Прэзідэнт Кыргызстана заявіў, што ў краіне немагчымая стабільнасць з абыякавым стаўленнем некаторых грамадзян да дзяржаўнай мовы. Алмазбек Атамбаеў адзначыў, што незалежна ад нацыянальнасці грамадзяне павінны валодаць кыргызскай мовай.

Аснова шматнацыянальнага Кыргызстана — кыргызы. Падабаецца гэта ці не, валодаць дзяржаўнай мовай неабходна. Вядома, мы павінны стварыць умовы. Толькі захацелі ўвесці дакументаабарот на кыргызскай мове ў адным сяле ў Нарынскай вобласці, як у газетах пачалі пісаць усякае. Некаторыя жыхары Кыргызстана, палітыкі, не саромеючыся ўздымаюць шум, звяртаючыся ў Расію і яе амбасаду ... Гэта ганебна», — сказаў прэзідэнт.

Гэтае выказванне прагучала ў часе пасяджэння Рады абароны Кыргызстана, дзе абмяркоўвалася канцэпцыя ўмацавання міжэтнічных дачыненняў.

На мінулым тыдні парламент краіны ў другім чытанні ўхваліў папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай мове». З-за гэтага парламент пачалі крытыкаваць этнічныя расійцы і расійскамоўныя прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

Згодна з папраўкамі, дзяржаўныя службоўцы будуць павінны здаваць іспыт на веданне дзяржаўнай мовы, а афіцыйныя сустрэчы павінны будуць праводзіцца на кыргызскай мове.
Акрамя таго, законапраект патрабуе, каб у вышэйшых органах улады і органах мясцовага самакіравання арыгіналы дакументаў рыхтаваліся на дзяржаўнай мове.

Канцэпцыя ўмацавання міжэтнічных адносін, ухваленая Радай абароны, была распрацаваная на аснове некалькіх праектаў, прапанаваных дэпутатамі і Асамблеяй народа Кыргызстана. Асноўная мэта канцэпцыі — «забеспячэнне нацыянальнага адзінства праз паляпшэнне міжэтнічных адносін, захаванне культурнай спадчыны і этнічнай разнастайнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?