Яму было 7 гадоў, калі цягнік прывёз Андрэя з бацькамі з Навасібірска ў Беларусь. Андрэй сталеў у Смаргоні, дзе разам з іншымі дзецьмі падрываў карбід і марыў стаць мастаком. Пайшоў у лялячны тэатр (мастацкай школы ў горадзе не было), але толькі для таго, каб маляваць там дэкарацыі.

Аднойчы, калі Андрэй вучыўся ў пятым класе, у Смаргонь прыехалі «дзіўныя дзядзькі» і забралі хлопца ў Мінск. Так ён трапіў у Парнат (Гімназія-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка), які цалкам змяніў яго жыццё.

«Наша Ніва»: Вы нарадзіліся ў Расіі, але сёння вы чалавек беларускамоўны, як прайшлі гэты шлях?

Андрэй Скіцёў:

Ва ўсім вінаваты Гэнік Лойка. Ён прыходзіў да нас у Парнат, збіраў усіх ахвочых і мы спявалі, нешта рабілі, так і ўцягнуўся. У 11 класе каледжа была талака і мы ўсе разам хадзілі на яе ў Траецкае прадмесце. У 1986 нас там пабілі.
У гэты дзень Аляксей Марачкін са сваімі аднадумцамі рабілі «выставу аднаго дня», планавалася шмат імпрэз. Мянты ведалі, што такое адбудзецца і запрасілі афганцаў, схлусіўшы, што пройдзе сходка фашыстаў з нагоды дня нараджэння Гітлера. Ну і прыйшло чалавек 15 гэтых афганцаў, а нас было 4 хлопцы і 10 дзяўчат. Мне крыўдна за гэтых афганцаў, бо калі гісторыю расказвае Марачкін, то складваецца ўражанне, нібыта гэта натоўп звяроў, хоць гэта далёка не так, пераважна там былі нармальныя людзі. Чаго я не магу сказаць пра мянтоў, якія стаялі паўсюль і нічога не рабілі, хоць бачылі, што дзяцей б’юць.

«НН»: Цяжка быць мастаком у Беларусі?

АС:

Калі ў Беларусі жыць толькі мастацтвам, дык дакладна памрэш з голаду.
Тыя, хто жыве мастацтвам, той прадаецца дзесьці за мяжой. У людзей няма грошай на карціны, а ў каго грошы ёсць, – дык тым карціны і непатрэбныя. Мне адзін знаёмы расказаў дыялог нейкага чалавека з мастаком: «Колькі твая карціна каштуе?» «600 даляраў», – адказвае мастак. «Як карціна можа каштаваць 600, калі я за 400 дыван набываю? Дыван вялікі, а карціна маленькая».

«НН»: А дзе яшчэ працуеце, чым займаецеся?

АС: Я выкладаю ў Інстытуце сучасных ведаў малюнак і жывапіс. Імкнуся данесці сваім студэнтам, што быць беларускім мастаком - гэта крута і ўсе павінны нам зайздросціць. Кнігі вельмі люблю і імкнуся шмат чытаць.

«НН»: Вы асоба непублічная.

АС: Так,

не бачу ў публічнасці нічога добрага
, а тым больш таго, што магло паўплываць на працы. Публічнасць неабходна для таго, каб мець грошы.

«НН»: 4 красавіка ў галерэі «Ў» адкрылася Ваша выстава. У чым яе канцэпцыя?

АС: Мне прапанавалі назву «Сціплая прыгажосць Беларусі» і гэтая назва вельмі адпавядае канцэпцыі. Звычайныя працы, у якіх я паказваю ўласнае бачанне Беларусі. Што бачу, тое і малюю. Без ускладненняў. Па маіх працах бачна, што я жыву ў вёсцы, езджу на працу ў Мінск і працую са студэнтамі. Усе сюжэты былі злоўлены ў дарозе.

Героі прац Скіцёва – звычайныя людзі і падзеі, якія суправаджаюць нашае жыццё. У іх няма гіпербалізацыі вобразаў. Яго працы падобныя да старых фота, якім бракуе колераў, а кампазіцыя нагадвае аматарскі рэпартажны здымак ці выпадковае фота.

«НН»: Вы бачыце Беларусь шэрай і змрочнай?

АС: Часта чую меркаванне, што ў маіх працах усё змрочна. Але я не бачу ў гэтым змрочнасці. Мне некалі спадабалася меркаванне маёй знаёмай, якая сказала, што на маіх працах краіна бачыцца, як зона. Працы выклікаюць пачуццё засцярогі і хвалявання. Але пры гэтым зона зацікаўлівае, хочацца пайсці і зазірнуць за кут. Асноўны мэсэдж, што краіна наша сапраўды цікавая, нягледзячы на колеры.

«НН»: А самі беларусы чаму паўстаюць у такіх няяркіх вобразах?

АС: Ну а вы паглядзіце на людзей. Яны менавіта такія. Для мяне было вельмі цікавым назіраць адрозненні беларусаў ад эмацыйных і гарачых малдаван, якія крычаць, пасылаюць адзін аднаго, а праз пару хвілін абдымаюцца і сябруюць.

Беларусы і крычаць асабліва не могуць. Калі беларус закрычаў, то дакладна заб’е. Проста так мы не крычым.

«НН»: Дзе можна пабачыць створаную Вамі Беларусь, акрамя пэўных выстаў?

АС: Я мала дзе выстаўляюся. У Нацыянальным мастацкім музеі пакуль не выстаўляўся, бо сказалі, што не заслужаны, не народны і не «мёртвы».

«НН»: Ці можна ў нашых рэаліях мастацтва заставацца па-за палітыкай?

АС: У нас усё страшна палітызавана. Што мы можаш пачуць пра мастакоў на радыё «Свабода»? Акрамя, вядома ж, Марачкіна і Пушкіна, якія робяць са свайго мастацтва палітычны пасыл. Нічога не пачуеш. Ты нецікавы, калі не пасядзеў некалькі сутак.

«НН»: А што ўвогуле цікава беларускім мастакам?

АС: Ну вось, напрыклад, праходзіць выстава «1000-годдзе Літвы», і ўсе працы – гэта партрэты дзеячоў мінуўшчыны і выявы руінаў замкаў і касцёлаў. Ну, хлопцы, вы што, гэта нейкі трылабіт пад шклом. Зразумела, што гэта істотна. Прыгожа і класна. Але гэтага ўжо няма. І гэтым мастакам нецікава сучасная Беларусь, ні я, ні ты, ні людзі навокал.

«НН»: Якой Беларусь прадстае у Вашых вачах?

АС:

Беларусь прыгожая краіна, праўда хворая на галаву, трэба яе лячыць.
Я маю на ўвазе галаву кожнага з нас. Шмат хто не паважае краіну і кажа, што ў нас усё кепска, сумна і смешна. Людзі смяюцца з Беларусі. Трэба заканадаўча забараніць казаць пра краіну кепска. Моладзь, пачуўшы слова «беларускае», пачынае рагатаць. Калі вылекуем сваю галаву, тады і культура ачуняе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?