«Больш Еўропы для Беларусі». Сумесная заява лідэраў дэмакратычных сілаў

Рух «За свабоду», Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ лічаць неабходным аб’яднаць намаганні для абароны і прасоўвання інтарэсаў грамадзянаў Беларусі і ўмацавання суверэнітэту краіны.

Мы ўпэўненыя, што толькі вяртанне да паўнавартаснага дыялогу і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства для мадэрнізацыі і пабудовы дэмакратычнага ладу.

Мы зыходзім з таго, што паўнавартасны дыялог магчымы толькі пасля вызвалення палітычных вязьняў, уключаючы спыненне дзеяння судовых рашэнняў у дачыненні да ўмоўна асуджаных і асуджаных з адтэрміноўкай выканання прысуду. У той жа час, мы лічым, што для ўмацавання стабільнасці ў рэгіёне і незалежнасці нашай краіны Еўрапейскі Саюз ужо цяпер можа распачаць шэраг крокаў, якія адначасова будуць спрыяць большай адкрытасці беларускага грамадства і правядзенню неадкладных эканамічных рэформаў.

Мы заклікаем ЕС у аднабаковым парадку:

1. Максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі, зыходзячы з магчымасцяў, якія дае Візавы кодэкс ЕС, з далейшым поўным скасаваннем консульскага збору за выдачу шэнгенскіх візаў;

2. Выявіць ініцыятыву і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі ўмоваў пагаднення аб малым памежным руху з Беларуссю ў 50 км зоне на мяжы з Польшчай і Літвой;

3. Спрасціць для малога і сярэдняга бізнесу правілы стварэння і функцыянавання ў ЕС сумесных беларуска-еўрапейскіх прадпрыемстваў;

4. Пашырыць магчымасці для беларусаў атрымліваць еўрапейскую адукацыю, у тым ліку шляхам поўнафарматнага доступу беларускіх студэнтаў да ўдзелу ў праграме ERASMUS, павелічэння квотаў для беларусаў на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах еўрапейскіх універсітэтаў; прафесійных стажыровак у дзяржаўных структурах краінаў Еўрасаюза, НДА і фабрыках думкі; пашырэння даследчых праграмаў, накіраваных на вывучэнне Беларусі, а таксама істотнага пашырэння праграмаў абмену для прадстаўнікоў бізнесу, дзяржаўных структур, навуковых арганізацый, грамадзянскага і палітычнага сектараў.

5. Пашырыць падтрымку арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў, якія працуюць ўнутры Беларусі.

Мы прапануем, у выпадку выканання ўрадам Беларусі раней адзначаных умоваў і аднаўлення паўнавартаснага дыялогу з ЕС, вярнуцца да перамоваў з афіцыйным Мінскам у межах «Сумеснага часовага плану» (кансультацыі былі распачатыя восенню 2010 года), што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі Беларусі.

Мы падтрымаем любыя дзеянні, якія будуць адпавядаць прынцыпу — «больш Еўропы для Беларусі і беларусаў».

Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз:

— спрыяць набліжэнню Беларусі да еўрапейскіх стандартаў у розных галінах, кіруючыся жаданнямі яе грамадзянаў і нягледзячы на супрацьдзеянне ўладнай эліты;

— не гуляць па правілах, устаноўленых беларускімі ўладамі, не чакаць рашэнняў беларускіх уладаў там, дзе ЕС можа прымаць уласныя рашэнні.

Мы ўсімі сіламі падтрымліваем ініцыятыву «Еўрапейскі Дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам і заклікаем улады Беларусі неадкладна далучыцца да яе рэалізацыі.

Заклікаем дэмакратычную супольнасць Беларусі ўсяляк спрыяць здзяйсненню Еўрапейскім Саюзам салідарных дзеянняў, якія спрыяюць правядзенню дэмакратычных і рынкавых рэформаў у Беларусі і садзейнічаюць руху краіны да еўрапейскіх стандартаў.

Аляксандр Мілінкевіч, лідэр руху «За Свабоду»

Уладзімір Някляеў, лідэр кампаніі «Гавары праўду»

Аляксей Янукевіч, лідэр Партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0