Расійскія нафтавікі звярнуліся ў Мінэнерга РФ з просьбай аб абароне ад імпарту беларускіх нафтапрадуктаў. Пра гэта паведаміў 8 красавіка падчас міжнароднай канферэнцыі па нафтаперапрацоўцы і экспарце беларускіх нафтапрадуктаў у Мінску эксперт агенцтва Thomson Reuters Аляксандр Яршоў.

Паводле яго слоў, у пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва краін Адзінай эканамічнай прасторы выкарыстоўваюцца меры палітычнага націску, што «ў 9 выпадках з 10 ідзе ўразрэз з эканамічнай мэтазгоднасцю». У якасці характэрнага прыкладу эксперт прывёў змены на рынку бензіну ЕЭП у 2013 годзе.

Як сказаў Яршоў, спробу ўвесці новы тэхрэгламент Расія зрабіла яшчэ ў 2011 годзе, аднак расійскія НПЗ да такога павароту падзей гатовыя не былі, што вылілася ў жорсткі паліўны крызіс, таму стандарты былі адмененыя і перанесеныя на 2013 год.

«На гэты раз расійскія ўлады загадзя паклапаціліся пра тое, каб не было дэфіцыту паліва, і дамовіліся з Беларуссю аб імпарце беларускага бензіну. Беларусь стала пастаўляць бензін, ён стаў канкурыраваць па цэнах з расійскім, у выніку чаго веснавы рост цэн, які ўдзельнікі рынку заўсёды праводзяць у канцы лютага або ў сакавіку-красавіку, у 2013 годзе практычна адсутнічаў, што расійскіх прадаўцоў вельмі засмуціла», — зазначыў Яршоў.
Тады частку аб’ёмаў расійскія нафтавікі «эвакуявалі» ў Казахстан, дзе ўзнік лішак паліва на рынку, што прымусіла гэту краіну ўводзіць канвенцыйную забарону на імпарт расійскага бензіну.

«Расійскія кампаніі хранічна не хочуць канкурыраваць. Замест таго каб крыху знізіць цэны, яны звярнуліся ў Мінэнерга з просьбай абараніць іх ад імпарту беларускага бензіну, які разбурае ім гандаль», — паведаміў Яршоў і дадаў, што лічыць усё гэта «разбурэнне крыху абстрактным». «Па сутнасці справы, расійскія нафтавікі абараняюць свае анамальна высокія цэны, таму што для расійскага цэнаўтварэння характэрны некаторы парытэт з экспартнай альтэрнатывай. Я б назваў гэта сквапнасцю з боку прадаўцоў», — падкрэсліў эксперт.

Паводле яго слоў, Мінэнерга РФ «даволі адкрыта» заяўляе, што гатова абараняць расійскія кампаніі і, па ўласным прызнанні, з красавіка практычна перастала выбіраць квоту на беларускі імпарт.

На думку Яршова, краіны — члены АЭП пакуль не гатовыя поўнасцю выкарыстоўваць патэнцыял супрацоўніцтва, ад чаго рынкі, у тым ліку паліўныя, рэгулююцца бессістэмна. «Кампаніі гатовыя да супрацоўніцтва, але толькі там, дзе АЭП прыносіць ім дадатковую маржу», — зазначыў Яршоў.

«Для эканамічнай мадэлі АЭП добра падышоў бы рэцэпт з вядомага фільма „змяшаць, але не ўзбоўтваць“. Але „ўзбоўталі“ ўжо некалькі разоў, таму зараз даводзіцца разбірацца ў многіх нюансах, якія ўзнікаюць пры фарміраванні таварных патокаў», — рэзюмаваў эксперт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?