З Арынай мы пазнаёміліся ў канцы 2007 года, вельмі цяжкага для яе: смерць маці, развод…
Мы размаўлялі доўга, шмат, запісвалі гутаркі: яе перажыванне павінна было мець творчы плён. Але яна так і засталася незразуметай. Так было задумана.
У яе былі свае правілы, свая сістэма каардынатаў, дзе акрамя яе ніхто не выжывае, толькі застаецца на нядоўгі час.
Яна спрабавала не заўважаць дрэннага і бачыць добрае, спрабавала думаць кожны дзень па-новаму, па-чыстаму, пакідаючы з мінулага толькі светлае.
Прапаную замалёўкі з запісанага, каб успомніць і запомніць, узгадаць тое, што было важна, дзеля чаго жыла…

Пра архіў

«Хачу здаць сваё жыццё у архіў», — сказала Арына.
І пачала «здаваць». Тры дні поўзання па падлозе, перабірання папераў, падпісвання фотаздымкаў, — усё, што прапануе вынік жыцця ў пэўным пункце. Плыні інфармацыі. Жаданне згадаць і забыцца, пачаць новае.

Кватэра жыве па сваіх унутраных законах, створаных для развіцця ўсіх, хто тут знаходзіцца. У ёй амаль няма рэчаў, якія гэтаму не спрыяюць: фіранак, сурвэтак, чагосьці яшчэ, што ствараецца жаночай сутнасцю, скіраванай на утульнасць жыцця. Тут ствараецца само жыццё, мэта якога — рухацца і ісці. Псіхалагізм з усіх шчылін.

Пра дзяцей

«Усё жыццё — дзецям, усё, што раблю, гэта для іх. Заўсёды так казала і думала. І Вінцук таксама. Але на самой справе мы заўсёды былі занятыя справамі, дзеці раслі самі па сабе, па прынцыпе: «На бацькоў спадзявайся, але сам не губляйся».
Дзеці вельмі самастойныя. Калі яны што-небудзь просяць, я ім заўсёды даю гэта…
Купляючы адну булачку ці сырок, заўсёды дзялілі яго на пяць кавалкаў… Дзеці жылі рэальным жыццём, разлічваючы на свае сілы, у адрозненне ад нас з Вінцуком. Мы жылі ілюзорным, нерэальным жыццём служэння іншым.
Нашы дзеці навучыліся рэальна ацэньваць сваё жыццё, свае магчымасці, сваіх бацькоў. За кошт бацькоў для іх жыць было немагчыма. Дзеці выраслі незалежнымі, раскаванымі, цікавымі, рамантычнымі… Яны маюць вельмі вялікі спазнаваўчы інтарэс да жыцця, вельмі хутка засвойваюць новую тэхніку, новыя тэхналогіі. Спецыяльна я гэтага не закладала, толькі перадавала свой інтарэс: паглядзі, вось гэта цікава, гэта цікава… Я ніколі не казала, што павінны яны рабіць. Калі не ўдавалася, пыталіся… Для мяне было радасцю, калі дзіця прасіла дапамагчы рашыць задачу».

Пра людзей новай тэхналогіі

Гэта тэрмін Арыны — людзі, што ўяўляюць сабой пэўны мікракосм, не патрабуючы і пазбягаючы шчыльнага кантакту з асяроддзем, успрымаючы яго толькі як асабісты рухавік.
Яны аўтаномныя, незалежныя, патрабуюць выгады, дывідэнду ад стасункаў. Гавораць «я хачу» і рухаюцца да гэтага, выбіраючы найбольш прыдатныя сродкі.
Людзей новай тэхналогіі не цікавіць асабістая, жыццёва-душэўная багна. У кожнага яна свая і не тычыцца іншых. Яны імкнуцца яе не заўважаць. Ад чалавека патрабуюць толькі аднаго: быць вясёлым, цікавым ці патрэбным — патрэбным для яго жыцця.
Гэтыя людзі ніколі не бываюць старымі, таму што маюць сваю асабістую шкалу, дзівосным чынам не суадносячы сябе з іншымі. Арына была чалавекам новай тэхналогіі…

Пра рэканструкцыю

«Апісаныя прадметы не перадаюць сутнасці, сутнасць можа спасцігнуць толькі рэканструктар, зрабіўшы копію музыкальнага інструмента, пачаўшы на ім іграць, паступова разумеючы філасофію і псіхалогію таго жыцця.
Чаму тут дзве дзірачкі, навошта тут заклёпачкі, чаму флейта была пагрызеная, чаму тут была костачка лебедзя, там костачка качачкі. Цэласная інфармацыя аб жыцці мінулым.

