Першы спектакль у адбудаваным тэатры пройдзе ўжо 29 сакавіка. Аднак набыць квіткі на яго было немагчыма — паказ будзе закрытым.

З прамовай перад спектаклем выступіць кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

У спісе запрошаных на VIP-паказ асобаў ёсць прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, міністр культуры Барыс Святлоў.

Акрамя палітычных дзеячаў запрошанае кіраўніцтва будаўнічых арганізацый, якія рэканструявалі тэатр, кіраўнікі трох дзяржаўных тэлеканалаў і рэдактар газеты «Беларусь Сегодня», вядучыя акторы і рэжысёры буйнейшых тэатраў, дзеячы мастацтва.
Сярод іх Барыс Луцэнка, Ганна Маланкіна, Бэлла Масумян, Аляксандр Гарцуеў, Міхаіл Фінберг, Уладзімір Карызна, Рычард Смольскі, Святлана Стацэнка, Уладзімір Пракапцоў і іншыя.

Рэканструкцыя будынка тэатра імя Янкі Купалы працягвалася больш за два гады. Згодна з задумай аўтараў праекта, будынак наблізіўся да свайго першапачатковага выгляду.

Звычайныя мінчукі змогуць наведаць тэатр ужо 4 красавіка.
У гэты дзень там ізноў пакажуць «Паўлінку». Кошты на квіткі — ад 20 да 200 тысяч рублёў.
Што да Лукашэнкі, то апошні раз ён быў у тэатры 10 гадоў таму. У Купалаўскім наведваў «Князя Вітаўта».

Цікава, што ў тыя часы ролю князя Вітаўта выконваў Генадзь Давыдзька.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?