Беларуская мінуўшчына хавае ў сабе мноства гісторый, ад якіх мурашкі па скуры. Вось некаторыя з іх.

Крывавае забойства князя Жыгімонта

Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч (гл. партрэт) сем гадоў ішоў да вярхоўнай улады. Ішоў па трупах — іначай не бывала ў далёкім XV стагоддзі. Ён перамог у цяжкай грамадзянскай вайне свайго стрыечніка Свідрыгайлу, паставіў на калені магнатаў, заліў крывёй мяцежныя княствы.

Але змаганне за ўладу зрабілі Жыгімонта падазроным. Мы сёння нават сказалі б — паранаідальна падазроным… У кожных вачах ён бачыў здраду, у кожным кубку — атруту, у кожным рукаве — кінжал…
Жыгімонт кідаўся па пакоях Троцкага замка як дзікі звер, катаваў паноў, якіх падазраваў у змове, канфіскоўваў іх маёнткі.

Змова ў такіх абставінах проста не магла не з’явіцца. Князі Чартарыйскія, віленскі ваявода Даўгерд і троцкі ваявода Лялюш вырашылі пазбавіцца ад жорсткага ўладара-вампіра.

Але як яго дастаць у непрыступных Троках, аб якія ламалі сталёвыя зубы крыжакі?

Хітры Чартарыйскі прывёў у замак абоз з трохсот вазоў сена. У кожным возе быў схаваны ўзброены ваяр.

Раззброіўшы ахову, змоўшчыкі кінуліся шукаць Жыгімонта. Ён быў у капліцы, замкнутай зсярэдзіны.
Як змусіць князя адамкнуць цяжкія дзверы? Пачнеш ламаць — уцячэ падземным ходам, а потым літасці можна не чакаць.
І тут Чартарыйскі пабачыў непадалёк любімага князевага мядзведзя — і «ад яго імя» падрапаўся пазногцямі ў дзверы. Што там былі за пазногці — можна сабе ўявіць, калі Жыгімонт паверыў, што драпаецца сапраўдны мядзведзь і адчыніў.

Змоўшчыкі ўварваліся, доўга пераследавалі яго па капліцы… Урэшце, яны загналі ахвяру ў кут і разбілі князю галаву жалезнымі каміннымі вілкамі. Плямы крыві Жыгімонта на сценах паказвалі і праз многа гадоў пасля забойства.

А вернага слугу, які спрабаваў заступіцца за Жыгімонта, скінулі з высокай замкавай вежы.
Яшчэ доўга ў паветры лунаў яго апошні крык…

Трэба адзначыць, праўда, што

жорсткасць князя Жыгімонта была апісаная ў хроніках, што складаліся «партыяй пераможцаў» пасля яго трагічнага сыходу з пасады і з жыцця.
А самым мірным і рахманым у гэтай дзікай гісторыі выглядае мядзведзь. Нават мухі не пакрыўдзіў.

«Хто каго змог, той таго з’еў»: канібалізм у Крамлі

Людажэрства — паважны занятак герояў фільмаў жахаў.

Але што значыць той варты жалю адзіночка Ганібал Лектар у параўнанні з цэлым літоўска-польскім гарнізонам, што апынуўся без правіянту ў маскоўскім Крамлі? Вось дзе сюжэт!
У 1612 нашы продкі выправіліся ў Маскву, саджаць на вялікакняскі стол каралевіча Уладзіслава Вазу. Аднак — не заладзілася. Кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ захацеў экстрана хрысціць Масковію ў каталіцтва, насельніцтва заўпарцілася, узнялося і — некалькі тысяч шляхціцаў апынуліся абложаныя ў маскоўскім Крамлі.

«Дыярыюш» Мазырскага харужага Язэпа Будзілы дае жахлівую карціну голаду шляхты:

«Трускоўскі, паручнік пяхоты, двух сыноў сваіх з’еў, гайдук адзін таксама сына з’еў, другі — сваю матку;
таварыш таксама адзін слугу з’еў свайго; адным словам, сын бацьку, бацька сыну не даваў літасці; пан для слугі, слуга для пана не быў бяспечны; хто каго ўвогуле змог, той таго з’еў, здаравейшы слабейшага забіў». Знайшло адбітак у Дыярыюшы і вяршэнства права, якое панавала ў нашых продкаў:
«У аддзеле п. Ляніцкага гайдукі з’елі памерлага гайдука; нябожчыкаў сваяк з іншага дзесятку скардзіўся перад ротмістрам, маўляў, яго я меўся першым з’есці, як сваяк,
тыя ж адпіраліся, мы найперш меліся яго з’есці, бо з намі ў адным шыхце і аддзеле быў.
Ротмістр не ведаў, які вынесці дэкрэт, баючыся, каб нейкі з бакоў, пакрыўджаны дэкрэтам, самога б суддзю не з’еў…»