Праведзены эксперымент: пашыць гатычную сукенку з трохметровым шлейфам, папярэдне выткаць на адпаведным станку тканіну, не 150, а 60 сантыметраў, пахадзіць у ёй, каб не наступілі, патанчыць, каб не зваліцца, пасля памыць па той тэхналогіі, і тады зразумееш, чым займаліся жанчыны ў тыя часы. І як яны вырашалі іншыя пытанні. Зразумець, як існавала грамадства. Тэарэтычныя гісторыкі губляюць аўтарытэт.

Па апісанні адзення пахаванай жанчыны на мяне павесілі ўсё, што магчыма. Я амаль не магла ісці: „Усё. Да пахавання гатова“. Ні танчыць, ні працаваць, ні проста рухацца ты ў гэтым не можаш. Адкрыла для сябе, што жанчыны з цягам часу не мяняюцца, кожная хоча быць найпрыгажэйшай. Прыходзячы ў клуб, дзяўчыны звычайна купляюць максімум тканіны, робяць як мага даўжэйшы гатычны хвост, пасля першага ж фэсту пачынаюць яго рэзаць ці зашпільваць. Разумею тых чыноўнікаў, якія выдавалі загады, што хвост не можа быць даўжэйшым, бо інакш шмат людзей не змесціцца ў зале. Трохметровы хвост у тыя часы сведчыў аб наяўнасці багатага мужа. Найпрыгажэйшай лічылася цяжарная жанчына, але дзяўчаты ў клубе наадрэз адмаўляліся насіць падушкі на жываце».

Пра абмежаванасць

Для Арыны абмежаванасць — гэта самае непрымальнае, немагчымае, сумнае, што можа адбыцца з чалавекам. Яна творца, мастак, які бачыць і жадае, каб кожны ўбачыў, пакладае на гэта высілкі, імкнецца.
Вынік — гэта не выпадковасць, мітусня, дурасць і дурнота. Гэта цяжкая фізічная праца над сваёй душой, сваёй асобай, праціранне яе мыючымі сродкамі, да таго стану, пакуль не стане бачна. Ацаніць зможа толькі той, хто сам мые. Для каго няважны выгляд: падраныя панчохі, брудныя боты, несучасная сукенка. Галоўнае гармонія з успрынятым наваколлем, тонкая хісткая існасць, якую немагчыма парушыць выглядам, але магчыма бруднымі рукамі і абмежаванасцю.

Пра беларускае

«Калі ты адчуеш, што ты беларус і ляціш у касмічнай прасторы планеты Зямля, тады ты паўнавартасны. Квасны патрыятызм і нацыянальная абмежаванасць знішчае культуру.

Нармальна — жыць культурай свайго народа, але бачыць астатнія, усведамляючы сваю каштоўнасць у ёй. Хваліцца і выдзяляцца з дапамогай яе — гэта няправільна.
Правільна — натуральна, арганічна ў ёй жыць і працаваць…

Беларускага фальклору, песні, традыцыі няма: усё, што ёсць у беларусаў, ёсць і ў іншых народаў. І гэта няважна. Нікому гэтыя доказы непатрэбныя. Калі людзі, што жывуць на гэтай зямлі, пабачылі гэта і палічылі беларускім, значыць яно такім і ёсць.

Француз не будзе даказваць, проста скажа, што гэта французская песня… Палова іх песень — кельцкія ці германскія, але гэтым трэба ганарыцца.

Стварэнне дзяржаўнасці, нават без беларускай мовы, з’ява станоўчая… Галоўнае, каб захавалася дзяржава і каб людзі ўсведамлялі, што гэта дзяржава Беларусь, а усё астатняе будзе дадавацца.

Мы спынілі працэс знішчэння культуры…
Сімволіка, мова — усё гэта ёсць, яно дадзена і будзе жыць».

Пра жанчыну і мужчыну

Арына — пачуцці, перажыванні, эмоцыі, жыццё унутранага свету, якое на першым месцы — усё астатняе потым.

Масла, цукаты, мука — закупы — па напісаным пераліку. Заходзячы ў краму, Арына трымае яго побач, бо сотні тысячы варыянтаў, спалучэнняў таго, што можна купіць, змятаюць з думак патрэбнае.

Мужчына абыдзецца без пераліку, яго думка скіравана на вынік: трэба купіць хлеб — купляе хлеб.

