«Паводле вынікаў праведзеных з ініцыятывы шведскага боку двух раўндаў кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін беларускім бокам прынята станоўчае рашэнне адносна просьбы шведскага боку аб акрэдытацыі ў Мінску часовага паверанага ў справах Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь»,
— паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына, каментуючы інфармацыю аб накіраванні ў Беларусь часовага паверанага ў справах Швецыі.

«Беларускі бок зыходзіць з таго, што дзейнасць шведскага дыпламата ў Беларусі будзе ажыццяўляцца ў поўнай адпаведнасці з палажэннямі Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах 1961 года, і скіравана на рэалізацыю значнага патэнцыялу двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццё гуманітарных, міжасобасных кантактаў, узаемадзеянне ў галіне экалогіі і тэхнічнай дапамогі», — заявіла прадстаўнік МЗС Беларусі.

Як раней паведамлялася, кіраўнік шведскага МЗС Карл Більт у твітары паведаміў, што хутка ў Мінск прыбудзе часовы павераны ў справах Швецыі. «Пасля пэўных складанасцяў мы хутка накіруем часовага паверанага ў справах кіраваць нашым пасольствам у Мінску, Беларусі. Карысць для кожнага», — напісаў Більт на сваёй старонцы.

***

Пасольства Швецыі ў Мінску было закрыта 30 жніўня 2012 года. Гэтаму папярэднічала рашэнне ўлад Беларусі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. У выніку цяпер функцыі пасольства Швецыі ў Мінску выконвае дыппрадстаўніцтва Эстоніі, а беларускага ў Стакгольме — пасольства Латвіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0