На вуліцы была вясна. Вакол усё квітнела. Зацвілі чатыры вішні, якія тата пасадзіў пазалетась: купіў у дзядзькі Шантыкі па тры рублі. Мама сказала яму пасля: “Лепш бы дзецям булачкі купіў альбо цукерак”. Але ж вішні – да канца жыцця. Яны будуць расці, расці. Міне шмат часу, а вішні будуць. Нас не будзе, а вішні будуць. Тата казаў праўду. І мама згадзілася...

Калі сонца ўзнялося над царквой і стала горача нават пад старой грушай цёткі Латчыхі, татавай стрыечнай сястры, я пачуў, як моцна загаўкалі сабакі ў Тодара і Сашка. Гэтыя дзядзькі часта прыходзілі да таты і ўсё абмяркоўвалі, шапталіся, ці хутка прыйдуць амерыканцы. Было б някепска. Тата ўспамінаў, што калі яны вярнуліся ў дваццатым годзе з бежанства, то нейкі амерыканскі корпус міру даў на кожную душу па два пуды жыта. Вайна даўно ўжо мінула, але ў паветры адчувалася яе дыханне.

У нашай вёсцы, дый, мне здаецца, усюды, некалі панаваў цар, гаспадарылі палякі, а пасля прыйшлі бальшавікі. Потым былі немцы. Зноў прыйшлі бальшавікі. Ёзя Кантуша, які вымушаны быў стаць солтысам на нашай вуліцы за немцамі, на дваццаць пяць гадоў адправілі да белых мядзведзяў. А што ён зрабіў? Нічога. Бараніў суседзяў ад немцаў і партызан. Хто гаспадар на гэтай зямлі? Невядома. Гітлер – вурдалак, гэта зразумела. Але чаму мы павінныя служыць Сталіну? Мо заўтра прыйдуць амерыканцы? Так казаў тата, а Сашко і Тодар хіталі галовамі, згаджаючыся з ім.

Я сядзеў на ганку і еў акрайчык хлеба. Па вуліцы прайшлі каровы. Неба ажно блішчэла, быццам пачысцілі яго дзеркачом. Мне здавалася, што жыццё бясконцае, тата і мама – вечныя. Толькі ў хаце над намі ўвесь час вісела нейкая густая нябачная коўдра, што перашкаджала дыхаць, смяяцца.

Увечары тата і мама, а з імі мы, дзеці, на каленях ля ложка шапталі пацеры і прасілі ў Бога дапамогі, здароўя і каб нас ніхто не крыўдзіў. Таму што раніцай заляскаюць на дварэ калёсы брыгадзіра Малахецкага, які гучна, з мацюкамі будзе крычаць, загадваць маме і тату ісці ў калгас.

Ля Сашка пачулася лаянка, руская мова. Так ніхто на нашай вуліцы не гаварыў. Мама кранула мяне за плячо:

-- Сынок, калі спытаюць, мяне няма. Замкні за мной камору.

Я замкнуў за мамай камору і схаваў ключ пад ганкам. У наш двор заходзілі людзі. Наперадзе ішоў чарнявы мужчына ў чырвонай кашулі, які мацюкаўся і пляваўся. За ім – участковы міліцыянт Падхвостаў з чырвоным, бы цэгла, тварам, і старэнькі дзядок па мянушцы Сакратарык з тэчкай. Таксама з чырвоным тварам. Мабыць, падмацаваліся ў Сашка самагонкай з яечняй. Я сам чуў, як стары казаў тату, што трымае запас для начальнікаў. Аднак страх усё адно быў у ягоных вачах, бо невядома, што можна чакаць ад тых, у каго ў руках тэчкі.

-- Дзе бацька, дзе маці? – пытае мяне мужчына ў чырвонай кашулі.

– Куды схавалі сала, яці вашу душу!..

Ён лаецца, лаецца, а я плачу і баюся, каб не пачалі ламаць замок у

каморы, дзе схавалася мама. Нарэшце яны выходзяць з двара, і міліцыянт у злосці ламае дошку ў нашым плоце. Трэск ад зламанага дрэва -- нібы стрэл, які палохае птушак і мяне.

