На мінулым тыдні прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка аб’явіў пра намер унесьці на разгляд парлямэнту закон, які будзе рэгуляваць дзейнасьць інтэрнэт‑СМІ.

Гэткую ініцыятыву цяжка назваць арыгінальнай, постсавецкая прастора напоўненая ідэямі пра распрацоўку інструмэнтаў кантролю ў глябальным сеціве. Прыняты ў 1999 годзе закон Казастану «Пра сродкі масавай інфармацыі» намінальна распаўсюджвае сваё дзеяньне на ўэб‑рэсурсы (вызваляе іх ад неабходнасьці праходзіць рэгістрацыйныя працэдуры), сёлета ў ліпені ў Таджыкістане была ўведзеная крымінальная адказнасьць за распаўсюджваньне паклёпаў праз інтэрнэт. Лунаюць падобныя ідэі і ў Расеі.

Аднак агульнай для ўсіх краін, якія маняцца рэгуляваць інтэрнэт, ёсьць нейкая нясьмеласьць, выкліканая нявырашанасьцю галоўнага пытаньня — пра прававую прыроду сеціва. Сёньня няма адзіных адказаў на пытаньні пра тое, хто адказны за зьмест інтэрнэт‑сайтаў (у прыватнасьці, у выпадку ананімнага распаўсюджваньня інфармацыі на форумах і канфэрэнцыях), якая юрысдыкцыя дзяржаў у дачыненьні да асоб, якія распаўсюджваюць інфармацыю на сэрвэрах інтэрнэт‑сайтаў, фізычна разьмешчаных па‑за гэтымі дзяржавамі, як юрыдычна ажыцьцяўляць кантроль над сайтамі, якія не падпадаюць пад юрысдыкцыю той ці іншай дзяржавы, і г.д. Адпаведна, рашэньні, якія прымаюцца, маюць рамачны характар і ўяўляюць сабой спробы хоць у малой ступені улучыць інтэрнэт‑рэсурсы ў прававое поле.

Беларусь на тле імкненьня асобных краін увесьці агульныя правілы распаўсюджваньня інфармацыі праз інтэрнэт вылучае выразна акрэсьленая матывацыя і гатовасьць да жорсткіх захадаў ейнага кіраўніцтва.

Калі прэзыдэнт Лукашэнка кажа пра існыя агульныя забароны на дзіцячую парнаграфію, абразы, хлусьню, паклёпы, якія мусяць распаўсюджвацца на інтэрнэт, ён крыху хітруе.

Калі прэзыдэнт Лукашэнка кажа пра існыя агульныя забароны на дзіцячую парнаграфію, абразы, хлусьню, паклёпы, якія мусяць распаўсюджвацца на інтэрнэт, ён крыху хітруе. У большасьці дзяржаў барацьба з гэтымі зьявамі паступова наладжваецца і без увядзеньня адмысловых законаў. Сеціва разглядаецца толькі як сродак, своеасаблівая прылада злачынства, выкарыстаньне якой само па сабе не прызнаецца абцяжарвальным чыньнікам.

Больш адметна, што спасылка на барацьбу зь вядомымі заганамі масавых інфармацыйных плыняў ёсьць толькі нагодай для пастаноўкі пытаньня пра рэгуляваньне сеціва. Сапраўдная прычына адкрыта называецца Лукашэнкам, і яна палягае ў тым, што незалежныя сеціўныя СМІ значна папулярнейшыя за дзяржаўныя. «Ёсьць нейкі незалежны інтэрнэт‑рэсурс, чыя месячная аўдыторыя ужо пераўзыходзіць больш як паўмільённы наклад «Советской Белоруссии». Гэта масавы рупар нават не апазыцыі, а рупар варожых нам галасоў, варожых дзяржаў», — заяўляе прэзыдэнт Беларусі. Характэрна, што вырашэньне праблемы нізкай папулярнасьці дзяржаўных рэсурсаў бачыцца не ў іх эканамічнай, арганізацыйнай ці нават адміністрацыйнай падтрымцы, а ў стварэньні інструмэнтаў, скіраваных супраць «варожых галасоў».

Відавочна, што значныя незалежныя рэсурсы, вытворчасьць ці напаўненьне якіх адбываецца на тэрыторыі Беларусі, пасьля прыняцьця заканадаўства пра сеціўныя СМІ, спыняць функцыянаваньне альбо іх дзейнасьць будзе ўскладненая.

Паступальны рух беларускага прэзыдэнта да выцісканьня з мэдыйнага поля любых мэдыйных рэсурсаў, якія гучаць не ва ўнісон з урадавым пунктам гледжаньня, такім чынам працягваецца.

Адпачаткова сеціва збудаванае на прынцыпах дэцэнтралізацыі, экстэрытарыяльнасьці і гранічнай цяжкасьці кантролю над распаўсюджваньнем інфармацыі, а таму яно найменш падстаўленае юрыдычнаму ўзьдзеяньню. Відавочна, што значныя незалежныя рэсурсы, вытворчасьць ці напаўненьне якіх адбываецца на тэрыторыі Беларусі, пасьля прыняцьця заканадаўства пра сеціўныя СМІ, спыняць функцыянаваньне альбо іх дзейнасьць будзе ўскладненая. У зьвязку з гэтым, відаць па ўсім, у будучыні беларускі інтэрнэт стане арэнай адкрытай канкурэнтнай барацьбы дзяржаўных рэсурсаў і незалежных сайтаў, якія функцыянавацьмуць за межамі дзяржавы.

Паводле: Дзьмітры Галаванаў, dni.ru

Віртуальная партызанка?
Беларусь ізноў у шэрагу апошніх у галіне свабоды СМІ
Інтэрнэт зь пятлёй на шыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0