І гэта каштуе 750 тыс. даляраў

І гэта каштуе 750 тыс. даляраў

Комплексная рэканструкцыя пачалася.

Комплексная рэканструкцыя пачалася.

На некаторых пляцах ужо выраслі сучасныя катэджы.

На некаторых пляцах ужо выраслі сучасныя катэджы.

Можна толькі сабе ўявіць, колькі каштуе гэты ўчастак на самым беразе вадасховішча.

Можна толькі сабе ўявіць, колькі каштуе гэты ўчастак на самым беразе вадасховішча.

Участак з відам на «Мінск-Арэну».

Участак з відам на «Мінск-Арэну».

Вуліца Вяснінка — былая вёска — месціцца праз поле ад Драздоў. Ёй, вядома, далёка да бляску і дагледжанасці «Царскага сяла». Тратуары ў Вяснінцы нячышчаныя, дарогі разбітыя, тут і там бачацца закінутыя, а то і напаўразбураныя хаты.

Але няхай вас не ўводзіць у зман непрэзентабельны выгляд. Зямля тут каштуе сотні тысяч даляраў.

Вось, напрыклад, звычайны драўляны дамок з цаглянай прыбудовай па адрасе Вяснінка, 9. Участак плошчай 15 сотак, на якім стаіць хата, прадаецца за $750 тысяч. Газ і вада да ўчастка не падведзеныя, але адпаведныя камунікацыі побач ёсць.

Дом №29 па той самай вуліцы выглядае прывабней, на ўчастак плошчай 12,5 соткі падведзены газ. Гаспадар прадае жытло пад знос. Цана — $520 тысяч.

Рыэлтары тлумачаць дарагавізну зямлі на Вяснінцы суседствам Драздоў, дзе атрымалі дамы ўсе высокія чыноўнікі і блізкія да ўлады бізнэсоўцы, спартоўцы і дактары.
Там соткі каштуюць яшчэ даражэй. Гэтае месца — ласы кавалак. Зусім побач Дразды, гандлёва-забаўляльныя цэнтры, Заслаўскае вадасховішча. Акрамя таго, зручнае транспартнае злучэнне з цэнтрам горада.

Сярод пахіленых халупаў на Вяснінцы ўжо паўстаў добры дзясятак дарагіх катэджаў. Некаторыя з іх пакуль хаваюцца за кронамі старых садоў і вясковых хат. Але выглядае, што гэта часовыя нязручнасці для новых жыхароў вуліцы.

Сямён Печанко

Паводле Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, тэрыторыя жылой сядзібнай забудовы ў межах вул. Вяснінка — зав. Вяснінка — пр. Пераможцаў будзе забудаваная пад жытло і аб’екты грамадскага прызначэння.

Уздоўж праспекта Пераможцаў захаваецца паркавая зона. Старыя сядзібы Вяснінкі не падлягаюць зносу.

У пачатку мая мусіць быць скончаная 1-я чарга комплекснай рэканструкцыі кварталаў сядзібнай забудовы.

* * *

«Cталінка» насупраць рэзідэнцыі каштуе $2,1 мільёна

Рэйтынг самых дарагіх кватэр у кожнай з абласцей краіны.

Нерухомасць у Беларусі даражэе ўслед за ростам заробкаў. Сярэдняя цана квадратнага метра ў сталіцы вось-вось пераадолее сімвалічную мяжу ў $1500. Рэальная цана ўгодаў ніжэйшая на $30—60, аднак расце і яна.

Паводле звестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва, па выніках 2012 кошт квадратнага метра кватэр у Мінску склаў у сярэднім $1372. Па гэтым паказчыку сталіца апярэджвае іншыя гарады краіны ледзь не ўдвая.

Самая дарагая сталічная кватэра — двухузроўневы цагляны асабняк агульнай плошчай 300 м2, які ўтварыўся шляхам аб’яднання дзвюх «сталінак» на Вайсковым завулку.
Гэта раён плошчы Перамогі, наўпрост насупраць рэкордна дарагой кватэры знаходзіцца гасцявая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Ахвотных выкласці два мільёны даляраў не бачна, таму ўласнікі патроху скідаюць цану.

Зрэшты, у Мінску няма праблем з прапановай новабудоўляў. Сярэдняя цана квадратнага метра ў іх складае $1400, але можна адшукаць як «элітныя», так і параўнальна недарагія прапановы (каля $1200).

