Магчыма, некалі гісторыю Беларусі часоў Лукашэнкі будуць пэрыядызаваць прамежкамі часу паміж газавымі войнамі. Зараз мы зноў уступілі ў міжваенны пэрыяд.

Памятаеце, як Мюнхаўзэн у фільме Марка Захарава плянаваў на 16.00 вайну з Ангельшчынай? Дык вось, "Независимая газета", аналізуючы падзеі пачатку жніўня, сьцьвярджае, што гэта сама і Менск цалкам сьвядома, зь цьвярозым разьлікам пайшоў у рожкі з Крамлём. Ва ўсякім разе, ператварэньне выплаты запазыкі — гэтай банальнай бухгальтарскай працэдуры — у шэкспіраўскую драму прынесла беларускаму кіраўніку пэўны піяраўскі плён.

Дарэчы, Пуцін даў асымэтрычны адказ на "тлустых катоў", назваўшы транзытныя краіны паразытамі. І пацьвердзіў жорсткі намер скасаваць субсыдыі. Між іншым, і замест доўгачаканага крэдыту Масква зараз можа з асалодай даць дулю. Скажуць: як мы пастрашылі, дык у вас і грошыкі адразу знайшліся, а то ўсё прыбядняліся… Няма чаго прыдурвацца!

Гэта можа даць зачэпку для новага канфлікту на глебе энэргапаставак. І ня толькі на ёй. Выбухованебясьпечных пытаньняў багата (чаму, напрыклад, наш цукар заблякавалі ці цукеркі — патрэбнае падкрэсьліць:) Уся рыторыка Менску цягам мінулых дзён рыхтавала маральна-псыхалягічную глебу пад наступнае сутыкненьне. Электарату даводзілі, што насамрэч круцельствам займаецца Пуцін, які абяцаў даць крэдыт і ня даў.

Абяцанкі, вядома ж, да справы не падшыеш. Іх ніяк нельга ставіць на адну роўніцу з прапісанымі ў кантрактах абавязкамі. Прычым "Газпром" нічога не абяцаў, а за Пуціна ён не адказвае. Ён хоча законныя грошы на бочку. Але шараговы электарат такіх нюансаў не разьбірае. У масавай сьвядомасьці беларусаў застаецца яркі зьбіральны вобраз тлустых катоў-махляроў з Масквы: "Усе яны там добрыя цацы!"

Піяр па-свойму пісьменны, хоць і па лязу нажа. Зь іншага боку, усе гэтыя модныя паліталягічныя вэрсіі, што Пуцін ня хоча пакідаць наступніку "беларускую праблему" (эўфэмізм празрысты), падаюцца дастаткова спэкуляцыйнымі. Блізка локаць, ды ня ўкусіш! (Каб не расьцякацца думкаю па дрэву, кідаю, каму цікава, спасылку на дыскусію ў "Праскім акцэнце".)

Маскоўскі аналітык Вадзім Дубноў гаворыць пра сымбіёз двух рэжымаў. Дадамо: з прыкметамі садамазахізму. Б'юцца раз-пораз, а жыць адзін без аднаго ня могуць. ("…Але вусны ня хочуць казаць "Гуд бай, Раша!" — так называўся адзін з маіх нядаўніх постынгаў.) Схема простая: беларуская мадэль капітальна падсела на расейскую іголку, а Масква, у сваю чаргу, безнадзейна пакутуе на імпэрскую фобію страты "беларускага пляцдарму". Вось такая мёртвая счэпка на тле пратубэранцаў узаемнай нянавісьці кіроўных пэрсаналіяў.

Як зазначае наш палітоляг Валер Карбалевіч, "калі канфліктагеннасьць закладзена ў самой матрыцы дачыненьняў, то патрэбна хіба нагода". Так што "тлустыя каты" яшчэ адкажуць за "паразытаў".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?