Супрацоўнікі паліцыі Літвы, якія расследуюць справу пра гібель беларускага грамадскага дзеяча, прэзідэнта Асацыяцыі беларускіх арганізацый Літвы і кіраўніка клуба «Сябрына» Рамана Вайніцкага, былі ўражаныя. Усё больш рэальнай здаецца не версія жорсткага забойства ў падвале, а інсцэнаванае самагубства. Верагодная прычына — растрата грошай Еўрапейскага Саюза.

Газеце Lietuvos rytаs аб пакуль не пацверджаных высновах распавёў кіраўнік Віленскай паліцыі Кястуціс Ланчынскас. Паводле яго слоў, трэба дачакацца ўсіх вынікаў даследаванняў.

Узнікла версія, што смерць Вайніцкага, хутчэй за ўсё, была старанна падрыхтаваным самагубствам,

а яго прычына — спроба пазбегнуць адказнасці за крадзеж грошай з сярэдняй школы імя Францыска Скарыны, дзе ён працаваў загадчыкам гаспадаркі.

Смерць Вайніцкага абрасла рознымі версіямі. Ён быў знойдзены раніцай 6 сакавіка. Аб няшчасце на вуліцы Капсу паведаміла 53-гадовая жонка загінулага. Яна знайшла мужа ў падвале шматкватэрнага дома. Было пачата дасудовае расследаванне.

Следчыя звярнулі ўвагу на тое, што перад смерцю, нібы прадчуваючы яе, Вайніцкі паклапаціўся пра сям’ю — заплаціў за год наперад за кватэру, па завяшчанні пакінуў кватэру сыну.

Раней згадвалася пра пагрозы па тэлефоне, аб якіх казаў Вайніцкі. Праверка тэлефона нябожчыка не выявіла падазроных званкоў.

Таксама былі знойдзеныя доказы таго, што Вайніцкі сам купіў скотч, якім у падвале быў заклеены яго рот, каб гэта выглядала як забойства. Таксама дротам былі звязаны ногі, а дрот падведзены да разеткі, што наводзіла на думку аб катаваннях.

Высветлілася, што адразу пасля здарэння дырэктар сярэдняй школы Галіна Сіволава не паведаміла, што дзейнасцю Вайніцкага зацікавіліся пракуроры, ён падазраецца ў фінансавых махінацыях.

Аўдыт паказаў, што не хапае сродкаў, выдзеленых з фонду ЕС.

Цень падазрэнняў упала на Вайніцкага, падазраецца, што ён прысвоіў грошы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?