У Браславе прайшло сьвята рамёстваў.

Вось ужо сёмы раз у Браславе ладзіцца штогадовы фэст традыцыйнае культуры – Сьвята рамёстваў.

Як і заўжды, на пляцоўцы ля Дому рамёстваў, сьвята пачалося са здабычы жывога вагню, за разьвядзеньнем якога пільна сачылі ўсе прысутныя. Калі вагонь быў здабыты, браслаўцы й госьці места маглі назіраць за працаю тутэйшых майстроў. Былі паказаныя рамёствы, адноўленыя па архэаляґічных матар’ялах, а гэдаксама й традыцыйныя народныя рамёствы.

Тады ансамбаль «Вярба» зь вёскі Дрывяты выканаў абрад «Дажынкі» і, як слушна зацеміла вядоўца фэсту – «Нашыя «Дажынкі» атрымаліся ня горшыя за прэзыдэнцкія!»

Хто цікавіўся мастацтвам, мог паглядзець на выставу твораў мастака Міколы Стаса, а каму карцела трапіць у пракаветныя часіны – мог завітаць у будынак музэю – тамака разьмяшчалася экспазыцыя «Жывая архэалёґія».

Таксама на сьвяце праводзіўся павятовы конкурс саломапляценьня «Жыцень». І, ведама, сьвята не магло абыйсьціся без старажытнае кухні: кажны мог пакаштаваць смачных бліноў зь мёдам ды кашы із шкваркамі.

Добрай традыцыяй для фэсту стала выступленьне гурта «Стары Ольса». Усе, хто жадаў, мог патаньчыць, прыняць удзел у гульнях і забавах.

Спадзяюся, на наступны год сьвята зьбярэ яшчэ больш гасьцёў, а ў гэтым годзе фэст атрымаўся проста супэр!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?