І ўсё гэта — на фоне закурадымленых муроў, пад крык вароніных грамад і грукат аблогі… Праўда, гісторыкі падазраюць, што мог Будзіла перабольшыць, знаходзяць штампавана падобныя апісанні ў іншых успамінах таго часу… Хто ж не любіў, вярнуўшыся з паходу, уразіць жанчын і дворню аповядам пра перажытыя жахі. Кінематограф жа тады яшчэ не вынайшлі.

Хрышчэнне мёртвага бацькі

Папулярны ў фільмах жахаў сюжэт з муміфікаваным трупам, які псіхічна хворыя сваякі захоўваюць дзесьці на гарышчы, таксама меў аналагі ў шматпакутнай гісторыі ВКЛ.

У 1636 годзе княгіня Ганна-Алаіза(на выяве), апошняя з слаўнага роду князёў Астрожскіх, вырашыла перахрысціць свайго бацьку з праваслаўя ў каталіцтва. Яе не спыняла нават тое, што Аляксандр Астрожскі, унук слаўнага гетмана Канстанціна, аўтара аршанскай перамогі, ужо 30 гадоў як… памёр.

Фанатычна рэлігійная жанчына, выхаванка езуітаў, якая ўсё жыццё трымалася аскезы і насіла пад вопраткай калючы драцяны пас, яна не магла трываць тае думкі, што яе бацька памёр «схізматыкам».
Летапіс паведамляе, як у ноч перад Вялікаднем дворня Ганны-Алаізы атачыла праваслаўны Багаяўленскі собор…

«Прывялі святара, хоць не хацеў, каб цэркву адамкнуў… А калі ўвайшлі ў царкву, пабачылі, што саркафаг каштоўна аздоблены, на колькі тысяч, што самі езуіты дзівіліся, стаяў на склепе, дзе князі ляжаць. Саркафаг той раструшчылі, адсоўваючы, і дабіліся да склепу, і знайшлі ў труне толькі косткі, бо ўжо гадоў 34, як памер князь, а труна цынкавая. І панеслі яе ў кляштар.

Там адзін езуіт сеў за труной, прыкрыўся, а другі пытае, а той адказвае ад тых костак. І кажа: „Аляксандру, чаго сюды прыйшоў?“ А той адказвае: „Збавення шукаю“. „А чаму ж раней не шукаў?“. „Бо не знаў, што вера лепшая рымская“. А княжна косткі перамыла, зёлкамі пахучымі пераклала.
Езуіты хрысцілі ў сваю веру косткі і вадою пакрапілі, і ім’я змянілі на Станіслава…»
Гэтая гісторыя «праславіла» Ганну-Алаізу на ўсю Рэч Паспалітую, бо была вынятковай нават ва ўмовах тагачаснай міжканфесійнай барацьбы.

Вядзьмак Максім Знак

Цёмныя магі і вядзьмаркі — і такое траплялася ў Залатым і наступных вяках беларускай гісторыі. Прыкладам можа быць Гарадзенская справа 1691 г., апісаная гісторыкам Уладзімірам Лобачам. «Падставай для яе стала скарга (пратэстацыя) на жыхара маёнтка Коханава Максіма Знака, падданага гарадзенскіх брыгітак, з боку Сымона Юхальскага з жонкай, месцічаў Горадні, уладальнікаў шынка, на «счараванне асоб з дзецьмі вышэйпамянёных і цэлага дому».

Знак адмаўляў віну, прызнаючыся толькі ў знахарскіх здольнасцях: «не разумею нічога больш, як толькі падзьмухаць умею, калі хто на жывот хворы».
Суд прыступае да катаванняў. Падчас першага Знак прызнаецца, што ўчыніў чары на шынок Юхальскага: «плюнуў і кляў тымі словамі, што б як сліна знікла, так і яны (Юхальскія. — У.Л.) каб зніклі», аднак, адчыніць сваіх чараў не можа.
Высвятляецца і матывацыя здзейсненага злачынства — канкурэнцыя ў гандлі! Замоўцай чараў выступіла арандатарка другога шынка Полька Жыдоўка, камерцыйныя справы якой ішлі горай, чым у Юхальскага.

