Ад былой велічы Раёўкі, заснаванай ў канцы ХІХ ст., не засталося і знаку.

Ад былой велічы Раёўкі, заснаванай ў канцы ХІХ ст., не засталося і знаку.

Работніцы, якім не абыякавы лёс фабрыкі.

Работніцы, якім не абыякавы лёс фабрыкі.

Работніцы, якім не абыякавы яе лёс фабрыкі.

Работніцы, якім не абыякавы яе лёс фабрыкі.

Трактарыст Лёня.

Трактарыст Лёня.

Судовае рашэнне.

Судовае рашэнне.

Занядбаныя памяшканні.

Занядбаныя памяшканні.

Кантора для кіраўніцтва, пабудаваная ў 1980-я, таксама паціху развальваецца.

Кантора для кіраўніцтва, пабудаваная ў 1980-я, таксама паціху развальваецца.

Галоўная вуліца Раёўкі — Леніна — пустынная цяпер. 20 гадоў таму тут таксама віравала жыццё.

Галоўная вуліца Раёўкі — Леніна — пустынная цяпер. 20 гадоў таму тут таксама віравала жыццё.

Школа, заснаваная ў 1955 г., налічвае зараз 70 вучняў, 20 гадоў таму было 170.

Школа, заснаваная ў 1955 г., налічвае зараз 70 вучняў, 20 гадоў таму было 170.

У Раёўцы тры крамы. На другім паверсе колісь была сталоўка, цяпер там час ад часу ладзяцца вяселлі.

У Раёўцы тры крамы. На другім паверсе колісь была сталоўка, цяпер там час ад часу ладзяцца вяселлі.

У 1920-1930-я Раёўка была ў складзе Польскай дзяржавы, да савецкай мяжы, што ішла за Радашкавічамі, было 10 км. Гэты дом пабудаваны ў 1921 г.

У 1920-1930-я Раёўка была ў складзе Польскай дзяржавы, да савецкай мяжы, што ішла за Радашкавічамі, было 10 км. Гэты дом пабудаваны ў 1921 г.

Адзіны прамы аўтобус-маршрутка нядоўга хадзіў на Мінск раз на тыдзень, і той адмянілі.

Адзіны прамы аўтобус-маршрутка нядоўга хадзіў на Мінск раз на тыдзень, і той адмянілі.

Ад Мінска да вёскі Раёўка (Маладзечанскі раён) семдзесят хвілін электрычкай (да станцыі Уша), адтуль яшчэ 25 хвілін на аўтобусе. Ехаць трэба рана — аўтобус ходзіць двойчы ў дзень.
Пабіты часам «ЛіАЗ» па заснежанай і слізкай дарозе за 5500 давозіць да прыпынку з выцвілым раскладам. За прыпынкам — гандлёвы дом; налева — школа.

Ранкам у Раёўцы пуста; адзінокі дворнік мяце дарожку. Тэлефаную Таццяне, адной з жанчын, якая даслала ліст у Рэдакцыю «НН». «Нам параілі звярнуцца ў вашу газету. Яе ж «наверсе» чытаюць?» Зварот у прэсу тут бачаць як апошні шанец дабіцца праўды і грошай — усе іншыя сродкі пакуль не спрацавалі. Неўзабаве падыходзяць і іншыя жанчыны.

Аптымістычныя артыкулы

Раёўка — дастаткова вялікая вёска з насельніцтвам прыкладна ў 650 чалавек. Да «нулявых» яна была яшчэ і багатай. У вёсцы ад 1898 працавала кардонная фабрыка, вакол яе круцілася жыццё.
«На фабрыцы працавалі ў чатыры змены, кругласутачна і без выхадных. І на Вялікдзень працавалі, і на іншыя святы. На заробкі не скардзіліся», — кажа Валянціна Давідовіч, якая аддала раёўскай фабрыцы 25 гадоў жыцця.
Але ў 2003 фабрыка збанкрутавала. «Была першая хваля мадэрнізацыі, прадалі лінію па пераапрацоўцы макулатуры. Таму і ляснула ўсё», — разам тлумачаць жанчыны.

Пра Раёўку ўжо пісалі «Рэспубліка», «СБ». Пісалі гадоў шэсць таму: пра банкруцтва, цяжкое жыццё без прадпрыемства, праблемы з ацяпленнем — цагляныя чатырохпавярховікі грэла фабрычная кацельня. Артыкулы ў дзяржгазетах заканчваліся аптымістычна: фабрыку выкупіў прыватнік, ВГУП «Белнацыяналсэрвіс». Новы дырэктар Алег Клюеў заявіў, што ў 2007 фабрыка стане самаакупнай, будзе вырабляць гофракардон у 3 змены. А вёска выходзіць з анабіёзу. «Савецкай Беларусіі» ён нават расказаў, што не робіць рамонт у сваім кабінеце — перш за ўсё грошы трэба пусціць на развіццё бізнэсу.