Калі патрэбен вынік — жанчына звяртаецца да мужчыны, які апранае яе бязмежную энергію ў патрэбную форму. Калі мужчыну патрэбны промнік для дасягнення яго грандыёзных планаў — ён звяртаецца да жанчыны. Прыгожая натуральная гармонія, разбурэнне якой не прыносіць добрага ні мужчыну, ні жанчыне.

Для Арыны праца, грошы, матэрыяльнае адыходзілі на другі план, бо самае галоўнае — унутранае: «Я закахалася… У мяне праблемы ў сям’і… Трэба дапамагчы дзецям…»

Дапамагаць, аддаваць — натуральнае імкненне і патрэба жанчыны, якія падчас перастаюць цаніцца.
Мужчыны маюць схільнасць прысвоіць усё сабе. Крыўдна.

Пра палёты

«У мяне была звычка з самага дзяцінства задумвацца, і тады я не ўсміхалася. Тата падыходзіў і вельмі жорстка пытаўся: «Што здарылася? Чым ты незадаволена? Ты што, жыццём не задаволена? Не падабаецца? Жылля няма? Ежы няма?».
Звычайна мне не было чаго на гэта адказаць.
Радасць, усмешка, адкрытасць, аддача сябе іншым — усё гэта патрабавалася ад нас.
Мае школьныя сябры жартавалі што калі-небудзь я траплю пад колы машыны, калі не перастану задумвацца, пераходзіць у іншае вымярэнне. Там блікі святла, колеры… Прадмет я заўсёды імкнулася не прааналізаваць, але асэнсаваць, адчуць сутнасць. Рашэнні ўсплывалі самі па сабе. Думала шмат пра чалавечыя адносіны, чаму людзі «так робяць». Псіхалагізм па жыцці. У палёце шукала адказы. У палётах бачныя карціны, я пачала маляваць. Гэта не тэхнічна, не розумам. Малюю настрой, вершы. Музыка — таксама настрой. Любіла на ровары заехаць далёка, туды, дзе можна было спакойна памарыць. Ехала аднойчы, у галаве напісаўся верш і потым так стала махаць рукамі, што ровар упаў і я разбілася — рукі, калені здзёртыя…»

Слоўнік Арыны

Ежа — не важна, галоўнае здароўе; адзенне — не важна, галоўнае —каб было утульна.

Дом — гэта месца, куды чалавек вяртаецца, месца, дзе яго чакаюць. Гэта месца, дзе дзеці і творчасць.

Сябар — той, хто разумее, хто верны табе, адстойваючы твае інтарэсы, і хто верыць у цябе, вымалёўваючы магчымасці.

Палітыка — спосаб кіраваць людзьмі, навязваць ім чужое.

Словы, якіх не было ў слоўніку Арыны: адзінота, пустэча…

Не люблю…

«Не люблю прымусу, гвалту.

Не люблю, каб бралі без дазволу, глядзелі і чапалі маю творчасць і рэчы.

Не люблю, калі ў мяне забіраюць час.

Не люблю дробязнасці, прыдзірлівасць.

Не люблю, калі на мяне крычаць, чытаюць маралі.

Не люблю, калі мае словы не слухаюць.

Не люблю жаночых плётак.

Не люблю, калі папікаюць грашыма.

Не люблю, калі мяне хочуць увесці ў нейкія нармальныя нормы.

Не люблю, калі не падаюць рукі і не бяруць цяжкія торбы.

Не люблю, калі праводзяць паралелі з іншымі людзьмі

Не люблю аддаваць сваё іншым, калі гэта не падарунак.

Не люблю рабіць тое, што не ўмею.

Не люблю гладкага і ніякага».

Часам здавалася, што, калі прыслухацца, можна пачуць жалезны скрыгат Арынінай душы, душы, якая перажывае, якая спрабуе вырвацца, навучыцца жыць далей.
Але ніколі не скардзілася. Немагчыма было паверыць у тое, што ёй цяжка. Ніхто і не верыў. Арыне проста не магло быць цяжка. Яна жартавала, расказвала анекдоты-байкі і няспынна рухалася, але ж балела, балела моцна. Стан «Маргарыты над Масквой», стан няспыннага і нястомнага штодзённага пачатку «новага жыцця»…

* * *

5 красавіка 2012 года ў аэрапорце Вільні ў Арыны Вячоркі здарыўся інсульт. Ад таго часу яна заставалася ў коме. Яна пайшла з жыцця ў Вільні 9 красавіка 2012 года.

Таксама чытайце:

Гісторыя аднаго цуду: Арына Вячорка
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?