Напярэдаднi 115‑га юбiлею з дня нараджэння Максiма Гарэцкага мы пабывалі у вёсцы Малая Багацькаўка Мсцiслаўскага раёна, дзе зараз знаходзiцца музей‑сядзiба пiсьменнiка.

Па ўспамiнах пісьменніка, хата, у якой жыла сям’я Гарэцкiх, была цесная, з замшэлай саламянай страхой, з земляной падлогаю i маленькiмi акенцамi на адну шыбу. Асвятлялася хата лучынаю. Але менавiта ў гэтай хаце маленькi Максiм быў на ўсё жыццё зачараваны дзiвоснымi казкамi, цiхiмi песнямi сваёй матулi Ефрасiннi. Матуля пакiнула ў спадчыну Максiму 318 песень, якiя ўвайшлi ў кнiгу «Народныя песнi з мелодыямi» (1928).

Менавiта ў гэтай хаце юны Гарэцкi спрабуе пiсаць свае першыя творы, у тым лiку i вершы. I толькi ў 1912 годзе ён адважыўся i пачаў дасылаць у «Нашу Нiву» нататкi i допiсы пад псеўданiмам «Беларус». У iх — аповед пра жыццё ў Горацкiм i Мсцiслаўскiм паветах.

Лiтаратурны музей Максiма Гарэцкага пабудаваны на тым месцы, дзе знаходзiлася хата сям’i пiсьменнiка. Шкада, сялянская хата не падобная на тую маленькую i родную хатку пiсьменнiка. У музеi толькi ў пэўнай ступенi адлюстроўваецца сялянская пабудова, тыповая для вёскi Малая Багацькаўка. У адной палове хаты знаходзiцца мноства дакументаў, успамiнаў, якiя даюць магчымасць прасачыць жыццёвы i творчы шлях пiсьменнiка, у другой — кавалачак сялянскага быту тых часоў. Вялiкая печ, засланая дзвюма посцiлкамi з арнаментам, дзiцячая люлька, вышываныя ручнiкi, абраз... Ёсць тут скрыпка i балалайка, на якiх цудоўна граў Максiм. Пасярод хаты стаiць невялiчкi стол, накрыты абрусам. На iм у шклянцы маленькi букецiк засушаных кветак. Побач са сталом — драўляная этажэрка, на якой палатняны мяшэчак з зямлёю з месца расстрэлу рэпрэсаваных у Вязьме. Гэты падарунак зрабiла дэлегацыя з горада Вязьма ў дзень адкрыцця музея. Ёсць тут i нумары «Звязды»: Максiм Гарэцкi з жнiўня 1918 года быў супрацоўнiкам газеты.

На жаль, мемарыяльных рэчаў сям’i Гарэцкiх амаль не захавалася. У музеi выкарыстоўваюцца экспанаты, тыповыя для хатняга ўжытку ў вёсцы Малая Багацькаўка. Мноства экспанатаў сядзiбе пасля 110‑гадовага юбiлею прыйшлося вяртаць яе старым уладальнiкам — рэспублiканскiм музеям i музеям Магiлёўшчыны.

— У апошнi час у нас наведвальнiкаў хапае, — расказвае загадчык фiлiяла музея‑сядзiбы Максiма Гарэцкага Уладзiмiр Лiўшыц. — Жыхары Мсцiслаўскага i Горацкага раёнаў экскурсii ладзяць часта. Гэта i школьнiкi, i студэнты, настаўнiкi i выкладчыкi.

Да 115‑гадовага юбiлею ў музеi плануецца правесцi капiтальны рамонт. На месцы старой хаты з’явiцца новы будынак, а экспазiцыя, якая не абнаўлялася амаль пятнаццаць гадоў, папоўнiцца новымi экспанатамi. «Музей працуе з 1993 года, — каментуе Уладзiмiр Маiсеевiч, — экспазiцыя састарэла i маральна, i матэрыяльна».

Алесь Адамовiч аднойчы зазначыў: «Максiму Гарэцкаму належыць месца адно з важнейшых: месца класiка беларускай лiтаратуры. Побач з Купалам, Коласам, Багдановiчам». I будзе шкада забыцца пра юбiлей нашага таленавiтага земляка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?