Жылі-былі дзве сяброўкі. Галка — маладая удава гадоў за трыццаць, з сынам-школьнікам і вялікай світай прыхільнікаў са значна маладзейшых яе хлапцоў, якіх яна мяняла бы пальчаткі, не зважаючы на чыесьці пачуцці. Казалі нават, што і мужа свайго давяла да пятлі, але наконт гэтага не моцна і замарачвалася, жывучы на сваё задавальненне. Нюра — вольная кабета гадоў пад трыццаць, не абцяжараная нікім і нічым, але надта разважлівая, разборлівая ды сур'ёзная. Паміж жанчынамі была вялізная прорва. Але яны сябравалі, цудоўна дапаўняючы адна адну, разам калі-нікалі збіраліся паесці торціку з вінчыкам ды дзяліліся паміж сабой жаночымі сакрэтамі.

Пакуль аднойчы не стаў паміж імі малады дваццацігадовы хлопчык. Спачатку ён заляцаўся да старэйшай, а яна гуляла з ім як котка з мышанём, не адпіхваючы, але і не падпускаючы да сябе надта блізка, распальваючы яго і здзеквалася з ягоных пакутаў. Сяброўцы ж яе гэты хлопчык падабаўся проста як чалавек. Ведаючы, што той страчаецца з дзяўчатамі свайго ўзросту, ад душы яму жадала лепшага шчасця, не аднойчы асажваючы Галку ў яе занадта здзеклівых гульнях... і сама не заўважыла, як закахалася ў яго.

Нюра страшылася гэтага пачуцця. Яна не хацела нават самой сабе прызнавацца ў тым, што гэты хлопчык значыць для яе значна больш, чым проста сябра. Дый розніца паміж імі была не толькі ва ўзросце. Максім, выпівоха і валацуга, легкадумны, больш даспадобы быў да Галкі, але штось у ім было такое, што вабіла і прыцягала правільную Нюру. І не аднойчы выцягваючы яго з розных непрыемнасцяў, яна ўсё больш і больш прывязвалася да яго. І аднойчы прачнулася разам з ім у адным ложку. Што вельмі хутка сталася вядома Галцы — і сяброўку як падмянілі. Пры сустрэчы з Нюрай гаваркая жанчына ўсё больш адмоўчвалася, адварачвалася і рабіла каменны твар з такім выглядам «я з табой не сябрую, ты забрала ў мяне любімую цацку». Нюра ж вырашыла не надта звяртаць на гэта ўвагу, абдумваючы свой так знянацку ўзніклы раман. Што яна будзе рабіць далей? Інтымныя сустрэчы з Максімам працягваліся, але яны дамовіліся паміж сабой, што ніякіх асаблівых прэтэнзіяў адзін да аднаго мець не будуць. Але чым далей заходзіла сувязь — тым складаней было стрымліваць сябе, каб на людзях не паказаць забароненае пачуццё. І тым складанейшымі рабіліся адносіны паміж сяброўкамі. Галка са скуры вон лезла, адчуваючы, што страчвае свой «непераходны аўтарытэт», яна страціла апошнія кроплі годнасці, спрабуючы звярнуць увагу хлапца на сябе, яна ў адкрытую цягалася і бегала за ім, прапаноўваючы сябе яму, а ён, як некалі быў зацікаўлены ў гэтай даступнай усім жанчыне, так цяпер абыходзіў яе за кіламетар і ішоў да Нюры. Яму падабалася гэтая таемнасць у адносінах, ён хацеў быць з крыху сарамлівай і сціплай, смяшлівай дзяўчынай. І яго да яе цягнула. Нюра нічога не патрабавала, яна адчувала сябе ўпершыню за столькі гадоў проста шчаслівай. І ад таго няшчаснай — бо ведала, што гэтая іх сувязь небяспечная, а таму не можа працягвацца доўга... І ёй было страшна.

Галка, бачачы, што сваімі дзеяннямі толькі смешыць людзей, пачала наступ з іншага боку. Як толькі выдавалася такая магчымасць, яна імкнулася скампраметаваць Нюру перад Максімам, выставіць яе ў горшым святле, ды толькі, як і раней, нічога не ўдавалася, а ўсе словы і выказванні накшталт «Ты бегаеш за хлопцамі, а ў іх на цябе не стаіць, бо яны бегаюць за мною, і на мяне стаіць у іх» не мелі ніякай іншай рэакцыі, акрамя смеху. І тады яна перайшла да цяжкай артылерыі — падсылала да іх іншых хлапцоў, якія наўмысна імкнуліся прынізіць Нюру ў вачах Максіма рознымі байкамі пра яе даступнасць... Гэта не магло прайсці ўжо так лёгка — і Максім пачаў цікавіцца ў Нюры яе асабістым жыццём у тыя дні, калі яны не бачыліся і не былі разам.

Нюра трымалася. Яна ведала, што так доўга працягвацца не можа. Але яна спадзявалася на розум Максіма і на тое, што ён ўрэшце зразумее, хто з іх чаго варты. Аднак Нюра вымушана была на нейкі час па стане свайго здароўя легчы ў шпіталь. І Галка скарысталася момантам. Не, яна не заскочыла да яго ў штаны — туды ёй доступу не было. Яна знайшла маладзенькую прывабную дзяўчынку, якую і падаслала пад Максіма ў зручны момант. А калі Нюра паправілася, спакойна пачала збоку назіраць за гэтым трохкутнікам, раз-пораз падліваючы алею ў агонь.

