Ёсць у Мінску будынкі, пра якія не тое што гісторыйкі складаць — згадваць не хочацца. Напрыклад, Палац Рэспублікі. Любоўна званы мінчанамі «саркафагам» і да болю падобны да маўзалея Атацюрка, ён назаўсёды сапсаваў цэнтральную частку горада.

Пісаць пра яго рука не падымаецца, але і не абыйдзеш ніяк — і не толькі таму, што памерам вялікі.

У яго сценах жывуць сотні прывідаў, і кожны патрабуе сваёй мемарыяльнай дошкі. «Тут стаяў…», «Тут была…», «Тут жылі…»
Пра ўсіх не раскажаш, але адну прапусціць ніяк нельга.

Палац Рэспублікі разваліў не толькі Цэнтральную плошчу, але і ўвесь цэнтр горада.
Прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца ўваход у палац, проста па лініі яго фасада, да вайны пралягала вуліца са звонкай назвай Камуністычная.
На захадзе яна ўпіралася ў Ленінскую, а на ўсходзе — у цяперашнюю Янкі Купалы. У вайну вуліца была моцна пашкоджаная, таму яе вырашылі зусім прыбраць з карты горада. Так паўстала плошча, на якой да канца стагоддзя і вырас Палац.

Да вайны тут праходзіла Камуністычная вуліца.

За даўнасцю гадоў з памяці гараджан выветрылася не толькі зніклая вуліца, але і дзіўны дом, які прастаяў на ёй амаль чатыры стагоддзі.

І толькі прастадушныя пасляваенныя даведнікі нязменна нагадвалі пра тое, што ў часе Паўночнай вайны ў доме на Камуністычнай спыняўся Пётр I. Складальнікі не бачылі ў гэтым супярэчнасці — камунізм быў такім жа ілюзорным, як Вялікі Пётр.
Спачатку вуліца называлася Юраўская, а двухпавярховы дом, пра які ішла гаворка ў даведніках, лічыўся за адзін з самых старых каменных будынкаў у горадзе.
Узведзены ён быў на месцы яшчэ больш старажытнага, драўлянага, які належаў мінскаму ваяводу Мікалаю Сапегу. Гараджане так яго і называлі — дом Сапегаў.

У апошняй чвэрці XVII стагоддзя ў доме, які славіўся сваім садам з чорнымі грушамі, служыў садоўнікам нехта Самойла Скаўранчук.

Не спяшайцеся зазіраць у беларускую Вікіпедыю: усё, што пра яго вядома, укладаецца ў дзве-тры фразы і да Мінска дачынення не мае. Таму вам давядзецца паверыць мне на слова, як я паверыў тым, ад каго пачуў гэтую дзіўную гісторыю.

Пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя кафэшантан «Акварыум» знаходзіўся непадалёк ад дома Сапегаў.

Такім чынам,

прыкладна ў 1680 годзе Скаўранчук з невядомых прычынаў перабраўся з сям’ёй з Мінска ў Ліфляндыю,
дзе зняў невялікі домік і хацеў быў заняцца садоўніцтвам, але неўзабаве памёр. Незадоўга да смерці ў яго нарадзілася дачка Марта. Пра яе і пойдзе гаворка.

У Вікіпедыі жыццё дачкі прадстаўленае нашмат багацей, чым жыццё яе бацькі. Толькі

шукаць трэба не Скаўранчук, а Скаўронскую: змяніўшы канчатак прозвішча, наша гераіня надала яму высакароднае шляхецкае гучанне.

У артыкуле з вольнай энцыклапедыі вы прачытаеце, як сямнаццацігадовую Марту выдалі замуж за шведскага драгуна і як той неўзабаве знік у бітве пры Марыенбургу, як па чарзе паклалі вока на маладзенькую служанку расійскі фельдмаршал Шарамецьеў, князь Меншыкаў, а потым і сам цар Пётр I, і нарэшце пра тое, як сялянка-палюбоўніца стала маці царскіх дзяцей і жонкай расійскага цара.


Князь Меншыкаў і фельдмаршал Шарамецьеў.
Прыняўшы праваслаўе, Марта назвалася Кацярынай. За дваццаць гадоў з кухаркі і праллі яна ператварылася ў Кацярыну I — першую расійскую імператрыцу.

З партрэтаў на нас глядзіць круглатварая непрыгожая жанчына з жывымі вачыма. Калі яна чым і прыцягвала сваіх шматлікіх каханкаў, то дакладна не вонкавай высакароднасцю. Сялянскія рысы з узростам зрабіліся толькі лепш бачнымі.

Мяркуючы з апісанняў, яна мела характар сапраўднай ліцвінкі: была цярплівая, недакучлівая, вясёлая, працавітая і выдатна разумела мужчын.

Ордэн святой Кацярыны быў заснаваны Пятром I у гонар жонкі.
Спрэчкі пра паходжанне Марты Скаўронскай не сціхаюць да гэтага часу. Яе бацьку запісваюць то латышом, то эстонцам, а то і зусім скандынавам.
Мінская версія ў гісторыкаў стаіць ледзь не на апошнім месцы.

Але ёсць адзін эпізод, на які чамусьці ніхто не звяртае ўвагі.

Апошні з фаварытаў імператрыцы нарадзіўся ў год замужжа юнай Марты ў Марыенбургу. Звалі маладога чалавека Пятром Паўлам. У Пецярбург яго прывёз бацька, Ян Казімір Сапега — у мінулым вялікі гетман літоўскі, адзін з самых яркіх прадстаўнікоў роду Сапегаў.


Ян Казімір Сапега — вялікі гетман Літоўскі, фельдмаршал Расійскі.
Неўзабаве пасля прыезду ў расійскую сталіцу Ян Казімір атрымаў з рук імператрыцы фельдмаршальскае жазло.
Ні дня не праслужыўшы ў расійскай арміі, саноўны ліцвін быў удастоены найвышэйшага воінскага звання Расійскай імперыі.
Вядома, што прычынай узвышэння стала асабістая паслуга, якую ён аказаў імператрыцы. Але нямногія ведаюць, у чым яна заключалася: менавіта Ян Казімір дапамог адшукаць сясцёр і братоў Марты-Кацярыны.

Трэба сказаць, зрабіць гэта будучаму фельдмаршалу было прасцей, чым камусьці іншаму: сярод яго шматлікай рухомай і нерухомай маёмасці быў і дом па вуліцы Юраўскай у Мінску. Стаяў ён прыкладна там, дзе цяпер знаходзіцца правы далёкі кут Палаца Рэспублікі. У ім, мяркуючы па ўсім, і нарадзіліся старэйшыя браты і сёстры будучай імператрыцы.


Дом Сапегаў. Малюнак польскага мастака Караля Біске. Пачатак ХХ стагоддзя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?