9 жніўня Гаспадарчы суд Гомельскай вобласці прызнаў арганізатараў канцэрту беларускамоўных бардаў вінаватымі ў ажыццяўленні незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Ларысе Шчыраковай і Дзмітрыю Жалезнічэнку неабходна выплаціць штраф у памеры 10 базавых велічынь (310 тысяч рублёў).

Сёння ў суд былі запрошаны сведкі, якія напісалі заяву ў інспекцыю па падатках і зборах аб тым, што яны плацілі за канцэрт незнаёмаму маладому чалавеку. Паводле іх слоў, хлопец стаяў на ўваходзе ў памяшканне, дзе праходзіў канцэрт, са скрыняй, падобнай да выбарчай скрыні. Сведкі абвінавачання - Пётр Валяеў, Антон Яначкін і Станіслаў Лапыка - сцвярджалі, што яны кінулі ў гэту скрыню па 5 тысяч рублёў. На падставе заяў гэтых сведак падатковая інспекцыя прыцягнула арганізатараў канцэрта да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Паводле слоў сведак абвінавачання, Л.Шчыракову і Д.Жалезнічэнку яны не ведаюць. Маладыя людзі таксама не сталі тлумачыць, з якой мэтай яны звярнуліся ў падатковую інспекцыю.

«Нягледзячы на тое, што прадпрымальніцкая дзейнасць прадугледжвае сістэматычнае атрыманне прыбытку, суд вынес рашэнне прызнаць Шчыракову і Жалезнічэнку вінаватымі. Але ж яны не атрымалі ніякага даходу ад канцэрта, і гэта было даказа ў судовым працэсе. Лічу, што гэта справа цалкам палітызаваная», - заявіў Леанід Судаленка, які прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізатараў канцэрта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?