31 ліпеня

Прысудзілі, але не пакаралі

Аляксандар Дзямешчык, судзьдзя Смургонскага раёну, вынес пастанову па адміністрацыйнай справе ў дачыненьні да грамадзкага актывіста Ўладзімера Шульжыцкага. Хлопец абвінавачваўся ў тым, што 24 красавіка 2007 году каля 18 гадзін, выходзячы разам зь міліцыянтамі з пад’езду дому па вул.Юбілейнай у Смургонях, нецэнзурна лаяўся. Судзьдзя ў сваім рашэньні канстатаваў, што віна Ўладзімера Шульжыцкага ў хуліганстве пацьверджаная, але ў сувязі з заканчэньнем 3‑месячнага тэрміну для прыцягненьня да адказнасьці за адміністрацыйнае правапарушэньне ён справу спыняе.

1 жніўня

«Вясна» рэгіструецца

Група праваабаронцаў падала ў Міністэрства юстыцыі дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня «Вясна». Арганізацыя зьяўляецца пераемніцай праваабарончага цэнтру «Вясна», які быў ліквідаваны Вярхоўным судом у кастрычніку 2003 году.

Памяці зьніклых

А 9 гадзіне вечару ў падземным пераходзе каля станцыі мэтро «Інстытут культуры» ладзіўся ланцуг неабыякавых людзей. Моладзь стаяла з партрэтамі зьніклых палітыкаў.

За адну налепку

Сябра Партыі БНФ Сьцяпана Сьвідзерскага пастановаю адміністрацыйнай камісіі Ленінскага раёну Горадні аштрафавалі на 4 базавыя велічыні. Хлопца абвінавацілі у тым, што ён наляпіў адну (і гэта зафіксавана ў пратаколе) налепку на сьцяну будынку.

2 жніўня

Італьянцы пра Чарнышова

У рамках сэрыі музычных вечароў у італьянскай правінцыі Казэрта музыкі прысьвяцілі свой выступ беларускаму моладзеваму актывісту Аляксандру Чарнышову, які сустрэў свой дзевятнаццаты дзень нараджэньня ў спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку на Акрэсьціна.

Пакаралі штрафамі

Суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў моладзевых актывістаў апазыцыі Яню Карповіч, Сержука Палаўкова і Артура Дасанава на дзьве базавыя велічыні (62 тыс. руб.). Іх затрымалі на прыватнай кватэры 1 жніўня ўвечары. Ноч усіх трымалі ў міліцыі, а раніцай склалі пратаколы нібыта за нецэнзурную лаянку.

Выйшлі на волю

На волю са спэцпрыёмніку‑разьмеркавальніку па Акрэсьціна выйшлі актывісты моладзевага руху — Сяргей Клюеў, Валянцін Сакалоўскі і Аляксей Бондар.

Каб не траплялі ў псыхушкі

Міжнародная асацыяцыя абароны правоў чалавека выступіла ініцыятарам стварэньня ў Беларусі незалежнай псыхіятрычнай экспэртызы.

3 жніўня

Каліта патрабуе кампэнсацыі ад мытні і КДБ

Моладзевы лідэр Алесь Каліта падрыхтаваў пазоў у суд аб спагнаньні з супрацоўнікаў ашмянскай мытні і КДБ матэрыяльнага ўрону, які актывіст атрымаў па прычыне наўмыснага пашкоджаньня яго ноўтбуку. Яшчэ ў студзені пры перасячэньні беларуска‑літоўскай мяжы ў Каліты канфіскавалі ноўтбук, вярнулі больш чым праз паўгоду. Прычым, зламаны. Нанесены ўрон у суме 321 тыс. рублёў.

Летнік пад Валожынам

Раніцай супрацоўнікі Валожынскага РУУС і раённай санэпідэмстанцыі зьявіліся ў намётавым лягеры ля ракі Іслач на Валожыншчыне, дзе адпачывалі прадстаўнікі дэмакратычных моладзевых арганізацый. Яны загадалі моладзі згарнуць лягер. Пасьля праверкі пашпартоў дзяўчыну і накалькі юнакоў міліцыянты затрымалі і даставілі ў Валожынскі РУУС. Затым, пасьля перамоваў з начальствам, усіх адпусьцілі, але папярэдзілі, каб хутчэй пакінулі тэрыторыю раёну.

Міліцыя з народам

Актывісты кампаніі «Джынс за Свабоду!» правялі акцыю каля аднаго з апорных пунктаў міліцыі ў Фрунзэнскім раёне Менску. На электрычных дратах насупраць апорнага пункту быў вывешаны бел‑чырвона‑белы сьцяг, а на сьцяне аднаго зь дзевяціпавярховых дамоў — расьцяжка «Міліцыя — з народам!»

4 жніўня

Міжнародная салідарнасьць

Міжнародная Фэдэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) выказала найвялікшую заклапочанасьць хваляй адвольных арыштаў і затрыманьняў актывістаў апазыцыі напярэдадні 27 ліпеня 2007.

У Эўропу!

На Магілёўскай трасе кіроўцы аўтамабіляў маглі назіраць за цікавай акцыяй. Дваццаць маладых людзей з таблічкамі «У Эўропу» сталі ў калёну. Завяршаў калёну новы дарожны знак: зьверху было напісана «Эўропа», знізу «BY», а пасярэдзіне быў намаляваны сымбаль развароту на 180 градусаў.

6 жніўня

Перамога донараў

Магілёўскія донары дамагліся першай перамогі ў справе вяртаньня скасаваных ільготаў. Па словах актывіста, ганаровага донара Ігара Каваленкі, Савет міністраў вырашыў пакінуць донарам 40‑працэнтную надбаўку да пэнсіі.

Прадпрымальнікі на плошчы

150 прыватных прадпрымальнікаў выйшлі на галоўную плошчу Сьветлагорску да будынку райвыканкаму. Яны пратэставалі супраць дзеяньняў міліцыянтаў і мясцовай падатковай службы, якія часта канфіскоўваюць тавар.

Зноў затрыманьні

Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага раёну Менску 5 жніўня затрымалі двух актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Арцёма Дарэўскага і Аляксандра Сергіенку.

У іх заплечніках знайшлі газэты «Свабоду Беларусі». Пасьля складаньня пратаколаў усе 400 экзэмпляраў газэты былі канфіскаваныя. Юнакоў зьнялі на відэа і ўзялі адбіткі пальцаў. Пасьля трох гадзін затрыманьня яны былі адпушчаныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?