Яго ролікі ў інтэрнэце збіраюць сотні тысяч, часам і мільёны праглядаў, яго называюць самым папулярным падлеткам інтэрнэту, а глянцавыя часопісы Расіі нясціпла пішуць пра яго, як пра «Новую ўладу рунэта». Яго любяць і ненавідзяць, ім захапляюцца, яго паводзіны пераймаюць.

Час змяняецца разам з аўтарытэтамі. Раней гэта былі пісьменнікі, філосафы і музыкі. Цяпер носьбітамі сумлення і прыкладу для пэўнай частцы моладзі становіцца інтэрнэт і яго героі. Рома Жолудзь — 17 гадовы відэаблогер, які стаў кумірам тысяч.

Хто такі?

Сапраўднае прозвішча Ромы — Керымаў. Нарадзіўся ён 1 лютага 1996 г. у Маскве. Бацькі хлопца забяспечаныя людзі, але разам не жывуць. Маці Ромы мае свой бізнэс, а тата — архітэктар, які жыве ў Амерыцы. На шматлікія здзекі, што хлопец «мамчын сынок» на сваёй старонцы Укантакце ён адказвае, што «насамрэч я ніякі не мажор, у мяне звычайныя бацькі, я вучуся ў звычайнай школе. Увесь рэйтынг мне зрабілі прыхільнікі, ну і шмат што я зарабіў сам». У школе Рома быў «белай варонай», сябраваў з дзяўчатамі і трымаўся ад усіх на адлегласці. Час бавіў у інтэрнэце. І вось, аднойчы, наглядзеўшыся шматлікіх амерыканскіх відэаблогаў, хлопец вырашыў стварыць нешта сваё: " Штодня бачыць Алу Барысаўну і Галкіна не вельмі вабна для моладзі», — кажа ён у праграме на ТНТ. Першы свой ролік Раман стварыў у 13 год. Цяпер наведвальнасць яго відэаблога ў некалькі разоў перавышае прагляды відэа з Дзімам Білана.

За што яго любяць?

Што стала чыннікам такой, не пабаюся сказаць, шалёнай папулярнасці сярод моладзі не вельмі зразумела, але дзяўчаткі пішчаць, і гэта факт. Калі спалучыць вобраз моладзевага героя і тэмы яго відэаблогаў з зацікаўелннямі сучаснай моладзі, то прамалёўваюцца цікавыя высновы. Як высветлілася, тысячы дзяўчатак прывабліваюць дагледжаныя хлопчыкі у моднай вопратцы з доўгімі чубамі і ўласным меркаваннем на любую тэму.

«Рома такі прыгожы, такі модны і разумны. А як ён высмейвае ўсё і ўсіх, нікога не баіцца, смелы! Яго заўсёды хочацца глядзець. Было б добра, каб з яго бралі прыклад сучасныя хлопцы. Ён мне вельмі падабаецца. Я яго люблю і мару хоць аднойчы пабачыць. А ролікі яго смешныя, цікавыя, яны шмат чаму вучаць», — з ахвотай распавядае пра Рому «Нашай Ніве» адна з яго фанатак.

Быць незалежным у выказваннях, мець уласную пазіцыю на любую тэму стала модным. Рома ўжо стварыў некалькі дзясяткаў ролікаў. У іх ён распавядае пра ўласнае жыццё, назіранне за рэчамі, дае парады і проста крута выглядае. Усе відэа насычаныя падлеткавым нігілізмам і ўпэўненасцю ва ўласнай філасофіі жыцця.

Акрамя Ромы, у роліках часам бярэ ўдзел ягоная матуля, бабуля, сяброўкі і нават сабака, з якім ён размаўляе. Сарказм з грамадскіх праблем, высмейванне кансерватыўных каштоўнасцяў і дзёрзкія выразы ствараюць вобраз «bad boy», які стаў такім папулярным.

Фанаты і антыфанаты

Прыхільнікі зоркі ўяўляюць з сябе шматтысячную армію дзяўчатак 13–17 год, для якіх Рома не толькі гуру жыццёвай філасофіі, але і ўзор прыгажосці. Паўмільёны падпісчыкаў «Вконтакте» і сотні разбітых сэрцаў — вось вынік такой папулярнасці. Дзяўчаткі гатовыя на ўсё дзеля таго, каб толькі атрымаць хвілінку ўвагі ад свайго ідэалу. Яны праліваюць слёзы, робяць відэазвароты, прызнанні і падарункі.

Але акрамя прыхільнікаў і фанатаў Рома Жолудзь мае вялікае кола антыфанатаў, якія не абмяжоўваюцца стварэннем відэа, у якіх падрабязна распавядаюць, чаму новы моладзевы герой ім не імпануе. Былі выпадкі, калі антыфанаты ўжывалі «цяжкую артылерыю» і закідвалі куміра яйкамі.

Працягвае зарабляць бабло

Рому гэтыя моманты не асабліва хвалююць, ён паспяхова здымаецца ў рэкламе, займаецца мадэльным бізнэсам і з пэўнай перыядычнасцю з’яўляецца на тэлеэкранах Расіі.

У красавіку 2012 г. Жолудзь пабываў у ролі сувядучага выпуску тэлепраграмы «Пусть говорят» на Першым канале, што выклікала новы прыступ абурэння ў «антыфанатаў».

Да ўсяго іншага, хлопец займаецца музыкай. У 2012 годзе ўжо выйшлі відэакліпы на песні «LIKE» і «Я не игрушка для тебя». Рэкламадаўцы плацяць вялізарныя грошы і мараць размясціць рэкламу на яго старонках у інтэрнэце. І як ў адной з гутарак прызнаўся сам Рома: «Таму я працягваю рабіць што хачу і зарабляю рэальнае бабло».

У Беларусі ўласных куміраў такога тыпу мас-культура яшчэ не прадукуе. Як і ў часы «Ласкавага мая» маем толькі «агульнасаюзных». Але калі Юра Шатуноў хаця б спяваў, Рома Жолуд нават не спявае. Ён проста здымаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?