Чэшская кампанія FERMAT і холдынг «Белстанкаінструмент» створаць у Мінску сумесную вытворчасць па выпуску станкаінструментальнага абсталявання.

Дэталі і ўмовы стварэння СП плануецца абмеркаваць 15–17 красавіка падчас знаходжання беларускай дэлегацыі ў Празе і Брно. Такія дамоўленасці дасягнутыя 11 красавіка на сустрэчы старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігара Войтава і дырэктара кампаніі FERMAT Юрыя Ферэнца.

Як паведамляе прэс-служба ДКНТ, мяркуецца, што ў складзе беларускай дэлегацыі будуць спецыялісты і эксперты холдынгу, а таксама генеральны дырэктар ААТ «МЗОР» — кіруючая кампанія холдынгу «Белстанкаінструмент» Віктар Бутко, які прысутнічаў на перамовах. У прыватнасці, ён адзначыў, што ўжо цяпер «Белстанкаінструмент» гатовы даць наяўныя плошчы на заводзе і разгледзець пытанні закупкі асобных элементаў станкоў і абсталявання. «Нам трэба вырашаць не толькі юрыдычныя пытанні па стварэнні сумеснай вытворчасці, але і практычныя — па лакалізацыі і сумеснай працы над пэўнымі праектамі», — падкрэсліў Бутко.

У сваю чаргу Ігар Войтаў паведаміў, што калі гэты праект будзе рэалізаваны, то гэта будзе добры ўнёсак у эканоміку як Беларусі, так і Чэхіі. «У нас ёсць узаемная цікавасць у гэтым пытанні. Чэхія, нягледзячы на фінансавы крызіс, павялічыла аб’ёмы вытворчасці высакаякасных і высокатэхналагічных станкоў, а Беларусь праводзіць маштабную праграму мадэрнізацыі прамысловага комплексу — практычна 2 тыс. беларускіх прадпрыемстваў маюць бізнес-планы па развіцці. Таму, стварыўшы сумесную вытворчасць па выпуску станкаінструментальнага абсталявання, мы можам разглядаць мадэрнізацыю як комплекснае рашэнне», — сказаў ён.

У сустрэчы браў удзел таксама камерцыйны дырэктар Чэшскага экспартнага банка Марцін Фрэліх, які паведаміў, што Беларусь для Чэхіі знаходзіцца ў спісе прыярытэтных дзяржаў для вядзення бізнесу. «Мы хацелі б больш актыўна працаваць у вашай краіне і гатовыя падтрымаць усе распачынанні чэшскіх вытворцаў і экспарцёраў. Для нас няма праблем прафінансаваць праекты на суму 100–150 мільёнаў еўра», — прыводзіць словы чэшскага банкіра прэс-служба ДКНТ.

Раней дырэктар кампаніі FERMAT Юрый Ферэнц заяўляў пра намер пабудаваць завод плошчай прыкладна 4 тыс. кв. м і колькасцю работнікаў — 150–200 чалавек. Гадавы абарот новага прадпрыемства павінен скласці прыкладна 20–22 млн. еўра. Пры гэтым прыкладна 70% выпусканай прадукцыі плануецца экспартаваць.

Даведка БелаПАН. Холдынг «Белстанкаінструмент» на чале з ААТ «МЗОР» аб’ядноўвае прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай галіны беларускай прамысловасці (16 профільных прадпрыемстваў).

Кампанія FERMAT заснаваная ў 1993 годзе. Цяпер аб’ядноўвае ў Еўропе (Чэхія, Славакія, Германія, Венгрыя, Румынія) шэсць незалежных кампаній, у якіх працуе больш як 200 чалавек. Кампанія займае адно з вядучых месцаў у галіне пастаўкі новых і ўжываных металаапрацоўчых і фармовачных станкоў, мадэрнізаваных вертыкальных такарных станкоў, а таксама прэсаў, уключаючы прэсавыя лініі, і шліфавальных станкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?