Янка Купала

Да 13 жніўня палкоўнік у адстаўцы Антон Сабалеўскі спадзяецца атрымаць ліст ад старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Міхаіла Кандзерскага. У панядзелак будзе роўна месяц, як вэтэран прасіў вэртыкальніыкаў разглядзець прапанову мясцовых жыхароў наконт усталяваньню помніка Янку Купалу ў гонар ягонага 125‑годзьдзя.

— Просьба не надуманая, — кажа Антон Аляксандравіч. — Яшчэ ў 2004 годзе за ўласныя грошы я набыў і перадаў у Глыбоцкі гісторыка‑этнаграфічны музэй 70‑сантымэтровую бронзавую выяву Янкі Купалы. Гэта праца беларускага скульптара Валяр’яна Янушкевіча.

Гутарым з Антонам Сабалеўскім у садку ля дому ягонага бацькі. Вясёлы і рухавы палкоўнік ва ўзросьце за 70. Стала жыве ў Маскве, дзе і служыў. Але не мінае году, каб ён не перабіраўся на лета ў Глыбокае. Сёлета тут наняў спэцыялістаў, перакрылі дах. Верх дыхтоўнай яшчэ хаты зіхаціць цяпер на сонцы бляскам ацынкаванай бляхі. Уяўляецца, што смалістыя сьцены — вечныя.

— Відаць, хутка перабяруся сюды, — тлумачыць масквіч, — тут радня, а ў Менску — брат. Таксама падзелімся грашыма на добрую справу. Полаччыну ўпрыгожваюць манумэнтальныя скульптуры Эўфрасіньні Полацкай, Францішка Скарыны і Сімяона Полацкага. Янка Купала вельмі добра б дапасаваў ім у Глыбокім, — пераконвае суразмоўца.

Магчымым месцам усталяваньня скульптуры называецца пачатак вуліцы, якая раней мела назву «Дзісьненская». Аргумэнты Антона Сабалеўскага:

—У крайні тут дом ў 1898 годзе прыехала сям’я Мядзёлкі — арганіста мясцовага касьцёлу. Дачцы Паўлінцы тады было пяць гадкоў. Пазьней у кнізе падсумаваньня «Сьцежкамі жыцьця» яна напіша, што ў Глыбокім скончыла царкоўна‑прыходзкую школу, дзе ўпершыню пазнаёмілася зь беларускай мовай: па памяці дэклямавала вершы Францішка Багушэвіча са зборніка «Дудка беларуская».

У Глыбокім Паўліна Мядзёлка ўжо дзяўчынай была ўдзельніцай пастановак паводле купалавых п’ес. Лічыцца, што менавіта зь яе і для яе быў напісаны вобраз бесьсьмяротнай «Паўлінкі».

Паэт і Муза пазнаёміліся ў 1908 годзе, у Вільні. Іх ідэйная еднасьць паспрыяла лірычнай гісторыі каханьня…

Скульптар Валяр’ян Янушкевіч даў згоду на распрацоўку праекта помніка на месцы яго ўсталяваньня. Ёсьць папярэдняя згода кіраўнікоў некаторых камэрцыйных банкаў Беларусі на фінансаваньне гэтага праекту. Дачакаемся адказу з Глыбоцкага райвыканкаму. Хочацца спадзявацца на станоўчы вынік, бо дужа ідэя прывабная: дзе Паўлінка, там і Купала.

Галіна Баравая, BulletinOnline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0