Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? Схадзіце на новы фільм Аляксея Балабанава. З блогу Андрэя Расінскага.

posterГруз 200 (Груз 200)
Расея, 2007, каляровы, 90 хв.
Рэжысэр: Аляксей Балабанаў
Ролі выконваюць: Агнія Кузьняцова, Аляксей Палуян, Леанід Громаў, Аляксей Серабракоў, Леанід Бічэвін, Натальля Акімава, Юры Сьцяпанаў, Міхаіл Скрабін, Аляксандар Башыраў, Валянціна Андрукова, Анжаліка Няволіна
Жанр: Драма
Узроставае абмежаваньне: З 21 года
Адзнака: 8 (з 10)

1984 год. Выкладчык навуковага атэізму (Леанід Громаў) па дарозе ў Ленінск трапляе на “самагонны” хутарок, дзе ўсчынае спрэчку з гаспадаром (Аляксей Серабракоў). Пасьля на хутарок завітаюць дачка сакратару райкаму (Агнія Кузьняцова) з захмялелым сябрам-фарцоўнікам. А зусім побач – маньяк-міліцыянт, які згвалтуе легкадумную гераіню гарэлачнаю бутэлькай…

У карціне Аляксея Балабанава залімітныя жахі і залімітны гумар. Але карціна Аляксея Балабанава – ня трэш.

posterПаабшарпаныя пад’езды, дэфіцыт, страхалюдныя індустрыяльныя ляндшафты, што нявечаць цела й душу. Смуродзяць трубы, на кухнях асьцярожна шэпчуцца месьцічы.

Самалёт штотыдзень прывозіць целы забітых – “груз 200”, а ў чэрава машыны подбегам загружаецца чарговае гарматнае мяса.

Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? – Атрымайце напаўдохлага Чарненку ў тэлевізары і маньяка ў пагонах за вашым акном. Толькі не забывайце – што “мухі ў нас”.

Але фільм Балабанава – не чарнуха.

“Груз 200” – бадай, найлепшая стужка Аляксея Балабанава.

Рэжысэр наводмаш б’е па сацыяльнай памяці, нахабна выкарыстоўваючы мэлёдыі 80-ых (парадаксальны саўндтрэк – аўтарская прэрагатыва Балабанава). Навязьлівая песьня пра магноліі, саладжавая “Волагда” “Песьняроў” – якіх пасьля звыродна-гратэскнай сцэны слухаць ужо немагчыма, нішчымна-лірычная “Трава” “Зямлянаў” – падкрэсьліваюць духоўны распад. А праезд капітана Журава пад музыку Юрыя Лазы заткне за пояс знакамітага “Брата” і скандальную “Маленькую Веру”.

Напрыканцы фільму, як і ў “Асьсе” гучыць гурт “Кіно”, але гэта не прыносіць палёгкі.

Карціна ня мае сантымэнтаў да маладога пакаленьня.

posterПадонак-фарцоўнік з саколачкай “СССР” – гэта былое й прышлае савецкай эпохі. Гэта сёньняшні дзень, калі дзелавыя камсамольцы сталіся багацеямі, а капітаны Журавы пайшлі на павышэньне. Савецкі саюз сканаў, але ягоныя нашчадкі – мільёны й мільёны – дасюль не пакаяліся і камфортна жывуць з атрутай у душы.

Карціна магла бы разгортвацца ў пуцінскай Расеі (пра Беларусь я й не заікаюся) – і многія ўспрынялі стужку, як мэтафару. 1984 год – год Оруэлаўскага кашмару. Але пасьля 1984 заўжды наступае 1985 – і 1991, і будучыня былых савецкіх аскепкаў застаецца непрадказальнай. Балабанаў слынны сваімі кінапрароцтвамі – але й ня гэтае самае каштоўнае ў фільме.

Рэжысэр просталінейна задае плянку: сама высокі судзьдзя – Бог.

posterХацелі зьнішчыць Бога, пабудаваць камунізм? Цяпер глядзіце на сьмерць – духоўную і фізычную. Міліцэйскі маньяк зьнішчае целы, “навуковы атэіст” – разлагае душы. І родавыя гнёзды іхнія па суседзтве: від з вокнаў аднолькавы.

Напрыканцы стужкі зьляканы атэіст (тыповы савецкі інтэлігент!) прыбягае ў царкву пахрысьціцца. Так, на ўсялякі выпадак…

Канвульсіі нянавісьці, смачнае відовішча граха – якое забыць немагчыма, асьцярожны, з-пад ілба, позірк на неба, глядацкі шок…

Толькі ці трэба Богу такое сьведчаньне?

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?