«Невядомы», які здымаў Анатоля Лябедзьку на Дзень Волі, 24 сакавіка.

«Невядомы», які здымаў Анатоля Лябедзьку на Дзень Волі, 24 сакавіка.

Увесь Дзень Волі Анатоля Лябедзьку на відэа здымаў невядомы чалавек.

«Як толькі я 24 сакавіка з’явіўся ля кінатэатра «Кастрычнік», да мяне адразу падышоў чалавек з камерай і пачаў здымаць. Па­першае, гэта проста непрыемна. Па­другое, на такіх акцыях прызначаеш нейкія сустрэчы, размаўляеш з людзьмі, нярэдка аб прыватным. А гэты чалавек знаходзіўся за 2—3 метры ад мяне. Я, вядома, некалькі разоў выказаў усё, што думаю пра ягоную працу. Таксама спрабаваў рукой закрыць камеру. Напрыканцы акцыі гэты хлопец ужо быў з двума іншымі ў чорнай вопратцы», — расказвае лідар АГП.

Лябедзька перакананы, што такім чынам на яго аказваецца псіхалагічны ціск, такім самым спосабам спецслужбы адпрацоўваюць новыя прыёмы. Палітыка засмучае, што на такое «шпегаванне» ідуць грошы з бюджэту.

«Ну гэта іхняя работа. І такіх людзей з камерай на Дзень Волі было больш за дзясятак.
Дзесьці ў Астраўцы ці Ашмянах у міліцыі няма грошай на паліва, каб выехаць на месца злачынства. Гэтыя ж людзі атрымліваюць, я думаю, вялікія заробкі».
Старшыня АГП лічыць, што такімі метадамі ўлады імкнуцца ўздзейнічаць нават не на яго, а на шараговых удзельнікаў акцый апазіцыі. «Разлічана тое на студэнтаў, прадпрымальнікаў, дактароў, настаўнікаў. Людзей, якія тым ці іншым шляхам залежныя ад улады.
Мэта простая — зрабіць так, каб на акцыі хадзіла меней людзей».

Што рабіць і як змагацца з такімі правакацыямі? «Я спрабаваў здымаць на тэлефон гэтага чалавека, ён адварочваўся, не хацеў трапляць у кадр. Яму гэта было непрыемна, бо разумее, што ў перспектыве могуць нядобра адгукнуцца такія здымкі», — падсумоўвае Лябедзька.

Вось у такіх умовах даводзіцца дзейнічаць лідарам апазіцыі.

«А дзе Настасся?»

Неаднаразова правакацыі чыніліся супраць «маладафронтаўкі» Насты Дашкевіч (Палажанкі). Калі дзяўчыне было ўсяго 16 гадоў, яе кантакты і фотаздымак змясцілі на сайтах знаёмства.
Насце тэлефанавалі розныя людзі з непрыстойнымі прапановамі. Тое самае псіхалагічнае ўздзеянне прымянялася супраць жонкі Аляксандра Мілінкевіча Іны Кулей.
Нядаўна таксама ў Насты забралі правы кіроўцы. «Я ўжо два гады езджу з адвакатам кожны тыдзень па турмах да Змітра Дашкевіча. Заўсёды за рулём была сама.
Два разы мяне лавілі за перавышэнне хуткасці, я парушала — пытанняў няма. Але атрымала ў выніку не штраф ці тры месяцы без правоў, я атрымала ўсе 10 месяцаў пазбаўлення. Калі ў мяне забралі правы, то за машынай працягнулася сачэнне, іншага чалавека лавілі з мігалкамі пастаянна ў горадзе, спадзеючыся, што там я. І нават пыталіся: «А дзе ж Настасся?» Хаця машына мне не належыць», — расказвае Палажанка.

«Сочыць за мной»

«Я аднойчы выпадкова сустрэла Ірыну Халіп у горадзе, — працягвае Палажанка. — Яна кажа мне: «Вось, бачыш гэты «Опель»? Сочыць за мной».
Я спачатку спакойна да гэтага аднеслася, думаючы, што шмат у каго з апазіцыянераў ёсць такія фобіі. Але пакуль мы з ёй прайшліся па вуліцы, папілі кавы, я давяла Ірыну да аднаго медцэнтра, дзе яна хацела Даніка абследаваць, гэтая машына настолькі нахабна ездзіла за ёй, чакала нас, што я была шакаваная».
Гэта далёка не адзіная правакацыя, якая чыніцца супраць журналісткі, жонкі Андрэя Саннікава Ірыны Халіп.
На мінулым тыдні на адрасы беларускіх СМІ прыйшоў відэаматэрыял ад нібыта журналіста расійскага тэлеканала «Дождь» Мікіты Белагалоўцава. Ён прапаноўваў аўдыёінтэрв’ю з Ірынай Халіп.
Журналістка прызналася, што сапраўды пытанні ёй задавалі па тэлефоне, але былі яны абразлівыя, спрабавалі зачапіць інтымныя моманты.
Журналіст Белагалоўцаў прызнаўся, што не мае дачынення да размовы — гэта звычайная правакацыя. Да гонару беларускіх выданняў — ніхто не выставіў гэтае бруднае «інтэрв’ю».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?