Назаўтра я бачу, як мама спалохана кланяецца перад Малахецкім. У яе калоціцца рука, у якой яна трымае вядро, і яно дзынкае, ляскаючы аб жалезную трубу ля ганка. У мамы белы бы палатно твар і на вачах слёзы. Яна хуценька збіраецца і бяжыць з кошыкам у калгас.

Страшна маме, тату, мне, братам і сёстрам. Малахецкі папярэдзіў: “Абрэжам соткі па хату”. Што ж мы будзем есці, калі абрэжуць агарод?

Летась тата доўга хадзіў да старшыні калгаса і прасіў вярнуць соткі. Тады мы пасадзілі бульбу толькі ў чэрвені. Нам не далі каня, і мы капалі рыдлёўкай усе трыццаць сотак.

Мне здаецца, страх панаваў у кожнай хаце. Адна спадзяванка была на амерыканцаў, якіх усё не было. Нікога не баяўся толькі Шура з прабітай на вайне і завязанай хусткай галавой. Ён з лаза цягаў на плячах, нягледзячы на забарону, вязкамі сена. Яго абыходзіў бокам Тоня, калгасны наглядчык, які быў у пашане ў начальства. Тоня служыў наглядчыкам за палякамі, за немцамі і займаў тую ж пасаду цяпер, за бальшавікамі. У вайну, калі ён з аднавяскоўцамі вяртаўся з сенакосу на Ясельдзе, яго хацелі застрэліць партызаны, але людзі не выдалі Тоню. Ён ад страху наклаў поўныя штаны, застаўся жывы і потым зрабіўся бізуном новай улады, каб палохаць і здзекавацца.

Тоня не сумняваўся, што робіць правільна, як патрэбна начальству. Нездарма яно даверыла яму такую адказную пасаду. Наглядаць не за калгаснымі палямі і сенажацямі, а за людзьмі, якія паспрабуюць спакусіцца на ношку травы для сваіх свіней ці каровы.

Тонем апякуецца сам старшыня па прозвішчы Круль, які адчувае сябе тут каралём: ён узнагароджвае і карае. Няма на яго ніякай управы. Нашага суседа Касача збіў палкаю на горкі яблык. Уся вёска ведае пра гэта і ад страху прыціхла, насцярожылася ў чаканні нечага благога, здзеклівага, як за немцамі, калі яўрэяў вагонамі везлі на Бронную гару і расстрэльвалі з кулямёта, ці ў трыццаць дзявятым і саракавым, калі бальшавікі сем’ямі вывозілі людзей з вёскі ў Сібір за іх заможнасць і гаспадарлівасць.

Касач напісаў скаргу на Круля ў Маскву, дзе нібыта можна было знайсці праўду. Скарга праз Мінск прыйшла да Круля, які за чаркаю рагатаў: “Вось яны ўсе ў мяне дзе!” і паказваў свой распанелы на калгасным мясе валасаты кулак. А чаму? Таму што найвялікшы начальнік беларусаў у вайну на Віцебшчыне ў Крулёвых бацькоў часта гасцяваў, еў дранікі, а потым апекаваўся сыночкам.

“Праўды нідзе не знойдзеш, толькі ў Бога!” – казаў тата і маліўся, а разам з ім усе мы. “Будзь дурнейшы, сыночак!” – прасіла мяне мама, спрабуючы аберагчы ад бязлітаснасці жыцця. Ты павінен быць непрыкметны, незаўважны. Ніякіх сваіх думак не выказваць. У нас такі лёс: цярпець, маўчаць, схіліўшы галаву. Толькі Бог дапаможа! А я сам? Што нічога не варты?

Мая старэйшая сястра, якая выбралася ў горад і зачапілася там гандляркай у маленькай краме, вучыць мяне: “Не гавары на тутэйшай мове. Яна табе будзе толькі шкодзіць. Вучыся рускай. Яна – галоўная ўсюды...” Я здзіўляюся: як гэта адмовіцца ад матчынай мовы? І што такое руская? Бацька, калі качагарыў у ваенным гарадку, здзіўляўся: афіцэрскія жонкі, намазаныя касметыкай, у размове між сабой праз слова выкарыстоўвалі мацюкі. Гэта, значыцца, руская мова?

“Навошта гэтая беларуская мова?” -- пытаўся швагер, алкаголік, які штодзень ляжаў пад плотам, а бедная мая сястра цягнула яго ў хату, праклінаючы сваё жыццё. І было дзіўна і страшна. Я баяўся сказаць швагру слова насуперак, бо раптам яно пашкодзіць сястры. Маўчаў, а ён здзекаваўся з яе...

