Прэстыжнае амерыканскае выдавецтва Northwestern University Press выпусціла раман Віктара Марціновіча «Параноя», у свой час напаўзабаронены ў Беларусі. Reality-антыўтопія, а менавіта так аўтар вызначае жанр кнігі, выйшла ў 2009 годзе ў найбуйнешым расійскім выдавецтве АСТ. Прадмову да амерыканскага выдання напісаў выдатны гісторык Цімаці Снайдэр. Гэта ён першым звярнуў увагу амерыканскіх чытачоў на раман, апублікаваўшы рэцэнзію на яго ў «Нью-Ёрк рэв’ю оф букс».

«Самой кнігі я яшчэ не бачыў, — расказаў НН Віктар Марціновіч. — Цалкам перакладу мне не дасылалі, відаць, каб пазбегнуць кніжнага пірацтва.
Я бачыў толькі фрагмент, які быў надрукаваны ў часопісе Epiphany. Пераклад падаўся мне вельмі якасным. Перакладчык — прафесар славістыкі Даен Немец-Ігнашава — шчыльна і доўга працавала з тэкстам. Пасля з ім не меней шчыльна працаваў рэдактар».

«Наша Ніва»: З тэксту рамана знікла слова «Мінск». Чаму?

Віктар Марціновіч: Рэдактар прапанаваў прыбраць. Затое на вокладцы — мінская плошча Перамогі, адно з самых пазнавальных месцаў у горадзе. У тэксце рамана шмат намёкаў на краіну, у якой адбываецца дзеянне: галоўны герой — аўтар зборніка «Краіна на літару „Б“», прыгадваецца і «апошняя дыктатура Еўропы» ў іранічным ключы.

Я пагадзіўся, што Мінск з тэксту можна прыбраць — так эстэтычна лепей, не «ў лоб».

«Наша Ніва»: Як вы ўяўляеце сваю амерыканскую аўдыторыю?

ВМ: Гэта любы чалавек, які ведае пра існаванне іншых краінаў апроч ЗША. Кніга мае дэтэктыўны сюжэт, гэта гісторыя пра каханне. Ці стрэліць «Параноя»? Не ведаю, з іншага боку, мегапапулярная кніга «50 адценняў шэрага» таксама прыйшла да чытачоў з інтэрнэту, таму ўсё можа быць.

«НН»: Апроч таго цягам пары месяцаў у інтэрнэце і кнігарнях мусіць з’явіцца Ваш новы раман — «Сфагнум»…

ВМ: Мы супольна з незалежным Саюзам пісьменнікаў і сайтам 34mag.net плануем выпусціць кнігу ў маі.

«Сфагнум» напісаны па-расейску, але на паперы выйдзе ў беларускім перакладзе,
які зрабіў Віталь Рыжкоў. А вось сеціўны рэліз на 34mag.net будзе расейскамоўным.
Дзіўная сітуацыя, але гэтая кніга яшчэ ў рукапісе трапіла ў лонг-ліст расейскай прэміі «Нацыянальны бестселер». Канечне, прэмію яна не атрымае, бо я беларус,
а прэмія разлічаная на расейскіх пісьменнікаў, па-другое, гэта толькі рукапіс. Але мяне гэты факт узрадаваў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?