Сёння ва ўправе БНФ адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды святкавання Дня Волі, на якой члены аргкамітэта расказалі пра мерапрыемствы да 95-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел Аляксей Янукевіч, Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і Віктар Івашкевіч.

«Прыносьце нацыянальную сімволіку»

Асноўным святочным мерапрыемствам стануць шэсце і мітынг у Парку дружбы народаў, якія адбудуцца ў нядзелю 24 сакавіка. Пачатак збору удзельнікаў запланаваны на 12:00 на пляцоўцы ля кінатэатра «Кастрычнік». Прадстаўнікі аргкамітэта абверглі ранейшыя паведамленні СМІ аб забароне выкарыстання нацыянальнай сімволікі падчас мітынга.

«Мінгарвыканкам, спасылаючыся на „Закон аб масавых мерапрыемствах“, асобна абгаварыў выкарыстанне плакатаў, транспарантаў або іншых сродкаў. Што маецца на ўвазе пад „іншымі“ сродкамі ні ў законе, не ў рашэнні не патлумачана. Але пасля кансультацыі з юрыстамі мы хочам заявіць, што не існуе ніякай забароны на выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, перадусім бел-чырвона-белых сцягоў ці і ншых элементаў аздаблення ў нацыянальных колерах, якія ствараюць святочны настрой. Таму мы ад імя аргкамітэта заклікаем карыстацца нацыянальнай сімволікай», — заявіў Юрый Губарэвіч.

Іншая пляцоўка для збору

Арганізатары нагадалі, што Мінгарвыканкам таксама змяніў пляцоўку для збору ўдзельнікаў шэсця: спачатку планавалася рабіць гэта ля ўваходу ў Батанічны сад. Але гэтае месца змянілі на пляцоўку перад кінатэатрам «Кастрычнік». На думку Губарэвіча, гэта «было зроблена наўмысна для ўскладнення арганізацыі мерапрыемства, бо зараз палова плошчы перад кінатэатрам раскапана і нагадвае будоўлю». Для тых, хто мог не даведацца пра новую кропку збору, арганізатары плануюць усталяваць ля ўваходу ў Батанічны сад інфармацыйны стэнд для перанакіроваўвання ўдзельнікаў.

«Скінуцца» на міліцыю і палітвязняў

Таксама арганізатары заявілі пра свае планы прапанаваць усім удзельнікам паўдзельнічаць у аплаце паслуг камунальных службаў.

«Пры выдачы дазволу на мерапрыемства арганізатары абавязаны аплаціць працу медыкаў, міліцыі, МНС, нават службаў азелянення і ўборкі тэрыторыі. Сумы выходзяць буйныя, і ўлічваючы досвед суседніх дзяржаў, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў — гэта не толькі абавязак арганізатараў, але ўсеагульная справа, якая сведчыць пра ступень спеласці грамадзянскай супольнасці, мы звернемся з заклікам паўдзельнічаць у аплаце гэтых абавязковых паслуг», — сказаў Губарэвіч. Для збору сродкаў будзе падрыхтавана спецыяльная скрыня.

«Скінуцца» падчас акцыі можна будзе не толькі на камунальныя службы, але і на падтрымку палітвязняў і іх сем’яў.

Правакацый не плануецца

Арганізатары лічаць, што правакацый быць не павінна. Аргкамітэт заявіў, што на шэсці будзе прысутнічаць міліцыянт, які знаходзіўся ў Мінгарвыканкаме падчас абвяшчэння рашэння па Дні Волі, з якім «на месцы будуць вырашацца бягучыя пытанні». Таксама арганізатары будуць сачыць за правядзеннем мерапрыемства сваімі сіламі.

Музыка будзе, але ціхая

«Гукаўзмацняльная апаратура будзе, але малых памераў, — расказаў Віктар Івашкевіч. — Справа ў тым, што ў міліцыі дагэтуль ляжыць апаратура, канфіскаваная ў мінулым годзе».

Што тычыцца мітынгу ў Парку дружбы народаў, арганізатары не сталі раскрываць планы на мітынг, але і заклікалі праяўляць актыўную ініцыятыву і рыхтаваць нешта сваё. «Павінна быць рэвалюцыйная творчасць мас, і тады мы зможам паўплываць на сітуацыю», — заўважыў Івашкевіч.

«Галоўнае — падняцца з канапы»

«Мяркуючы па леташніх акцыях, прыйдзе некалькі тысячаў чалавек, — заявіў Івашкевіч. — На сёння каля ста тысяч мінчукоў чытаюць незалежныя СМІ, таму інфармацыя для іх ёсць. Пытанне ў тым, каб перабароць уласную ляноту, нейкія ўяўныя страхі і зрабіць гэты крок. Тыя тысячы чалавек, які робяць яго заўсёды, зробяць яго і зараз, бо гэта патрэбна ў першую чаргу, каб паважаць сябе».

«У сацыяльных сетках вялізная колькасць змагароў, якія даюць параду. Тут трэба даць параду сабе, падняць сваё цела з канапы і перанесці яго ў той пункт, дзе будуць астатнія людзі», — заўважыў Лябедзька.

Рэгіёнам адмовілі

Усе асноўныя мерапрыемствы па святкаванні Дня Волі адбудуцца ў Мінску. Аднак рэгіёны засталіся за бортам.

«У Віцебску, Слоніме, Гродна, Магілёве падаваліся заяўкі на правядзенне мітынгаў, але ўсім аргкамітэтам было адмоўлена. Таму хачу заклікаць людзей з суседніх гарадоў прыязджаць на мітынг у Мінск. Але мерапрыемствы ўсё роўна адбудуцца ў форме ўскладання кветак, у форме напісання дыктовак і іншых формах. Дый проста людзі будуць праходзіць побач і бачыць, што нешта адбываецца», — сказаў Янукевіч. Таксама ён запэўніў, што мясцовыя незалежныя СМІ будуць асвятляць Дзень Волі і паведамляць пра мерапрыемствы.

Што яшчэ?

Шэсце 24 сакавіка — не адзінае мерапрыемства, запланаванае да святкавання 95-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР.

22 сакавіка — адкрыццё выставы мастацкай суполкі «Пагоня» (управа БНФ, пачатак а 16:00)

23 сакавіка — навуковая канферэнцыя, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму і паўстанню 1863—1864 гг. (управа БНФ, пачатак а 11:00)

25 сакавіка — ускладанне кветак да помнікаў Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу (пачатак, а 11:00), а затым — выніковая канферэнцыя (управа БНФ, пачатак а 15:00)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?