У краіне цюльпанаў адчыняецца першая ў сьвеце клініка, дзе будуць лячыць ад гэтага недамаганьня.

Дактары пераконваюць, што грызеньне пазногцяў — гэта сур’ёзная хвароба, якая прыводзіць да інфэкцыяў, грыбку і заражэньня стрававальных шляхоў, а ў дзяцей і да дэфармацыі сківіцы. На думку д‑ра Алена‑Райманда ван Абэ, заснавальніка клінікі, распаўсюджанасьць гэтай хваробы зьвязаная з паскарэньнем тэмпу жыцьця — людзі не вытрымліваюць кар’ернага спаборніцтва і пастаянных стрэсаў. — Калісьці візыту ў псыхоляга было цалкам дастаткова, аднак лічба пацыентаў з гэтай праблемай расьце з такой хуткасьцю, што мы вырашылі адчыніць для іх клініку — кажа ён.

Клініка знаходзіцца ў г. Фэнло (Venlo), недалёка ад мяжы зь Нямеччынай. Лячыцца ў ёй змогуць пацыенты з усяго сьвету. Кошты лячэньня яшчэ пакуль нявызначаныя, аднак, улічваючы поўную адсутнасьць канкурэнцыі, нізкімі яны, відаць, ня будуць. І хаця клініка адчыніцца толькі празь месяц, жадаючых там лячыцца ўжо багата. У часе лячэньня, якое будзе доўжыцца чатыры тыдні, на пальцы пацыентаў будуць накладвацца спэцыяльныя прыстасаваньні, сканструяваныя ван Абэ, што больш не дазволяць пацыентам дакранацца зубамі да пазногцяў. Апроч таго, прадугледжаныя пастаянныя сустрэчы з псыхолягамі і групавая тэрапія, па некалькі гадзінаў штодзённа. Ван Абэ сьцьвярджае, што лячэньне ягонымі мэтадамі эфэктыўнае на 98 %.

Вольга Данішэвіч, паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0