Стоячы ў чарзе па памідоры, я слухаў, як мардасты, пузаты дзядзька іржаў, бы жарабец, з хлапчука, які гаварыў па-беларуску, распінаўся, што ўсе, акрамя каўказцаў і азіятаў, -- рускія. Толькі рускія, і няма ніякіх беларусаў. Азіраючыся па баках, з пакорлівай усмешкай на знак згоды, я маўчаў і хітаў галавою, нібы хворы, не прамовіўшы нічога супраць. І разам са мной маўчала і ўсміхалася вялізная чарга, для якой самым галоўным было купіць танныя памідоры.

Я жыву паводле прынцыпу “менш ведаеш - лепш спіш”. Аднак усё роўна вымушаны прыстасоўвацца да абставін, выцягваць галаву з пяску, як той певень колісь на нашым двары. Д’ябал з усім, толькі б мне было спакойна. Трывожны стан душы і ўдзень, і ўначы. Мне патрэбная была тая партыя? Я ведаў, што там шмат злодзеяў, асабліва тых, хто з тэчкай. Канечне, без партыі нельга было атрымаць тэчку. І я пайшоў у партыю, хоць тата амаль штодня праклінаў бальшавікоў, называючы іх сынамі Сатаны. Я рабіў шмат такога, чаго саромеўся ў сне і плакаў, абліваючы слязьмі падушку. Тата вельмі верыў у Бога, і яго аднадумцаў адпраўлялі ў турмы, у паўночныя лагеры. Я слухаў тату і сумна хітаў галавой. Я ім спачуваў. Нават вельмі. Але мяне цікавілі толькі мае прагматычныя пытанні. Мне было ўсё роўна, сядзіць Пятро ў турме ці гуляе на вуліцы.

Я часта ішоў па горадзе, углядаючыся ў людзей, і чамусьці ва ўсіх твары былі падобныя. Нібы злепленыя паводле аднаго трафарэту. Хоць ва ўсіх мужчын і жанчын, здаецца, былі розныя вочы, насы, валасы. Я адчуваў, што гэтыя людзі такія ж, як я. Гэта мяне супакойвала. Я быў не горшы за іншых. У кожнага трымцела ад страху душа. Яны не выходзілі на сонца, не смяяліся, не жартавалі. Ратаваліся ў цені. Чым большы быў цень, тым лепш.

Ішлі гады. Я сталеў, па твары папаўзлі маршчыны. У валасах там-сям сівізна. Я пачаў больш заўважаць, быццам нават думаць. Зрэдку ў душы ўзнікаў агонь, які вельмі хутка гас. Абыякавасць зноў запаўняла ўсю маю істоту.

Неяк летам я панура цягнуўся дамоў, прыкідваючы, колькі ў мяне засталося ў кішэні, каб купіць бутэльку таннага віна. Пажадана “фаўст” —семсотпяцідзесяціграмовую бутэльку. Паўлітровай мне мала. Я выпіваю гэтую бутэльку і да мяне вяртаецца весялосць. Тады хочацца паглядзець тэлевізар, у якім прыгожа жывуць людзі іншых краін, і ў марах апынуцца там.

Грошай на вялікую бутэльку не хапала, і я ў роздуме спыніўся на тратуары недалёка ад крамы. Знаёмых не было відаць. Мо не пашкадавалі б мне рубель-другі ў доўг? Ззаду пачуў нейкі магутны рух, шум мноства галасоў. Я павярнуўся і ўбачыў вялікую калону людзей, якая са сцягамі рухалася міма мяне. Даўно не назіраў такога відовішча: з часоў першамайскіх і кастрычніцкіх дэманстрацый.

Людзі ішлі, весела гаманілі, і твары ў іх былі нібыта асветленыя сонцам. Яны не сварыліся, не мацюкаліся, не былі п’яныя. Чыста і прыгожа апранутыя, не такія, што стаяць ля крамы, каб папрасіць сто грамаў. Не парушалі парадку, не ламалі дрэваў, не псавалі машын. Яны некуды крочылі...

