28 сакавіка ў Мінску на арганізаваных па запрашэнні Беларусі двухбаковых палітычных кансультацыях міністэрстваў замежных спраў Літвы і Беларусі былі абмеркаваныя актуальныя пытанні палітычнага, эканамічнага, культурнага супрацоўніцтва, адносіны ЕС і Беларусі, магчымасці для Беларусі больш актыўна ўдзельнічаць у ініцыятыве Усходняга партнёрства з набліжэннем старшынства Літвы ў Радзе ЕС і сустрэчы кіраўніцтва Усходняга партнёрства ў Вільні, паведамляе сайт Пасольства Літвы ў Беларусі.

Дэлегацыямі краін кіравалі віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. А. Крывас таксама сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Падчас кансультацый былі абмеркаваныя і пытанні са становішчам правоў чалавека, па якіх Еўрапейскі Саюз і ўсе яго краіны-члены маюць сур’ёзныя рознагалоссі з Беларуссю.

Чакаецца, што ў бліжэйшы час атрымаецца нармалізаваць адносіны Беларусі з ЕС шляхам вызвалення і рэабілітацыі палітычных вязняў. Гэта, па словах А. Крываса, дазволіла б Беларусі актыўна скарыстаць магчымасці, якія дае інструмент Усходняга партнёрства ЕС, не заставацца па-за ініцыятывамі ЕС у рэгіёне.
ЕС таксама чакае адказу Беларусі на зробленую ў 2011 г. прапанову распачаць перамовы наконт дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму.
Падпісанне такой дамовы, акрамя іншага, дазволіла б зменшыць для беларусаў кошт шэнгенскіх віз.

Краіны станоўча ацанілі развіццё эканамічнага супрацоўніцтва Літвы і Беларусі, асабліва узрослыя ў апошнія гады патокі двухбаковага гандлю і транзіту беларускіх грузаў праз Літву. Гаварылася і аб падрыхтоўцы да надыходзячых двухбаковых мерапрыемстваў па эканамічным супрацоўніцтве, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі дзелавых таварыстваў абедзвюх краін, перш за ўсё – IX эканамічнага форуму Літвы і Беларусі, які адбудзецца 18-19 красавіка ў Клайпедзе. Акрамя таго, былі абмеркаваныя магчымыя шляхі вырашэння праблем на пунктах перасячэння мяжы.

Імкнучыся развіваць сувязі паміж жыхарамі Літвы і Беларусі, А. Крывас заклікаў беларускіх калегаў да заканчэння працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу двухбаковай міжурадавай дамовы аб парадку паездак жыхароў памежжа Літвы і Беларусі. Літва аб заканчэнні адпаведных працэдур інфармавала Беларусь 1 сакавіка 2012 г.

У ходзе кансультацый таксама былі абмеркаваныя пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць Літвы, звязаныя з бяспекай астравецкай атамнай электрастанцыі.
Літва папрасіла больш інфармацыі і празрыстасці з боку Беларусі. Літва і Беларусь у снежні 2012 г. адзначылі дваццацігоддзе ўсталявання дыпламатычных адносін. У апошнія некалькі год двухбаковыя адносіны інтэнсіўна разіваюцца ў галінах эканомікі, палітыкі, культуры, турызму, транспарту ды інш.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0