Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей здзіўлены «ёрнічаннем некаторых зашораных экспертаў ад апазіцыі» з нагоды візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Інданэзію і Сінгапур 18–22 сакавіка. Відэакаментар Макея размешчаны на афіцыйным сайце МЗС Беларусі.

«Мяне некалькі здзівілі ёрнічанні некаторых зашораных эканамістаў ад апазіцыі, якія кажуць: «Навошта мы туды пайшлі? Нічога мы адтуль не прывезлі, ніякай перспектывы ў нас там няма.
Але я назаву зараз проста тыя лічбы, якія з’явіліся па выніках візіту. (...) Прэзідэнт прывёз адтуль, з гэтага рэгіёну, рэальныя, ужо заключаныя кантракты на 400 млн даляраў. Скажыце, гэта дрэнна для краіны ці добра?»

Макей падкрэсліў, што з Інданэзіяй заключана сем міжнародных пагадненняў і адно пагадненне паміж суб’ектамі гаспадарання. Падпісаны таксама некалькі мемарандумаў аб намерах, якія ў канчатковым выніку ўвасобяцца ў канкрэтныя лічбы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

«Акрамя заключаных кантрактаў і пагадненняў, якія накіраваны на ўдасканаленне нарматыўна-прававой базы нашага супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам, мы дасягнулі канкрэтных дамоўленасцей аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці шын, нашай тэхнікі ў Інданэзіі, пастаўках туды беларускай сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі. Тут мы не з’яўляемся з Інданэзіяй супернікамі. Нашы эканомікі узаемадапаўняльныя, і мы тут знайшлі вельмі шмат агульных інтарэсаў і ўзаемадзеяння«, — падкрэсліў Макей.

Паводле яго слоў, некаторыя буйныя бізнесмены і кампаніі Інданэзіі маюць намер прыйсці ў Беларусь і таксама арганізаваць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі.

Падчас візіту ў Сінгапур заключаны два міжурадавыя пагадненні і два мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і адпаведнымі структурамі, якія прадстаўляюць бізнэс Сінгапура.

«Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву і бізнэсу гэтай краіны стварыць тут свайго роду філіял Сінгапура ў рамках, магчыма, кітайска-беларускага індустрыяльнага парку або на асобна ўзятай тэрыторыі. Гэтая ідэя была з цікавасцю ўспрынятая, і мы будзем працаваць над яе рэалізацыяй», — паведаміў міністр.

Ён таксама адзначыў, што Беларусі «быў важны вопыт Сінгапура ў рэфармаванні эканомікі».
«Тут нашы эканомікі вельмі падобныя, бо мы дзве экспартна арыентаваныя дзяржавы. Было вельмі важна прадстаўнікам нашых розных міністэрстваў і ведамстваў пагутарыць з сінгапурскімі калегамі і даведацца пра тое, якія крокі яны зрабілі ў свой час, каб Сінгапур ператварыўся ў фінансава-эканамічны цэнтр Паўднёва-Усходняй Азіі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?