Зянон Пазьняк

Лідэр КХП‑БНФ Зянон Пазьняк у сваім новым артыкуле перасьцярагае, што Масква мае на мэце новы акупацыйны плян у дачыненьні да Беларусі.

Пазьняк кажа, што з канца мінулага году «Масква пачала іншую тактыку наступу на Беларусь». Гэта тлумачыцца тым, што адбыўся канфлікт між Пуціным і Лукашэнкам.

«Так званая «пакрокавая тактыка» пуцінскай інтэграцыі Беларусі і Расеі часова адкладзена ў бок. Цяпер Масква ўжывае мэтодыку «пакрокавай прыватызацыі» Беларусі, сутнасьць якой палягае ў рэсурсным шантажы Лукашэнкі, запалохваньні яго і заганяньні ў кут, стварэньні пагрозы ягонай уладзе з мэтай прымусіць расплочвацца за шантаж нацыянальнай маёмасьцю Беларусі, заводамі, фабрыкамі, прадпрыемствамі, нерухомасьцю і ўрэшце — зямлёй», — піша Пазьняк.

Наступным этапам захопу беларускай маёмасьці, на думку лідэра КХП‑БНФ, будзе перасяленьне беларускага насельніцтва ў Расею для працы ў расейскай прамысловасьці, здабычы, будаўніцтве. Пазьняк кажа, што ня трэба да гэтага адносіцца легкадумна, бо «Расея — гэта такая краіна, дзе здольныя ўвасобіць любыя шызафрэнічныя задумкі».

Пазьняк перакананы, што новы плян Масквы быў прапрацаваны на Захадзе, дзе яго ўспрымаюць як належнае. «Мы павінны спыніць маўчаньне аб дзеяньнях Захаду, у прыватнасьці, Эўразьвязу», — перакананы палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?