Меркаванні1414

Па кім маўчыць звон

На мінулым тыдні адзначаліся 70-я ўгодкі хатынскай трагедыі. Ад улады шчыраваў на мітынгу-­рэквіеме сп.Кабякоў. Прамармытаўшы нешта звыкла няўцямнае пра памяць аб загінулых, ён запэўніў журналістаў, што «...кіраўніцтва краіны робіць усё, каб у нас не скралі перамогу...»

«Перамогу», мабыць, скрала нейкая дзяўчына з Барысава, з тамтэйшага медкаледжа. З нервовым хіхіканнем адказваючы пад дыктоўку настаўніцы на пытанне, дзеля чаго яе разам з іншымі навучэнцамі прывезлі ў Хатынь, дзяўчо зусім заблыталася паміж рэквіемам і юбілеем, трагедыяй і святам.

Узгадалася, як упершыню я прывёз у Хатынь унучку. Праз 15 гадоў ад яе нараджэння і роўна праз 65 — ад хатынскай трагедыі.

Не магу сказаць, што прапанову паехаць у Хатынь яна ўспрыняла з вялікім жаданнем. «Нам у школе расказвалі... Але калі хочаш, давай з’ездзім».

У Хатыні яна прыціхла, адасобілася, абмінаючы групкі экскурсантаў і затрымліваючыся каля комінаў і калодзежаў, у якіх скурчыліся на зацягнутай лядком вадзе беларускія дваццаткі ды старублёўкі, а важкія замежныя манеты паблісквалі на дне... Потым стала фатаграфаваць аблокі. Дакладней, неба, па якім павольна напаўзалі адно на адно цёмныя аблокі, неахвотна прапускаючы ў блакітныя нябесныя праталіны прахалодны сакавіцкі прамень... Раптам спытала: «Дзеда, а чаму ў Хатыні няма крыжа?»

У Хатыні былі крыжы. Тры крыжы на трох магілах, у якіх праз тры дні пахавалі хатынцаў жыхары навакольных вёсак...

Не ўсе ведаюць, а мне расказвалі ацалелыя малалеткамі Уладзімір Яскевіч і абодва Жалабковічы — Віктар і Аляксандр, — што Хатынь спалілі двойчы. Апошні раз у жніўні.
Мусіць, таму, што сюды вярнуліся тыя, хто па выпадковасці пазбег неймавернай кары, каго ў вёсцы не было на той дзень... Выкапаў зямлянку паблізу магіл Рудак. Пазбіраўшы апаленыя бярвенні, паставіў хатку Клімовіч. Па вясне зарунелі азімыя — яшчэ з таго, мінулага жыцця. Але і ў гэтым, згубленым, здавалася, назаўсёды, яны пасадзілі бульбу, пасеялі жыта...

Аляксандр Жалабковіч успамінаў, як у тым палаючым жніўні гарэлі снапы. Тады ж, мімаходзь, карнікі спалілі і крыжы на магілах.

Былі яшчэ крыжы ў Хатыні — на старадаўніх вясковых могілках. Калі будавалі мемарыял, могілкі зрылі. Разам з крыжамі.
Вядома, на тых могілках даўно ўжо не было каго хаваць. Але даўнія, д а х а т ы н с к і я магілы — з прозвішчамі і межамі жыцця — яшчэ былі. Сёння, гавораць, дзякуючы вернікам з парафіі лагойскага касцёла, яны быццам адноўленыя. Але я памятаю, як смуткавалі Яскевіч і Жалабковічы: навошта было зніштажаць старадаўнія хатынскія могілкі, на якіх спачываў вясковы род, што спрадвеку жыў на гэтай зямлі?..

Навошта было пазбаўляць Хатынь каранёў і сувязі з небам?!

Але атрымалася тое, што атрымалася: замест Хатыні — «Хатынь». Выдатны твор манументальнага мастацтва.

Толькі вось крыжа няма.

Мне здаецца, што калі б 70 гадоў таму ў Хатыні ўзвялі крыж, не руйнавалі б сёння крыжы ў Курапатах і не малявалі б свастыку ў «Яме».

Мне здаецца, што калі б тады ў Хатыні ўзвялі крыж, мы не ведалі б сёння пра АМАП з усёй ягонай ваяўнічай амуніцыяй. Ці ж не прайшлі ў свой час праз Хатынь УСЕ беларусы, будучыя амапаўцы ў тым ліку? Чаму ж не атрымалі прышчэпку ад звярынай лютасці?

І яшчэ: мне здаецца, што калі б тады ў Хатыні ўзвялі крыж, мы не спальвалі б уласную гісторыю ў ідэалагічных топках, не пераўтваралі б трагедыі ў святы, а Памяць у попел...

Але крыжа няма. І зноўку пляцецца вакол беларускіх трагедый — ад БНР праз Курапаты, Хатынь і да Чарнобыля — вытанчаная сетачка фальшу.

Учора — пра камандзіра карнікаў Васюру, які нібыта быў «заходнеўкраінскім нацыяналістам». Сёння — пра «перамогу», якую нібыта хтосьці намагаецца «скрасці» ці то ў кіраўніцтва краіны, ці то ў сп.Кабякова...

Але ж не быў Васюра ані заходнеўкраінскім, ані наогул нацыяналістам. Да вайны, да Хатыні, і пасля вайны, да выкрыцця — «просты савецкі чалавек».

А курапацкія карнікі — ці ж не «простыя савецкія людзі»?!

Але прызнаць гэта — значыць, прызнаць злачыннасць абодвух таталітарных рэжымаў. І паставіць, нарэшце, знак трагічнай роўнасці паміж Хатынню і Катынню, паміж Хатынню і Курапатамі...

...«Гэта ад ветру, дзеда? — уздрыгнула, пачуўшы кароткі металічны звон, унучка. «Не, ад электрычнасці», — патлумачыў я.

А сам падумаў: калі б ад ветру, хатынскі звон званіў бы не сціхаючы. Таму што не сціхае над Хатынню вецер беларускай гісторыі, нясе над ёй цёмныя, з блакітнымі праталінамі, аблокі...

Але маўчыць звон у прамежку паміж кіраванымі сігналамі.

Маўчыць па мільёнах загубленых жыццяў.

І не пытайся, па кім яшчэ маўчыць звон.

Ён маўчыць па табе.

Каментары14

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы9

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы

Усе навіны →
Усе навіны

Цёмны бок медытацыі і «практык асэнсаванасці»5

Еўропа зноў б'е тэмпературныя рэкорды. У Іспаніі — +46°C6

Міністр замежных спраў Славакіі заявіў, што, магчыма, Расіі трэба «дараваць усё, што адбылося»11

«Азаронак не хоча, каб яму далі большую зарплату і самому піць латэ на тэрасе. Ён хоча, каб ніхто не піў латэ»9

«Ахранець проста. Купляйце беларускае». Пакупніца абурылася напаўгнілымі кабачкамі ў краме5

Зорку «Мсціўцаў» прыдушыў шасцітонны снегаачышчальнік. Акцёр падзяліўся, як аднаўляўся пасля комы2

Начны авіяўдар Расіі па Украіне быў найбуйнейшым з пачатку вайны

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах5

Фэйсфітнэс і ніткі для падцяжкі твару не працуюць — пластычны хірург тлумачыць чаму

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы9

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць