Інфляцыя — адзін з асноўных паказчыкаў эканомікі, які сведчыць пра яе стабільнасць. Ад яе залежыць стаўка рэфінансавання, а значыцца, і даступнасць крэдытаў.
Беларусь можна разглядаць як прыклад таго, чаго не варта рабіць у эканоміцы. Наша інфляцыя падыходзіць пад азначэнне «гіперінфляцыі». Гэта рост цэн больш чым на 100% за тры гады.
Афіцыйная статыстыка сведчыць, што інфляцыя ў Беларусі па стане на люты 2013 складае 4,3%. Лічба невысокая, але яна дасягаецца толькі таму, што па методыцы Белстата штогод 1 студзеня адбываецца «абнуленне» інфляцыі.
А вось у заходняй традыцыі публікацыя гадавой інфляцыі. Гэта значыцца цэны ў лютым гэтага года параўноўваюцца з цэнамі ў лютым мінулага года. Па такой методыцы падліку інфляцыя ў Беларусі складае 22,7%.
Гэта найбольшы паказчык сярод еўрапейскіх дзяржаў. У наступнай краіне з нестабільнай эканомікай, Сербіі, цэны выраслі на 12,4%. Яшчэ чатыры краіны, Турцыя, Расія, Ісландыя і Венгрыя, маюць гадавую інфляцыю вышэй за 5%. Усе астатнія — меншую.
У Еўрасаюзе ў сярэднім цэны за год выраслі на 2%. Паказчык, недасягальны для нашай краіны з інфляцыйнай мадэллю развіцця.
На супрацьлеглым баку ад Беларусі ў рэйтынгу знаходзяцца Швейцарыя і суседняя Украіна. У гэтых краінах цэны за апошнія год нават зменшыліся.