Бюджэтныя новабудоўлі ў сталіцы могуць канкураваць з камерцыйным жыллём у рэгіёнах. Забудоўшчыкі ў абласных цэнтрах просяць каля $1000 за квадратны метр. Дзяржаўныя будтрэсты тым часам будуюць панэльныя дамы для чаргавікоў па $600—650. Гэта танней за сярэднія цэны ў гарадах.

Сярод астатніх гарадоў Беларусі нерухомасць даражэйшая на захадзе краіны, у Брэсце і Гродне, — па $796 за м2, аднак колькасць прададзеных кватэр у горадзе на Нёмане большая. Дарэчы, самая дарагая кватэра ў Гродне каштуе $280 тысяч.
Гэта трохпакаёўка плошчай 140 м2, пабудаваная пяць гадоў таму ў раёне аўтавакзала і Скідзельскага рынку. Высокая цана дасягаецца за кошт унутранага аздаблення — два санвузлы, джакузі, мэбля, убудаваныя шафы…

Брэсцкі рэкардсмен, чатырох-пакаёўка такой самай плошчы, прадаецца за $225 тысяч. Скураная мэбля, дубовы паркет, падлога з падагрэвам… Кватэра знаходзіцца на ўездзе ў горад з боку Мінска, каля Мухаўца.

Салігорск, горад з самым высокім сярэднім заробкам, абагнаў тры абласныя цэнтры.
У горадзе «Беларуськалія» кватэры прадаваліся па $773 за м2. І гэта ўнікальны выпадак для Беларусі — сярэдні месячны заробак ($740 у снежні ў раёне) прыблізна роўны кошту квадратнага метра. Да такой раўнавагі імкнуцца ў заходніх краінах. А вось самая дарагая кватэра ў Салігорску каштавала не больш за $90 тысяч.
Кватэры ў Віцебску і Гомелі ідуць прыкладна ў адной вагавай катэгорыі ($740 і $728 за метр адпаведна).
Вось толькі ў паўднёвым горадзе цана за трохпакаёўку з ружовым санвузлом на праспекце Леніна складае $225 тысяч, а ў паўночным самая дарагая кватэра каштуе ўсяго $125 тысяч. Праўда, трохпакаёўка на Гагарына прадаецца без аздаблення — голыя сцены.
Нарэшце, у Магілёве сярэдняя цана квадратнага метра зафіксавана на адзнацы $691.
Горад ненашмат адарваўся ад буйных райцэнтраў. Самая дарагая кватэра ў ім каштуе $200 тысяч. Гэта пяціпакаёўка на Ленінскай агульнай плошчай 200 квадратных метраў.

Ягор Марціновіч

* * *

Самыя дарагія гарады Беларусі

па кошце нерухомасці на другасным рынку (за 2012 год), цана ў далярах за кв. метр

1. Мінск 1372
2. Гродна 796
3. Брэст 796
4. Салігорск 773
5. Віцебск 740
6. Гомель 728
7. Магілёў 691
8. Маладзечна 678
9. Жодзіна 674
10. Ліда 618
11. Наваполацк 601
12. Баранавічы 585
13. Барысаў 584
14. Жлобін 565
15. Полацк 565
16. Пінск 557
17. Бяроза 538
18. Слуцк 536
19. Мазыр 528
20. Ваўкавыск 523

***

Пустыя ўчасткі пад Мінскам прадаюць па $70 тысяч

Як двухпакаёўку ў спальным раёне.

Зямельныя надзелы пад Мінскам заўсёды карысталіся попытам. Аднак цяпер цана б’е ўсе рэкорды.

Зямельны ўчастак плошчай 0,15 га пасярод Бараўлянаў (некалькі кіламетраў на поўнач ад Мінска) на адкрытым аўкцыёне каштаваў… 600 мільёнаў рублёў! Гэта каля $70 тысяч.

Як тлумачаць у сельсавеце, такая высокая цана атрымалася, бо да ўчастка ўжо праведзеныя ўсе камунікацыі.
«Можа, там нейкае адметнае месца?» — «Ды не, проста ўчастак пасярод вёскі». Ахвотных заплаціць шалёныя грошы пакуль не знайшлося.

Цяпер за $70 тысяч прадаецца ўчастак у Раўбічах. Гэта непадалёку ад Бараўлянаў. Туды таксама праведзеныя камунікацыі.

Звыклая цана на аўкцыёне на пустыя ўчасткі ў суседніх прэстыжных вёсках утрая меншая. Але пра электрычнасць з газам давядзецца клапаціцца самому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0