Іншая гісторыя

На жаль, эканамічны цуд не адбыўся. На фабрыцы засталося 36 супрацоўнікаў, а 26 верасня 2012 прадпрыемства «Белнацыяналсэрвіс» было ліквідавана.
Пры гэтым ад ліпеня да снежня (калі ўсіх звольнілі ў сувязі з ліквідацыяй) людзі працавалі бясплатна. На сённяшні дзень заробкі так і не выплацілі.

— Сказалі, што ў банкруцтве вінаваты банкі: «загнулі» высокія працэнты, і ўладальнікі не змаглі іх выплаціць, — скардзяцца жанчыны.

— А як гэта да Лукашэнкі можна дабрацца? — пытаецца адна з іх.

— Дабярэшся да яго, — адказвае хор.

— Проста непамысна, што тут творыцца! І нікому да нас няма справы. Мы звярталіся да мясцовага дэпутата, у выканкам, у ахову працы... Нас ніхто не слухаў, ніхто не дапамагаў. Паўсюль даюць адпіскі, — кажа Валянціна.

Стаміўшыся карміцца голымі абяцаннямі, 20 жанчын падалі ў суд і запатрабавалі выплаціць ім заробак.

— Мы звярнуліся ў Маладзечанскі суд. Але там нас накіравалі ў мінскі. У сталіцы сказалі: «А чаго вы звяртаецеся не па месцы жыхарства?» Вось так нас адфутбольвалі, — расказвае Тамара Курэц.

Нарэшце калектыўную позву разгледзеў суд Кастрычніцкага раёна Мінска — па месцы рэгістрацыі «Белнацыяналсэрвіса».
Патрабаванні істцоў былі часткова задаволены, і суд абавязаў спагнаць з прадпрыемства нявыплачаныя заробкі. Сумы, з улікам выхадной дапамогі і кампенсацый за нявыкарыстаны адпачынак, невялікія — у сярэднім па 7—11 мільёнаў на чалавека. Усяго каля 23 тысячаў даляраў на 20 жанчын. Аднак цягам трох месяцаў, а менавіта столькі доўжыцца ліквідацыя прадпрыемства, грошы не выплацілі.
— Мы толькі хочам, каб аддалі нашыя грошы. Нам шэсць месяцаў не плацілі, а мы ж працавалі як пчолкі.

Асаблівасці раёўскай ліквідацыі

Раёўская фабрыка спыніла працу 29 снежня. Асноўную незадаволенасць былых супрацоўніц выклікаюць незразумелыя ім маніпуляцыі з фабрычнай маёмасцю.
У чаканні ключа ад мясцовага клуба, жанчыны расказваюць, што кіраўніцтва мэтанакіравана вывозіць з фабрыкі ўсё, што можна вывезці. «Ужо тры месяцы, па дзве машыны ў дзень стабільна вывозяць. Пастаянна скандалы праз гэта», — адзначаюць былыя супрацоўніцы фабрыкі.

— Я працавала на прахадной, і яшчэ ў канцы лістапада — пачатку снежня яны пачалі вывозіць металалом, — кажа Ганна.

Жанчыны ўзгадваюць, што металаломам становяцца і не зусім зношаныя рэчы: металічныя шафы, радыятары ацяплення, разабраныя такарныя станкі, новыя цыстэрны для мазуты, што стаялі ў кацельні, само кацельнае абсталяванне, дзверы.

Ля нас спыняецца трактар з прычэпам. «Лёня, падыдзі, раскажы! Вывозяць што?» — крычаць трактарысту. Лёня падыходзіць, запальвае цыгарэту. «Возяць... Дык і я дапамагаю, калі папросяць што пацягаць. Столькі металалому вязуць! З трох-чатырох грузавікоў выплацілі б нам заробак, дык не мелі б мы праблем з гэтымі судамі!»

Лёня з’язджае, а для нас адчыняюць мясцовы клуб культуры і адпачынку. Рассеўшыся вакол стала, на якім ляжыць судовая пастанова, пацярпелыя прыводзяць яшчэ некалькі цікавых дэталяў: дэрыктар фабрыкі Алег Клюеў «пастаянна сядзіць на фабрыцы і загадаў нікога не пускаць на тэрыторыю, хоць яго ўжо даўно звольнілі». Таксама час ад часу на фабрыку завітвае Ігар Клюеў — генеральны дырэктар УП «Белнацыяналсэрвіс» і бацька дырэктара.

— Мінулым разам, калі фабрыку ліквідавалі, усё апячаталі як трэба. Цяпер не апячатвалі нічога — вывозь што хочаш, колькі хочаш! — расказваюць жанчыны. — Не чапаюць яны толькі падзакладнай маёмасці, банка баяцца. Астатняе ўсё вывезлі.

Аднак Валер Сотцаў, якога прызначылі ліквідатарам прадпрыемства, не бачыць у сітуацыі нічога анамальнага.

