: «Крызіс еўра скончыўся, крызіс у зоне еўра па-ранейшаму вельмі глыбокі».

Я мяркую, што еўразона выжыве, пытаньне толькі, якім коштам. Асабліва гэта тычыцца грамадстваў паўднёвай Еўропы, якія сапраўды перажываюць велізарныя цяжкасці і дзе ўжо назіраецца пэўная радыкалізацыя палітыкі.

РС: Ці з’яўляюцца перабольшаннем заявы аб надыходзе «стагоддзя Азіі», альбо еўраатлантычны альянс сапраўды прысуджаны да страты ўплыву ў шматпалярным свеце?

Эш: Працэсы непадобныя на тое, як Францыя пераймала лідарства ад Іспаніі, а ЗША — ад Вялікабрытаніі.

Заняпад Амерыкі з’яўляецца адносным, а не абсалютным.
І таму глабальная задача — збудаваць міжнародны парадак, пры якім не будзе аднаго гегемона. Паколькі Азія з’яўляецца не краінай, а паловай чалавецтва, вы не можаце казаць пра азіяцкае стагоддзе, як можна было казаць аб амерыканскім ці брытанскім стагоддзі. Азія складаецца з шэрагу вялікіх дзяржаваў, якія маюць вельмі напружаныя адносіны адна з адной.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?