Я ўбачыў, як з-за будынка выскачылі ў скураных куртках хлопцы-мацакі з аднолькавымі бязлітаснымі тварамі і пачалі лупцаваць гэтых людзей. Зусім блізка ад мяне вялізны граміла схапіў светлавалосую дзяўчынку, якая была меншая за яго ў тры разы, і пацягнуў ў чорную з кратамі на вокнах машыну. Я, здранцвелы, дрыжучы рукамі і нагамі, стаяў і моўчкі назіраў. Молячы Усявышняга, каб толькі не зачапілі мяне. Дый шкада будзе нявыпітай бутэлькі віна. Урэшце, якая мне справа да нейкай дзяўчыны. Ці мала дзяўчат на свеце, а я адзін. Трэба хутчэй адсюль уцякаць...

Назаўтра мяне выклікалі па тэлефоне ў пакой нумар 1191, дзе знаходзіўся аддзел унутранай бяспекі нашага прадпрыемства. Непрыемны тып з худым, заўсёды незадаволеным тварам, не гледзячы на мяне, спытаў:

-- Вы былі ўчора на дэманстрацыі?

У мяне перахапіла дыханне, пачаў нямець язык. Я ледзь прашаптаў:

-- Не, не, не быў... Я толькі ішоў у краму...

-- Ладна, -- мой следчы падняў вочы і, здаецца, працяў імі наскрозь. –

Гэтага хлопца бачылі?

Ён паказаў фотакартку хлопца з камп’ютарнага ўчастка, з якім мы пазаўчора пілі піва. Яго зваць Васіль, родам з суседняй вёскі. Ён вясёлы хлопец, спрытны гарманіст. Як іграў летась на канцэрце, ажно душа спявала.

-- Бачылі ці не? – пытаецца мой следчы.

Што мне казаць? Я сапраўды бачыў Васіля ў калоне дэманстрантаў.

Нават памахаў яму рукой. Я падумаў яшчэ: што ён там, дурань, робіць?

Мяне душыць цішыня ў гэтым пакоі, і страх аплятае сваімі вяроўкамі ўсё мацней і мацней. Я нізка схіляю галаву і прамаўляю, выціскаю з сябе слова па літары:

-- Бачыў...

-- Малайчына. Падпішыце, -- следчы падсунуў паперку, якую я хуценька

падпісаў і праз хвіліну амаль бег па калідоры, праклінаючы сябе за слабасць, пакорлівасць, нікчэмнасць і, магчыма, за здраду добраму хлопцу. Ён мне нічога кепскага не зрабіў, а я...

Раніцай ля ўваходу ў будынак нашага прадпрыемства вісеў загад аб звальненні Васіля за сістэматычнае парушэнне ўнутранага распарадку. Людзі абыякава праходзілі міма гэтай паперы. Кожны дзень на стэндзе былі розныя загады: адны здымалі, іншыя прымацоўвалі. Мабыць, ніхто не ведаў, што да гэтага загаду дачыненне меў я. Але следчы ведаў, у аддзеле кадраў ведалі. Што я нарабіў? Што нарабіў? Як буду глядзець у вочы Васілю? Ладна, неяк перажывем.

У калідоры я сустрэў Васіля, паціснуў яму руку і паспачуваў. Хлопец усміхнуўся:

-- Яны думаюць, яны мяне напалохалі!.. Праўда за мной. Яшчэ паваюем...

Увесь дзень я зайздросціў ягонай смеласці, маладосці і ўпэўненасці ў сваіх думках. Мне так хацелася быць падобным да Васіля, што я пайшоў у туалет і паплакаў, шкадуючы сябе. Я плакаў і адначасова радаваўся, што ўсё-ткі ёсць такія людзі, як Васіль, здольныя змагацца за сваю праўду. Яны, пэўна, ніколі не даравалі б ні Крулю, ні Малахецкаму сваёй крыўды. Магчыма, лепш памерлі б. А я?.. Што я... Пасля работы зайду ў краму, куплю “фаўст”, вып’ю ў тэлефоннай будцы, каб міліцыянты, крый Божа, не заўважылі, і буду сядзець на лаўцы пад домам з суседам Іванам, які любіць разважаць і даказваць, што жывем мы заможна, спакойна, весела і нам зайздросцяць жыхары ўсіх суседніх краін Еўропы, Азіі і нават праклятай Амерыкі. І ўсё-ткі шкада, што не прыйшлі амерыканцы...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?