Карпарацыя Microsoft завяршыла першы этап маніторынгу беларускіх кампаній, якія гандлююць камп’ютарнай тэхнікай, на прадмет устаноўкі імі неліцэнзійных копій праграмных прадуктаў.

У снежні 2012 года офіс Microsoft у Беларусі запусціў праграму Mystery Shopper («Тайны пакупнік»), мэтай якой былі збор інфармацыі аб узроўні камп’ютарнага пірацтва сярод кампаній, якія ажыццяўляюць рэалізацыю камп’ютарнай тэхнікі, а таксама маніторынг узроўню прававой дасведчанасці персаналу кампаній-рэселераў ПК у пытаннях абароны аўтарскіх правоў і супрацьдзеяння камп’ютарнаму пірацтву.

Як паведамілі ў агенцтве PR-Labs, падчас першага этапу былі ажыццёўленыя 160 візітаў «тайных пакупнікоў» у восем найбуйнейшых рознічных сетак.

Па выніках маніторынгу зроблена выснова аб тым, што ў параўнанні з пачаткам 2012 года ў цэлым назіраецца пазітыўны трэнд зніжэння колькасці прапаноў пірацкага праграмнага забеспячэння (ПЗ), аднак у палове правераных гандлёвых пунктаў па-ранейшаму ажыццяўляецца адкрыты продаж камп’ютарнай тэхнікі з пірацкімі копіямі і гандлёвы персанал адкрыта займаецца ўстаноўкай пірацкіх праграм непасрэдна ў магазіне.

«Высокі паказчык узроўню камп’ютарнага пірацтва ў Беларусі — 87% у 2011 годзе паводле звестак BSA і IDC — таксама з’яўляецца і вынікам нізкага ўзроўню прававой дасведчанасці як прадаўцоў, гэтак і пакупнікоў камп’ютараў аб рызыках распаўсюджання і выкарыстання неліцэнзійнага ПЗ», — зазначае Яўген Данілаў, дырэктар па ліцэнзаванні Microsoft у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Пункты продажу камп’ютараў з’яўляюцца адной з асноўных крыніцаў з’яўлення пірацкага ПЗ на камп’ютарах.
Прадаўцы ў адкрытай ці прыхаванай форме прапаноўваюць пакупнікам «зэканоміць» за кошт устаноўкі неліцэнзійнага ПЗ, у тым ліку беручы за гэта з пакупнікоў асобную плату. Маніторынг паказаў, што ў 28 выпадках пакупнікам прапаноўваліся «дэманстрацыйныя версіі» аперацыйнай сістэмы Microsoft Windows, а ў 20 выпадках гандлёвы персанал прапаноўваў устанавіць любое ПЗ за асобную плату.
Як зазначаюць прадстаўнікі Microsoft, прадаўцы, карыстаючыся нізкім узроўнем дасведчанасці пакупнікоў ПК, часта прапаноўваюць устанавіць нібыта «дэмаверсію» прадукту, якая насамрэч з’яўляецца мадыфікаванай і пірацкай копіяй прадукту.
«Microsoft не займаецца распаўсюджваннем „дэманстрацыйных версій“ сваіх аперацыйных сістэм і пакетаў офісных дадаткаў праз рознічную сетку, апрача спецыяльна агавораных выпадкаў. Адсутнасць сертыфікату сапраўднасці прадукту або адсутнасць суправаджальнай дакументацыі і ўстановачнага носьбіта з ключом актывацыі ў камплекце з ПК з’яўляецца сур’ёзнай падставай для сумнення ў яго сапраўднасці і правамоцнасці прадаўца ПК рабіць яго ўстаноўку», — зазначае Вераніка Сянько, менеджар па стратэгіях і праграмах развіцця партнёраў Microsoft у Беларусі.

Па выніках праведзенай працы і з улікам сабраных даных Microsoft плануе адрасаваць праблему камп’ютарнага пірацтва асабіста кіраўнікам тых кампаній, дзе візіты «тайных пакупнікоў» выявілі прапановы з боку прадаўцоў аб набыцці ПК з пірацкім ПЗ у прыхаванай ці адкрытай форме. Маніторынг рынку Беларусі з дапамогай «тайных пакупнікоў» будзе працягнуты, пашыраючы ахоп і геаграфію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?