Катаванне працягвалася з мэтай выкрыцця як мага большай колькасці чараўнікоў. …Знак узгадвае і нейкую Буслову з Коханава, якая «ўмее дзецям малым шкодзіць, ад кароў малако адняць, шкодзіць у шынках», а таксама мае здольнасць лётаць; Пацейку з Путрышак, што «перадам і задам ходзіць і галавой круціць» (незвычайныя паводзіны маглі лічыцца прыкметай вядзьмарства); называе Расола з Верцялішак, які, «абышоўшы колам дом» Юхальскага, магічным чынам вызваліў зняволенага там Знака. Не забыў Знак узгадаць і «бабу Пухнову з Капліц», якая рабіла ўзвар з упудніка і лячыла ім людзей.

Знак сведчыў, што Расол з нейкага Банкечча (Bankieczcza) лётае на гару Роспну (Rospne), дзе ёсць слуп. Цалкам магчыма, што размова ішла пра патаемнае паганскае свяцілішча. Прызнанні Знака былі падпісаныя суддзямі, і пра яго далейшы лёс мы не ведаем.

Праўдзіва, што Максім Знак як чалавек, што прызнаў сваю віну ў шкоданосным чарадзействе і сувязі з іншымі чараўнікамі, мусіў быць асуджаны на спаленне…

Замураваная жанчына

Руіны

Гэта ў фільме «Іван Васільевіч мяняе прафесію» смешна: «Замуравалі, дэманы!» А калі б замест Гайдая быў фон Трыер?

Вусцішная легенда пра Белую Панну бытуе ў Гальшанах. Яна распавядае пра будаўніцтва францысканскага кляштара ў Гальшанах. Фундатар Павал Стэфан Сапега прымеркаваў скончыць будаўніцтва на вялікае касцельнае свята. Амаль усё ўжо было гатова. Але ў час агляду будынку адна са сцен нечакана абвалілася. Магнат загадаў тэрмінова аднавіць. Але і ў другі раз сцяна абвалілася.

Будаўнікі вырашылі, што будоўля патрабуе ад іх ахвяры. І аддаць трэба самае дарагое. Дамовіліся, што замуруюць жонку, якая першай прынясе на будоўлю палудзень свайму гаспадару.
Пачуўшы гэта, захваляваўся малады цесля, стаў маліць Бога, каб яго прыгожая жонка забавілася дома і не прынесла яму палудзень першай. Але яго малітвы, відаць, не былі пачуты. Менавіта яе, маладую і прыгожую, замуравалі ў сцяну… Прайшлі стагоддзі, разбурыўся Гальшанскі замак, колькі разоў перабудоўваўся касцёл, а кляштар стаіць нязрушна. Душа маладой жанчыны трымае яго…

І нібыта ў сярэдзіне 1990-х пры рэстаўрацыі кляштара, які захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе з часу пабудовы — пачатку XVII ст.,

у сутарэннях выявілі замураваны ў нішы шкілет. Косткі ляжалі дзіўна.
Ногі — пад сцяною, чэрап — бліжэй да цэнтру пабудовы, рукі раскінутыя крыжам… Быццам некалі чалавек стаяў на каленях і «трымаў» будынак. Шкілет належаў маладой жанчыне. А неўзабаве ад таго самага месца, адкуль забралі парэшткі, праз увесь будынак прайшла расколіна…
З таго часу ў кутняй келлі кляштара, што на першым паверсе, пачаў з’яўляцца прывід Белай Дамы — паўпразрысты сілуэт жанчыны з зачасанымі назад доўгімі валасамі.
Вядома ж, пайшла пагалоска, пра здань напісалі ў газетах. Госці і турысты, якія адважваліся застацца ў былым кляштары нанач, потым распавядалі з жахам, як рухаліся сцены, круцілася столь. На цікаўных навальвалася, прыціскала да ложка нейкая цёмная сіла, чуліся крокі, рыпела падлога.
Здаралася, шукальнікі прыгод страчвалі прытомнасць, а вярталіся да свядомасці ўжо на падлозе — далёка ад ложка.
Узброеныя прыборамі «паляўнічыя на прывідаў» фіксавалі ў будынку моцныя лакальныя электрамагнітныя палі. Выдае на тое, што душа будаўнічай ахвяры помсціць людзям за парушаны спакой…
Што ж, прывіды — магутны козыр у турыстычнай індустрыі.

А Вам, дарагія чытачы, дзе б Вы ні начавалі, хочацца пажадаць пасля чытання гэтага матэрыялу спакойных і прыемных сноў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?