У Палаце прадстаўнікоў цяпер абмяркоўваюцца папраўкі ў закон «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх», якія плануецца прыняць у першым чытанні. Аб гэтым паведаміў дэпутат Валерый Гайдукевіч.

У прыватнасці,

абмяркоўваецца пытанне аб тым, які будзе парадак накіравання ў ЛПП замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.
Раней у законе гэты момант не канкрэтызаваўся. Будзе разглядацца і такі канцэптуальны момант, як парадак накіравання ў ЛПП абавязаных асоб. Раней гэта таксама не было прапісана.

Дэпутат дадаў, што

зноў разглядаецца пытанне аб магчымасці скарачэння тэрміну знаходжання ў ЛПП.
Ён адзначыў, што гэта вельмі неадназначны момант. «Раней было так, што адміністрацыя лячэбна-працоўнага прафілакторыя проста пазбаўлялася ад чалавека, які парушаў правілы, прыносіў адны праблемы. Яго рабілі „добрым“ і адпраўлялі дадому», — растлумачыў парламентарый. Валерый Гайдукевіч таксама адзначыў, што людзі, змешчаныя ў ЛПП, як правіла, не проста хранічныя алкаголікі. Нярэдка яны дастаўляюць праблемы суседзям, сям’і.
Адпраўка ў ЛПП — гэта і своеасаблівая перадышка для яго асяроддзя.
На гэты час у законапраекце прапануецца норма аб тым, што чалавек, які ўпершыню трапіў у ЛПП, павінен адбыць не менш за дзве трэці тэрміну, а трапіўшы другі раз — не менш за тры чвэрці тэрміну.

«На жаль, калі такі чалавек вяртаецца ў ЛПП, ён пачынае паводзіць сябе па-ранейшаму», — таксама адзначыў дэпутат. Ён звярнуў увагу, што

пакуль не вядзецца статыстыкі адносна таго, колькі ж людзей вылечваецца пасля прафілакторыяў або хаця б не злоўжывае алкаголем доўгі час.
«Але трэба адсочваць, які эфект дало лячэнне», — заўважыў парламентарый.

«Калі мы ўрэгулюем гэтыя і іншыя пытанні, то законапраект зноў будзе ўзгадняцца з МУС і іншымі зацікаўленымі структурамі. Магчыма, будуць яшчэ нейкія важныя прапановы, і дакумент зведае сур’ёзныя змяненні. Тое, што ў нас ёсць — гэта яшчэ не канчатковы варыянт», — адзначыў Валерый Гайдукевіч.

Акрамя таго, дэпутат сказаў: «Алкагалізацыя насельніцтва, вядома, застаецца сур’ёзнай праблемай, асабліва ў вёсцы. Але трэба разумець, што ЛПП — не бязмежныя». На думку Валерыя Гайдукевіча, праблему алкагалізму трэба вырашаць комплексна. Пэўны эфект даюць абмежаванні гандлю півам і алкагольнымі напіткамі. Хоць гэтыя меры і сустракаюць супраціўленне мясцовых улад у некаторых рэгіёнах.

Але, як лічыць дэпутат, аднымі забаронамі нічога не даб’ешся. Ён нагадаў аб антыалкагольнай кампаніі 1985 года, калі людзі не маглі купіць гарэлку, але куплялі розныя настойкі ў аптэках, пілі адэкалон і г.д. Гэта прыводзіла да атручэння, у тым ліку са смяротным зыходам. Была і практыка «безалкагольных» вяселляў, калі гарэлку налівалі з чайніка. «Трэба не толькі забараняць, але і прапаноўваць нейкую альтэрнатыву», — адзначыў парламентарый. У прыватнасці, гэта прапаганда здаровага ладу жыцця, у тым ліку ў школе. Напрыклад,

стымуляваць заняткі спортам сярод моладзі можна, увёўшы аналаг норм ГПА.
«Важна і тое, каб была культура ўжывання спіртнога. Бо праблема менавіта ў злоўжыванні, у тым, што чалавек не мае адчування меры», — лічыць Валерый Гайдукевіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?