Уступіў у сілу прысуд, вынесены 40-гадоваму грамадзяніну Расіі, які параніў нажом школьніцу.

Як паведаміў БелаПАН пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксандр Панасевіч, мужчына напаў на 13-гадовую берасцейку днём 8 кастрычніка 2012 года ў Брэсце ў лясным масіве каля абласной бальніцы.

Школьніца, якая займаецца ў секцыі каратэ, ударыла нападніка ў сонечнае спляценне. Пасля гэтага расеец выхапіў нож і паласнуў ім па сцягне дзяўчыны. Атрымаўшы лёгкае цялеснае пашкоджанне, школьніца ўцякла з месца здарэння і звярнулася ў міліцыю.

18 кастрычніка ў Брэсце беспрацоўны расеец быў затрыманы. У яго была выяўленая частку рэчаў і банкаўская картка, якія ён 14 кастрычніка выкраў на гарадскім аўтавакзале ў пасажыра-юнака, які спаў. Да гэтага часу зламыснік ўжо зняў частку грошай з карткі.

18 лютага 2013 суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў расіяніна вінаватым па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), ч. 2 арт. 205 (крадзеж) і ч. 2 арт. 212 (крадзеж шляхам выкарыстання кампутарнай тэхнікі) і асудзіў на тры гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

З яго спагнана ў якасці кампенсацыі шкоды пасажыру, якога ён абабраў, 3 млн 771 тыс. рублёў.

29 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула скаргу расіяніна без задавальнення, а прысуд раённага суда — без змены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0