Следства па справе жыхара Наваполацка, 23-гадовага Андрэя Гайдукова, абвінавачанага ў «здрадзе дзяржаве шляхам агентурнай дзейнасці», прадоўжана яшчэ на месяц, да 8 мая.

Пра гэта паведаміў сябар Гайдукова, лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў, якога раней КДБ дапытала па дадзенай справе ў якасці сведкі. Канстанцінаў таксама паведаміў, што яго не дапытвалі з канца лютага. Аб працягу следства стала вядома ад маці абвінавачанага. Канстанцінаў мяркуе, што гэта можа быць апошні працяг і да канца вясны акалічнасці справы высветляцца.

Нагадаем, Андрэй Гайдукоў, намеснік старшыні Саюза маладых інтэлектуалаў, быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада, паводле афіцыйнай версіі, «у момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы».

На падставе арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці) яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. 11 лістапада Гайдукова перавялі з Віцебска ў Мінск у следчы ізалятар КДБ, 29 лістапада — назад у абласны цэнтр, а 22 снежня — зноў у сталіцу.

Паводле слоў сваякоў, спачатку Андрэя ўтрымлівалі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, у СІЗА КДБ ён быў пераведзены 27 снежня.

20 лютага праваабаронцы распаўсюдзілі заяву, у якой заклікалі ўлады забяспечыць інфармаванне грамадскасці аб ходзе расследавання і судовага разбору па справе Гайдукова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?