Актывіста ЛГБТ-руху Сяргея Андросенку распранулі да трусоў на беларускай памежнай станцыі Гудагай, паведамляе праваабарончы праект «ГейБеларусь».

Вечарам 27 сакавіка Андросенку, які вяртаўся з Вільні, высадзілі з цягніка Вільня — Мінск. Спачатку два мытнікі і адна асоба ў цывільным правялі мытны надгляд рэчаў актывіста: заплечніка, ноўтбука, часопіса Sexus, што выдаецца «БелГазетой».

Праз гадзіну ад начальніка Ашмянскай мытні Івана Невяркевіча «прыйшлоў дазвол на асабісты мытны надгляд».
«Сяргея Андросенку распранулі да трусоў, старанна праверылі адзенне і абутак актывіста на наяўнасць «забароненых і абмежаваных да перамяшчэння тавараў». Але, як і пры першым надглядзе, такіх тавараў знойдзена не было.
Пасля мытнага кантролю актывісту выдалі копіі актаў надглядаў і пашпарт і адпусцілі, але на выхадзе з залы мытнага надгляду актывіста сустрэў яшчэ адзін супрацоўнік мытні і папрасіў прайсці з ім у іншы будынак для вырашэння «тэхнічнага пытання».
У Андросенкі зноў забралі пашпарт і заявілі, што ён лічыцца ў базе даных несапраўдных дакументаў.

Выдаўшы пратакол канфіскацыі пашпарта, Андросенку правялі ў залу чакання станцыі Гудагай, дзе прапанавалі чакаць ранішняга дызеля, які павінен быў прыехаць праз шэсць гадзін, і папярэдзілі, што Гудагай — памежная зона і знаходзіцца ў ёй без пашпарта не дазволена, так што лепш вакзал не пакідаць.

«Хвілін праз 30–40 на станцыю зноў вярнуўся супрацоўнік, які дагэтуль прапаноўваў Андросенку прайсці для вырашэння „тэхнічнага пытання“, пасля якога ў яго забралі пашпарт. Ён зноў прапанаваў вярнуцца ў памяшканне мытні, дзе прапанаваў адкрыць асабісты ноўтбук Андросенкі і паказаць яго змесціва.
Актывіст адмовіўся ўключаць свой ноўтбук, матывуючы гэта тым, што ўжо прайшоў мытны надгляд і ў яго маюцца адпаведныя акты», — гаворыцца ў паведамленні.

17 студзеня ў Андросенкі ўжо забіралі пашпарт па той жа прычыне. Пры гэтым на выездзе з краіны ў актывіста такіх праблем не ўзнікае. Мінулым разам актывісту аддалі пашпарт праз тры тыдні.

Забраць Андросенку са станцыі Гудагай прыехалі намеснік пасла Нідэрландаў у Варшаве, які ў гэты час знаходзіўся з афіцыйным візітам у Мінску, і «хлопец самога актывіста».

«Я расцэньваю гэта як імкненне ўлад прымусіць мяне адмовіцца ад праваабарончага актывізму ці як такі тонкі намёк на тое, што мне адчыненыя дзверы краіны толькі на выезд», — заявіў Андросенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?