Некалькі дзён таму з’явіліся звесткі пра колькасць беларусаў з відам на жыхарства ў краінах ЕС і ЗША. Яны могуць паказацца шакуючымі: колькасць нашых суграмадзян з правам пастаяннага пражывання ў ЕС павялічылася амаль удвая за тры гады (з 58 тысячаў у 2008 годзе да 116 тысячаў у 2012). А ЗША за 2011 выдала грын-карты 1710 беларусам. І гэта толькі грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства. А ёсць яшчэ тыя, што ўжо атрымалі грамадзянства. Ёсць і невялікая лічба тых, што працуюць нелегальна.

Заходні кірунак

Калі прааналізаваць дынаміку, то атрымліваецца, што кожны год на пражыванне ў ЕС пераязджае каля 20 тысяч беларусаў. Праўда, у статыстычныя звесткі агенцтва Еўрастат улічваюцца таксама доўгатэрміновыя нацыянальныя візы, выдадзеныя Польшчай. “Менавіта яны складаюць ільвіную долю ад агульных лічбаў, але далёка не ўсе іх уладальнікі, як і ўладальнікі Карты паляка, пражываюць у Польшчы. Таму рэальная колькасць беларусаў, што пераехалі ў ЕС, меншая”, — заўважае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS) Андрэй Елісееў.

Сапраўды, са 116 тысяч аселых у ЕС беларусаў амаль палова прыходзіцца на Польшчу. Другое месца займае Германія з 16 тысячамі легальных мігрантаў з Беларусі. Аднак трэба мець на ўвазе, што у выпадку з ЕС улічвалася колькасць відаў на жыхарства, дзейсных у 2011 годзе.

“Па ЗША ёсць больш агульныя лічбы: пры нядаўнім абследванні хатніх гаспадарак было ўстаноўлена, што ў ЗША пражываюць каля 60 тысячаў чалавек, што нарадзіліся ў Беларусі. 90% з із пераехела ў Злучаныя Штаты ў 1990 годзе ці пазней”, — паведаміў Елісееў. “Што тычыцца беларусаў-нелегалаў у ЕС, дакладнай лічбы, на жаль няма. Але іх колькасць вельмі малая. Нашмат меньшая за колькасць нелегальных мігрантаў з той жа Украіны”.

Усходні кірунак

Праз адсутнасць пагранічнага кантролю з Расіяй цяжка адсачыць колькасць беларусаў, якія з’язджаюць у гэту краіну. Па словах Елісеева, эксперты часцей за ўсё пагаджаюцца на лічбе ў 200-300 тысячаў чалавек. Гэта тыя людзі, якія працуюць у Расіі цяпер ці працавалі ў мінулым годзе. Але Расія застаецца найбуйнейшым рэцыпіентам беларускіх працоўнай сілы. “Каля 70-90% часовых працоўных мігрантаў едуць у Расію. Міграцыя са зменай места жыхарства больш дыверсіфікавана”.

Міграцыйныя настроі не мяняюцца

“Насамрэч, міграцыйныя настроі насельніцтва не мяняюцца з гадамі”, — заўважае эксперт. Паводле нядаўна апублікаваных даследаванняў BISS, у 2012 годзе 35,6% беларусаў выказвалі жаданне выехаць за мяжу (у 1998 годзе гэты паказчык быў роўным 44,8%, а ў 2006 — 30,2%). 15,1% беларусаў хацелі з’ехаць на ПМЖ у іншую краіну. Але эксперты называюць такія настроі пасіўнымі, бо гэта нічым не падмацаванае жаданне, выказанае падчас апытання.

“На жаль, у даследаванні 2012 года не было падзелу на пасіўныя і актыўныя міграцыйныя настроі, але ў 2006 і 1998 гадах толькі 40% з тых, што выказалі жаданне з’ехаць, рабілі нейкія практычныя крокі: вучылі замежныя мовы, здабывалі інфармацыю пра краіну”, — паведаміў Андрэй Елісееў.

Падставы для трывогі

Асноўную ж трывогу павінен выклікаць не сам факт эміграцыі — яе маштабы, па словах Елісеева, параўнальныя з эміграцыяй з Украіны ці Расіі. Аднак, паводле статыстыкі тыя, хто з’язджаюць ці жадаюць з’ехаць — “вяршкі” нацыі: добра адукаваныя і дасведчаныя прафесіяналы, якія складаюць авангард любога грамадства.

“Гэта пацвярджаецца і афіцыйнай статыстыкай. Кожны трэці эмігрант, што пакінуў Беларусь з 2000 па 2010 год меў вышэйшую адукацыю”. Таксама існуе раздзяленне па кірунках: на Захад едуць высокакваліфікаваныя спецыялісты, а ў Расію — у асноўным людзі з сярэднеспецыяльнай адукацыяй: будаўнікі, кіроўцы і г.д.

“Рухавіком” міграцыі застаюцца грошы: 80,6% назвалі падставай для эміграцыі незадаволенаць матэрыяльным становішчам , праца людзей недаацэньваецца. Даследаванне сцвярджае, што пры заробку 10 млн рублёў (пры нязменных цэнах) 65,3% патэнцыйных мігрантаў адраклося б сваіх намераў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?