Даля Грыбаўскайце і пасол Эвалдас Ігнатавічус.

Даля Грыбаўскайце і пасол Эвалдас Ігнатавічус.

Літва імкнецца ствараць канструктыўныя адносіны з суседзямі, заснаваныя на еўрапейскіх прынцыпах, заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, уручаючы 2 красавіка ў Вільні даверчыя граматы літоўскаму паслу ў Беларусі Эвалдасу Ігнатавічусу.

Як паведамляе прэс-служба літоўскага прэзідэнта, Грыбаўскайце адзначыла, што Літву і Беларусь звязваюць эканамічныя, культурныя і транзітныя сувязі. Мэта Літвы — канструктыўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з суседзямі, што грунтуюцца на еўрапейскіх прынцыпах і нормах, сказала яна.

Грыбаўскайце падкрэсліла, што Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства». Саміт краін Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільні ўвосень.
На Літву як на будучага старшыню ЕС (з 1 ліпеня 2013 года) «кладзецца задача супрацоўніцтва з Беларуссю па гэтых пытаннях», дадала кіраўнік дзяржавы.

У паведамленні прэс-службы Грыбаўскайце таксама адзначаецца, што Літва і Беларусь падпісалі пагадненне аб спрошчаным перасячэнні мяжы. Зараз чакаецца завяршэнне ўнутраных працэдур з боку Беларусі, пасля чаго жыхары абедзвюх краін змогуць лягчэй перасякаць мяжу.

Пасольства Літвы ў Мінску працуе без надзвычайнага і паўнамоцнага пасла з канца 2012 года, калі ранейшы кіраўнік дыпмісіі Лінас Лінкявічус быў прызначаны міністрам замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.

Новы пасол Літвы ў Беларусі 46-гадовы Эвалдас Ігнатавічус плануе прыбыць у Мінск на наступным тыдні, пасля велікодных канікул. Паводле дэкрэта літоўскага прэзідэнта, выкананне сваіх абавязкаў пасол павінен пачаць 8 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?