Генеральная пракуратура Швецыі абвясціла 19 сакавіка пра пачатак расследавання па справе аб незаконным перасячэнні ў пачатку ліпеня 2012 літоўска-беларускай мяжы самалётам, якім кіраваў шведскі экіпаж. З борта гэтага самалёта, нагадаем, над Беларуссю былі скінутыя сотні плюшавых мішак, да якіх былі прымацаваныя запіскі з лозунгамі ў падтрымку свабоды слова.

У пачатку студзеня 2013 літоўская Генпракуратура, якую беларускія ўлады заклікалі расследаваць інцыдэнт, заявіла, што правяла усе магчымыя дзеянні ў рамках крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны пераслед магчымы толькі ў Швецыі. Літоўскія пракуроры прызналі падазраванымі двух чалавек, жыхароў Швецыі. У сувязі з гэтым Літва звярнулася ў кампетэнтныя органы Швецыі з просьбай працягнуць крымінальнае расследаванне.

«У адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, паміж Швецыяй і Літвой існуе прававая база для правядзення расследавання шведскім бокам, улічваючы тое, што гаворка ідзе пра шведскіх грамадзянаў», — цытуе агенцтва Франс Прэс сённяшнюю заяву шведскай генпракуратуры. Характэрна, што

раней у бюро пракурора Стакгольма заяўлялі, што шведская юстыцыя не мае прамога дачынення да справы аб «плюшавым дэсанце», паколькі інцыдэнт адбыўся за мяжой.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён прабыў у паветранай прасторы краіны паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на ​​тое, што ваенныя і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа. 13 ліпеня ў рамках расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома аб затрыманні рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё. 31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна. 1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-шведскі дыпламатычны скандал. 17 жніўня КДБ змяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

У лютым 2013 старшы прапаршчык пагранслужбы, які не паведаміў ваенным аб перасячэнні мяжы шведскім самалётам раніцай 4 ліпеня 2012 года, прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?