Паводка ў басейне Прыпяці сёлета можа дасягнуць гістарычнага максімуму і пры пэўных умовах перавысіць яго. Пра гэта БелаПАН паведаміла начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Марына Нагібіна.

Паводле яе слоў, ужо цяпер назіраюцца затапленні жылых дамоў, падворкаў, гаспадарчых пабудоў і ўчасткаў аўтадарог у Петрыкаўскім, Жыткавіцкім, Мазырскім і Рэчыцкім раёнах Гомельскай вобласці, у Пінскім і Столінскім раёнах Брэсцкай вобласці. Аднак вясновыя працэсы толькі пачынаюць развівацца, і разгар паводкі прагназуецца на другую дэкаду красавіка.

Як сказала Нагібіна, у сувязі з вялікім накапленнем снегу і прагнозам яго інтэнсіўнага раставання складаная паводка чакаецца не толькі ў басейне ракі Прыпяць, але і ў басейне рэк Сож, Бярэзіна, Вілія, у ніжнім цячэнні Дняпра і Дзвіны.
«У залежнасці ад развіцця падзей падтапленні могуць быць больш значнымі ці, наадварот, менш значнымі, але сітуацыя можа скласціся вельмі неардынарная», — сказала спецыяліст.

Пакуль на большасці рэк захоўваецца ледастаў і ледастаў з палонкамі. Месцамі з’явілася вада на лёдзе, лёд пацямнеў. Таўшчыня ледзянога покрыва на рэках складае ад 20 да 52 см, на іншых вадаёмах — ад 48 да 62 см. Разам з тым назіраецца рост узроўню вады, сутачная інтэнсіўнасць складае ад 1 да 18 см. Закрайкі і шугаход адзначаюцца на Віліі, на асобных участках Нёмана і Прыпяці, некаторых іх прытоках, а таксама на прытоках Заходняга Буга і Сожа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?