Юлія Грышчук, адна з украінак, затрыманых падчас Дня Волі ў Мінску, апісала арышт і адседку на сутках.

«…На плошчы Бангалор мы селі ў аўтобус, праехалі некалькі прыпынкаў, выйшлі каля станцыі метро. І тут

усё адбылося як па сцэнары: пад’ехаў фіялетавы бус, выйшлі пяць амбалаў і, узяўшы за локці, сілком завалаклі ў аўто.

«Ветлівасць» у мянтоў — гэта з сферы фантастыкі, вядома.

«Чо прыехалі са сваёй хахляндзіі?» і «нечэва у нас тут флагамі махаць!» — гыркалі на нас, пакуль везлі у пастарунак.

У Савецкі РУУС, акрамя нас пяцёх, прывезлі яшчэ чатырох удзельнікаў акцыі. Нас завялі ў нейкую залу, а тыя, хто затрымліваў, размясціліся ў калідоры і пачалі «складаць» пратаколы.

Потым выявілася, што пратаколы ўсе, як пад капірку.
У мянтоў фантазіі — з верхам:
«Спрабавалі ўцячы, размахвалі рукамі, падалі на калені, упіраліся нагамі…» — такое напісана ў нашых пратаколах.

Узялі ў нас адбіткі пальцаў. Іх, дарэчы, у Беларусі бяруць нават калі чалавек толькі з’яўляецца падазраваным, у нашым выпадку — у «непадпарадкаванні» праваахоўным органам. Далей «фотасесія»: «павярніцеся правым бакам, левым, спіной».

Забралі ўсе нашы рэчы. прымусілі развязаць абутак, паздымаць рамяні, ланцужкі, завушніцы…

Прыпісалі нам артыкул 23/4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).
Вядома са складзеным пратаколам мы не пагадзіліся, вiну сваю не прызналі.
Адносна нашых правоў — нам не далі патэлефанаваць, адваката з моманту затрымання…

Турма

Пазней аказалася, што мы суткі праседзелі ў «знакамітай» турме на Акрэсціна. Туды нас даставілі на аўтазаку.

«Выходзь па адным», «становімся ўздоўж сцяны», — загадаў канваір.

Да нас выйшаў супрацоўнік гэтай турмы, яго я назвала загадчыкам гаспадаркі. Ён выдаў нам пасцель, з гордым тварам — кавалак туалетнай паперы і дуставае мыла. За гэта мы падпісаліся.

Хвалявалася, што нас раз’яднаць ці завядуць у агульную камеру, дзе «зэчкі» нас паб’юць, прымусяць спаць на падлозе ці яшчэ нешта…
Але пашанцавала — пасадзілі нас у двухмясцовую камеру.
Зайшоўшы туды, мы адчулі едкі смурод мачы, аж званітавала.

У камеры вільготна і холадна. мы леглі разам на адзін ложак, каб было цяплей. Але заснуць было цяжка: наглядчык увесь час зазіраў да нас. Відаць, яго вельмі зацікавілі маладыя ўкраінскія дзяўчаты…

Турэмную гнятлівую атмасферу дапаўняла радыё саўковага стылю.

Каля паўночы ў камеры перагарэла лямпачка, прыйшоў загадчык гаспадаркі і перавёў нас у другую — агульную. У ёй сядзелі нейкія алкагалічкі, магчыма прастытуткі… загадчык гаспадаркі даў заданне «галоўнай па камеры» нешта ў нас выведаць, аднак нічога ім не ўдалося. З-за стомы і эмацыйнага знясілення мы моцна заснулі.

Раніцай зноў ўключылі радыё. ;прыйшоў брыдкае наглядчык, сказаў, што «не люблю я Юль» і перавёў нас назад у тую двухмясцовую камеру.

Праз некалькі гадзін зноў прыйшлі мянты, правялі ў нас ператрус. У нашых кішэнях адшукалі па жэтону (мабыць баяліся, што мы ўцячэм адтуль на метро).

Ад ежы мы адмовіліся — гэта быў наш пратэст.

Перад ад’ездам да нас зайшоў «дырэктар» ЦІПу, цікавіўся, ці нас не крыўдзяць і ці задавальняюць умовы.

Суд

Каля 11 гадзін раніцы за намі прыйшоў дзяжурны. «З рэчамі на выхад», — сказаў ён. Аўтазакам нас прывезлі чамусьці не ў суд, а ў Савецкі РУУС, пасадзілі ўсіх у «малпоўнік», праседзелі там амаль да 15 гадзін.

Завялі ўсіх у залу суда, за намі прыглядаў канвой. Прыйшоў наш консул. Сказаў, што яму ніхто не тэлефанаваў з міліцыі, ён даведаўся аб арышце ўкраінскіх нацыяналістаў са СМІ.
Мы адразу папрасілі ў яго тэлефон, каб звязацца з «альянсаўцамі». Дазваніўшыся да сяброўкі, мы даведаліся, што «Нацыянальны Альянс» ужо ў Кіеве, пікетуе амбасаду Беларусі з патрабаваннем вызваліць субратоў. Украінскае тэлебачанне, інтэрнэт, радыё гудуць аб украінскіх палітвязнях.
Дзякуючы нашым беларускім сябрам, мы атрымалі адвакатаў, якія прадстаўляюць праваабарончую арганізацыю «Вясна». Скажу, што адвакаты — байцы, змагаліся да апошняга, мы ім вельмі ўдзячныя.

Пад сценамі суда сабралося вельмі шмат людзей, гэта былі беларускія журналісты, актывісты і сябры затрыманых. яны перадавалі нам ежу.

Да 20 гадзін вечара разгледзелі ўсе нашы справы.

Нас прызналі вінаватымі. Мне і Мусе (другая украінка — НН) прысудзілі 1 суткі зняволення, а Барвінку — папярэджанне, бо ён непаўнагадовы.

мы думалі, што ўжо ўсё скончылася, і мы бліжэйшым рэйсам зможам выправіцца дадому, але тут з’явіўся інспектар аддзялення грамадзянства і міграцыі. Ён выдаў нам «паведамленне пра разгляд пытання пра высылку з Рэспублікі Беларусь» і даведку, якая часова замяняе наш пашпарт.

З гэтай кучай макулатуры

мы паехалі ў Савецкі РУУС забраць нашы рэчы, дзе нашы «ўжо знаёмыя» запрашалі прыехаць яшчэ, з сарказмам кажучы «ды хуткай сустрэчы».

На наступны дзень у міграцыйнай службе разглядалі справу аб нашай дэпартацыі. Там зноў адбыліся допыты, знялі адбіткі пальцаў.

Рашэнне аб дэпартацыі яны так і не прынялі. сказалі, што разгледзяць на працягу 10 дзён. Наш кашмар скончыўся ўвечары. УРА! Мы — свабодныя!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?