— Вывозяць нічыйны хлам, металалом. У мяне ёсць балансавы спіс маёмасці, і мяне хвалююць толькі зафіксаваныя ў ім найменні, у тым ліку 4,5 тоны металалому. Фабрычнай маёмасцю лічыцца ўсё, перададзенае Клюеву па вопісе пры набыцці. Але ж у раёўскай фабрыкі вялізная тэрыторыя, і за 100 гадоў там набраліся тоны смецця, якое юрыдычна нікому не належыць.

Асаблівасці раёўскай вытворчасці

Калі ў Раёўку вярнулася праца, усе былі шчаслівыя, нават калі заробкі не дацягвалі да ўзроўню папярэдніх гадоў.
Аднак падчас гутаркі высвятляюцца цікавыя асаблівасці вытворчасці на фабрыцы.

У 2006 годзе Ігар Клюеў заяўляў: «Набыў фабрыку, таму што вытворчасць гофракардону і ўпаковак — дастаткова прыбытковы бізнэс. Галоўнае — наладзіць на фабрыцы глыбокую перапрацоўку макулатуры». Калі верыць раёўцам, справа далей за абяцанні не пайшла.

— Купілі макулатурную лінію, нейкую ламачыну, спісаную за мяжой. За размытнёўку шалёныя грошы заплацілі. Казалі пастаянна: «Вось яшчэ 150 мільёнаў — і запусцім». Так яна і не працавала, — расказвае Валянціна. — Калі мы ў снежні ўжо збіраліся пісаць калектыўны пазоў, прыехаў генеральны дырэктар, «накінуўся» на нас. Казаў: «Я ўжо пазычыў грошы ў сяброў, каб вам заробкі выплаціць, але калі вы так ставіцеся, то і не будзе вам заробкаў», — дадае Валянціна.

Голыя сцены

— Калі ўсё вывезуць, тады яе дакладна ніхто не купіць. Навошта яна каму патрэбна? Будынкі старыя, дах цячэ, галоўны корпус ад сырасці і холаду трэшчынамі пайшоў, — кажа Ганна і жанчыны ківаюць у згодзе.

Без фабрыкі ж нікому не патрэбна і сама вёска. Многія раёўцы пачалі піць. Дзіцячы садок амаль пусты, хоць раней у ім былі чатыры поўныя групы. Мясцовую школу таксама збіраюцца зачыніць, а вучняў вазіць у суседнія вёскі. Вада, па прызнанні Ганны Хруль, «што тая гарбата — запарваць не трэба».

Хто меў магчымасць — ужо з’ехаў. Маладзейшыя ўладкаваліся ў навакольныя саўгасы; з тузін мужчын — на вытворчасць керамікі ў Радашкавічах. На працу, калі спазніўся на адзіны ранішні аўтобус, дабіраюцца спадарожнымі аўтамабілямі.
«На «Кераміцы» абяцалі пусціць службовы аўтобус, калі набярэцца 10 чалавек. Так і не пусцілі», — кажа Таццяна. Адзіны захад у вырашэнні транспартнага пытання — лёгкая карэкціроўка раскладу вячэрняга аўтобуса.

Больш за ўсіх пакутуюць жанчыны перадпенсійнага веку. Такія, як Валянціна, Ганна, Тамара. Іх не бяруць на працу, а да пенсіі — некалькі гадоў. «У каго муж працуе, каму дзеці дапамагаюць. Лета чакаем. Пойдуць ягады — будуць грошы, — дзеляцца яны. —Хай бы выплацілі нам нашыя заробкі хутчэй, і не было б бяды».

Да зваротнага рэйса застаецца некалькі гадзін, і я вырашаю «галасаваць» на трасе. Машын няшмат, і амаль усе едуць у бок Вілейкі.

«Прапусціш аўтобус — і можна спакойна ісці дахаты спаць. Я неяк так палову дня чакала», — жартуе Валянціна, якая разам з Таццянай вырашыла праводзіць мяне. «А мне фабрыкі шкада. Тут многія на ёй усё жыццё працавалі.
Ганна, напрыклад, у трэцім пакаленні. Я сама з Расіі, з Кастрамской вобласці. Мяне сюды па ўсесаюзным размеркаванні пасля тэхнікума накіравалі. А фабрыка працавала і ў вайну, і пасля вайны ўсімі навакольнымі вёскамі яе аднаўлялі, людзі па 10 кіламетраў кожны дзень сюды хадзілі. Сёння ж вайны няма, а такое адбываецца».

Праз 40 хвілін стаяння на сакавіцкім марозе і пасля некалькіх прапушчаных машын мяне ўсё ж падбірае іржавы «Фальксваген» і вязе ў Краснае.

P.S.

Праз два дні пасля візіту карэспандэнта «НН» у вёску Раёўка ў Рэдакцыю патэлефанавала Валянціна Давідовіч і паведаміла, што металалом больш не выво-зяць удзень. Машыны з тэрыторыі фабрыкі цяпер адпраўляюцца а 6-й раніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?