Віталь Навумовіч, першы муж Вольгі Класкоўскай і бацька яе старэйшай дачкі Міраславы, гатовы забраць дзяўчынку да сябе:
«Калі Міра прыедзе, я буду толькі рады. Гэта вельмі непрыемная сітуацыя. Я быў супраць таго, каб Міраслава ўвогуле выязджала з Беларусі яшчэ ў 2007 годзе. Але для дзіця маці заўжды добрая».
Віталь нагадвае, што па рашэнні беларускага суда, якое было прынятае яшчэ да эміграцыі Вольгі Класкоўскай, апекуном Міраславы з'яўляецца ён. Дзяўчынка таксама зарэгістраваная ў ягонай мінскай кватэры.
Бабуля Міраславы, Таццяна Навумовіч, таксама пацвярджае гатоўнасць выхоўваць унучку ў Беларусі.
Пасля таго як Вольга Класкоўская апынулася ў шведскай турме па абвінавачанні ў замаху на забойства мужа, месцазнаходжанне яе старэйшай дачкі Міраславы не вядомае. Сувязь з ёю падтрымлівае сябар Вольгі былы сустаршыня Саюза беларусаў Швецыі Аляксей Ліцвінчык.
«Я маю з ёю кантакт праз тэлефон. Яна сказала, што ў яе ўсё ёсць, усё выдатна, ежа ёсць. Грошы на тэлефон я ёй паклаў, яна цяпер мае кантакт з сваёй бабуляй у Беларусі. Але ў любы момант яна можа прыйсці да мяне жыць».
Міраславе Навумовіч 11 гадоў.