У Беларусі адзначаны рост колькасці і інтэнсіўнасці нараджэнняў дзяцей у 2012 годзе. Аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі паслуг і дэмаграфічнай статыстыкі Белстата Ірына Шастакова.

Паводле яе слоў, за 2012 год у Беларусі нарадзілася 116 тыс. дзяцей (у тым ліку 60 тыс. хлопчыкаў і 56 тыс. дзяўчынак), у 2011-м — 109 тысяч.
Каэфіцыент нараджальнасці склаў 12,2 народжанага на тысячу чалавек насельніцтва, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам за апошнія 10 гадоў. У 2002 годзе гэты паказчык складаў 9,0. Рост гэтага паказчыка назіраўся ў 2012 годзе як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. У гарадскіх пасяленнях каэфіцыент нараджальнасці павялічыўся з 11,7 да 12,4 народжанага на тысячу чалавек, у сельскай мясцовасці — з 11,1 да 11,8. Як і ў мінулыя гады,
па ўзроўні нараджальнасці лідзіруе Брэсцкая вобласць, дзе на тысячу насельніцтва прыпадае 13,1 народжанага.
Найменшы ўзровень нараджальнасці ўжо некалькі гадоў адзначаецца ў Віцебскай вобласці — 10,9 народжанага на тысячу чалавек насельніцтва.

Як заявіла Шастакова, павелічэнню колькасці нараджэнняў у Беларусі садзейнічаў рост іх інтэнсіўнасці. У 2012 годзе амаль палова з іх звязана з нараджэннем ў жанчын другога, трэцяга і наступнага дзяцей. Так, напрыклад, колькасць народжаных дзяцей на тысячу жанчын дзетароднага ўзросту — з 15 да 49 гадоў — вырасла з 33,6 у 2002-м да 48,7 у 2012 годзе.

У сувязі з ростам частаты нараджэнняў павялічылася колькасць немаўлят, якія нарадзіліся трэцімі, чацвёртымі і больш — з 2,8 да 3 на тысячу жанчын дзетароднага ўзросту. Доля такіх дзяцей ад усіх нованароджаных у 2012 годзе дасягнула 12,3%.
Сярод рэгіёнаў па нараджэнні трэціх і наступных дзяцей таксама лідзіруе Брэсцкая вобласць, а другія дзеці часцей за ўсё нараджаюцца ў Мінску.

Шастакова адзначыла, што

павелічэнню колькасці нараджэнняў садзейнічаў таксама працяг зніжэння колькасці абортаў.
Калі ў 2002 годзе на тысячу жанчын 15–49 гадоў прыпадалі 34 аборты, то ў 2012 годзе — 12.

Паводле інфармацыі прадстаўніка Белстата, расце таксама сярэдні ўзрост пры нараджэнні першага дзіцяці. У 2012 годзе ён склаў 25,2 года, у тым ліку ў гарадскіх жанчын — 25,7 года, у сельскіх — 23,7 года. Як мяркуе спецыяліст, гэта сведчыць аб тым, што «ўсё часцей нараджэнне дзіцяці становіцца свядомым выбарам».

Паводле яе слоў,

на працягу апошніх гадоў таксама расце доля дзяцей, народжаных у зарэгістраваных шлюбах, — з 77% у 2002 годзе да 82% у 2012 годзе.

Як адзначыла спецыяліст, інтэнсіўнасць нараджальнасці ў краіне больш адэкватна характарызуе сумарны каэфіцыент нараджальнасці, гэта значыць колькасць дзяцей, якія прыпадаюць на адну жанчыну ў фертыльным узросце — з 15 да 49 гадоў, бо гэты каэфіцыент не залежыць ад узроставай структуры насельніцтва. Для простага ўзнаўлення насельніцтва неабходна, каб гэты паказчык штогод складаў 2,15 дзіцяці на адну жанчыну. У цэлым па Беларусі ў 2012 годзе сумарны каэфіцыент нараджальнасці склаў 1,62 на адну жанчыну, у сельскай мясцовасці гэты паказчык вырас да 2,664. У 2011 годзе гэты паказчык у сярэднім па краіне складаў 1,515 нараджэння на адну жанчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?