А Нюра, ведаючы пра тое, што ў хлапца, акрамя яе яшчэ хтосьці ёсць, усё вагалася, змагаючыся сама з сабою і не жадаючы прызнавацца, што яна яго кахае. Неяк у жарт аднойчы абмовіўшыся, што Максіму патрэбна ажаніцца (на гэтай падасланай дзяўчыне), яна ўсё часцей пачала адганяць ад сябе рэўнасць і непакой аб яго вольным часе...

Родныя хлапца ведалі пра яго сувязь з Нюрай. І ім вельмі падабалася гэтая дзяўчына, побач з якой Максім і сам рабіўся больш сур'ёзным, адказным, сталым. Яна не была падобнай да ўсіх ягоных астатніх старлетак, і родныя спадзяваліся на іх хуткі шлюб. Але аднойчы ўсё зрушылася.

Нюра зацяжарыла. Каб не напужаць гэтай навіной Максіма, яна зрабіла асцярожны намёк, не націскаючы, не чакаючы ад яго ніякіх паспешлівых рашэнняў — дала час падумаць. Цяжарнасць, жаданая ёю, была ўсё ж неспадзяванай і нечаканай. Рана было для новага чалавечка. Вельмі рана.

Галка, неяк даведаўшыся пра цяжарнасць, паспяшыла зрабіць апошнія захады, каб разлучыць Нюру і Максіма. Падгаварыла Кацю сказаць, што і яна цяжарная, чым паставіла хлапца ў вельмі складанае становішча. І калі ён напачатку быў згодным з дзіцём Нюры, то пасля такой навіны павінен быў выбіраць. У адрозненне ад Нюры, Каця, яшчэ зусім маладзенькая, была ёй поўнай супрацьлегласцю. Глушыла гарэлку на роўных з мужыкамі, паліла цяжкія і моцныя цыгарэты, любіла і падгульнуць у п'яных кампаніях. Яна была не мясцовай — прыехала здалёк, аднойчы пакінуўшы родны дом: праз сваю празмерную цягу да вясёлага жыцця, не знайшла паразумення з бацькамі. Тут жыла на кватэры цёткі, якой таксама не вельмі то і падабалася трымаць на шыі такое дзяўчо. Вось і цаплялася за хлапца з надзеяй неяк ушчапіцца за гэты край.

А Максім не ведаў, што яму рабіць. Ён заблытаўся. Ён не мог вырашыць, што яму рабіць, і лез у бутэльку. Нюра моўчкі чакала ад яго рашэння. Яна таксама ўпершыню патрапіла ў такое становішча, а таму не ведала, што рабіць. Наслухаўшыся розных парадаў, моўчкі стаяла ўбаку і чакала. У той час, калі патрэбна было браць хлапца за каршэнь і трэсці, ціснуць і патрабаваць ад яго мужчынскага ўчынку. І дачакалася. Каця зацяжарыла на самой справе. Яе цётка выставіла няўрымслівую дзяўчыну за дзверы. Дый працу дзяўчо страціла. А Максім маўчаў. І тады Нюра сама вырашыла. Усё за ўсіх. Дзіцё, якое чакала яе суперніца, павінна мець бацьку. І яно павінна жыць. Яна ж сваё здолее выгадаваць і адна. І таму сышла яна. Пакінуўшы іх, усіх траіх — Галку, Максіма, Кацю — святкаваць свой «трыумф».

Праз некаторы час Нюра нарадзіла цудоўную дзяўчынку, якой вельмі радавалася і атачыла сваё дзіця любоўю і клопатам. Каця ж, і падчас цяжарнасці не пакідаючы сваіх шкодных звычак, нарадзіла хлапчука на месяц раней тэрміну. Ды нават і нараджэнне яго не паўплывала належным чынам на бядовую дзеўку. Кідала немаўля на бацьку, сыходзіла на пагулянкі, знікаючы дзесь тыднямі, вярталася дадому п'янай. Яе паставілі на ўлік як нядобранадзейную валацугу. А Максіму нічога больш не заставалася, як глядзець сваё дзіця, бо ён усё зразумеў. І толькі сумленне не дазволіла яму узяць сына і пайсці з павіннай да Нюры. Было ўжо запозна.

Што ж датычыць Галкі, то яна працягвала жыць у сваё задавальненне, ламаючы лёсы іншых людзей, пакуль яе сын, выдатна ўсё разумеючы і ўсведамляючы, аднойчы абвінаваціў маці ў смерці свайго бацькі і сышоў ад яяе жыць да сваёй цёткі.

На аліменты Нюра не падавала — Максім і без таго ўжо залішне пакараў сам сябе: змушаны цярпець Кацю і гадаваць хворага сына, губляючыся ў здагадках, ці ягоны ён увогуле... А ад гэтага яшчэ глыбей і больш працягла пачаў зазіраць у бутэльку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?