Віцябчук Пятро Іваноў 12 красавіка затрыманы за «заведама лжывае паведамленне» проста ва ўпраўленні ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Пра гэта паведаміў праваабаронца Леанід Свецік.
Раней Іваноў звяртаўся ў абласное ўпраўленне Дзяржаўтаінспекцыі з просьбай прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці супрацоўнікаў ДАІ, якія, паводле яго меркавання, 16 лютага гэтага года парушылі правілы дарожнага руху падчас затрымання актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава.
Члены БХД у той дзень былі затрыманыя ў цэнтры Віцебска, дзе яны стаялі з плакатам «Свабоду!».

Паводле слоў праваабаронцы, 12 красавіка апоўдні Іваноў з'явіўся ў аблвыканкам, дзе ў якасці сведкі затрымання даваў тлумачэнні начальніку міжраённага аддзела ДАІ Віцебска пры УУС Віцебскага аблвыканкама палкоўніку Аляксандру Сцяпанаву. За просьбу прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў ДАІ, якія парушылі, паводле яго меркавання, правілы дарожнага руху, на Іванова быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.6 КоАП (заведама лжывае паведамленне).

«Пасля гэтага Іванова павезлі да суда Першамайскага раёна, але там літаральна на парозе развярнуліся і павезлі назад ва УДАІ аблвыканкама, як ён паведаміў, для складання яшчэ аднаго пратакола, але не ўдакладніў якога», —
сказаў Свецік, дадаўшы, што цяпер сувязі з актывістам няма.
Праваабаронца не выключае, што праваахоўнікі наўмысна чакаюць завяршэння працоўнага дня ў судзе, каб змясціць Іванова за краты да панядзелка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?