Вызвалення беларускіх палітвязняў «чакае не толькі Еўрасаюз, але і ўвесь свет»,
заявіў пасол Італіі Арнальда Абеці журналістам 22 сакавіка ў Мінску.

Пры гэтым ён адзначыў: працягваючы настойваць на вызваленні палітвязняў,

ЕС таксама шукае «і іншыя каналы для выпраўлення сітуацыі, якая нікому не прыносіць карысці».

«Я згодны з меркаваннем, што ўсё ж неабходны дыялог. Гэта не азначае, што я не бачу існуючых негатыўных момантаў, але так як я арыентуюся на пошук рашэння, якое задаволіць абодва бакі, то я на баку захавання крытычнага дыялогу.

Нельга зачыняць дзверы, неабходна выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці. Але вызваленне палітвязняў абавязкова павінна адбыцца», — падкрэсліў Абеці.

Дыпламат нагадаў, што да таго, як была жорстка разагнаная акцыя пратэсту пасля выбараў 19 снежня 2010 года, Беларусь і Еўрасаюз вялі даволі паспяховы дыялог. Па гэтай прычыне зараз Еўрасаюз «асцерагаецца рабіць нейкія крокі і дзеянні да таго, як будуць адпушчаныя палітвязні», заявіў пасол Італіі. «Сама ідэя, што такія падзеі могуць зноў паўтарыцца, успрымаецца вельмі негатыўна», — сказаў Абеці.

На пытанне, як ён ставіцца да таго, што міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея могуць выключыць са спісу асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, Абеці адказаў:

«Я вельмі паважаю спадара Макея, лічу яго разумным чалавекам. Мяркую, што яму трэба дазволіць ўезд у ЕС, каб была магчымасць вядзення дыялогу».

На ўдакладняючае пытанне, ці з’яўляецца гэта выказванне яго асабістым пунктам гледжання або пазіцыяй Італіі, Абеці падкрэсліў: «Думаю, што пазіцыя Італіі, і не толькі Італіі, менавіта такая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?